З 1 кастрычніка ва ўсіх польскіх крамах запрацуе новая дэпазітная сістэма (system kaucyjny): пры набыцці напояў за тару давядзецца заплаціць. Беларусам, што жывуць у Польшчы, варта ведаць, як можа будзе вярнуць грошы за ўпакоўку. А беларусам з Беларусі падумаць, чым такая сістэма магла б быць карыснай у нашай краіне. Падрабязнасці ў артыкуле ад «Штодзень».

Ілюстрацыйнае фота. Фота: freepik.com
На дадзены момант у Польшчы аналагічная сістэма дзейнічае толькі адносна шкляной зваротнай тары. У чэку можна пабачыць дадатковы 1 злоты аплаты. Каб яго вярнуць, трэба прынесці бутэльку ў краму той жа сеткі разам з чэкам. Без чэка прымаюць тару толькі асобныя крамы (напрыклад, «Жабкі»), але вернецца ўсяго 5 грошай.
Новая дэпазітная сістэма тычыцца аднаразовых пластыкавых (да 3 літраў) і металічных (да 1 літра) упаковак ад напояў і шкляных зваротных бутэлек тых вытворцаў, што падпісалі дамову з арганізацыяй kaucja.pl (пакуль гэта найбольш буйныя вытворцы). Пад дадзеную сістэму не патрапяць пластыкавыя бутэлькі з малочных прадуктаў, тэтрапакі і іншыя кардонныя вырабы а таксама незваротная шкляная тара.
Кошт дэпазіту складзе 50 грошай (кошт зваротных шкляных бутэлек пакуль застанецца 1 злоты). Калі азначаныя сумы не прастымулююць спажыўцоў вяртаць тару, памер дэпазіту можа быць павялічаны, дапускаюць распрацоўшчыкі.

Фота: freepik.com
ДЗЕ ВЯРНУЦЬ ДЭПАЗІТ?
Гіпермаркеты (больш за 200 м.кв.) будуць абавязаны ўсталяваць адмысловыя апараты. Вярнуць грошы за ўпакоўку можна будзе ў крамах любой гандлёвай сеткі, незалежна ад месца пакупкі. І галоўнае – чэк пры гэтым не спатрэбіцца. Меншыя крамы не маюць абавязку прымаць тару, але стваральнікі дэпазітнай сістэмы будуць праводзіць актыўную працу па заахвочванню іх дабравольна далучацца да ініцыятывы. Аўтаматы тут наўрад ці з’явяцца, хутчэй будзе арганізаваны прыём праз супрацоўнікаў.
ЯК ВЕРНУЦЦА ГРОШЫ?
Аўтамат выдаcць чэк, па якім на касе можна будзе альбо атрымаць грошы, альбо заплаціць менш на гэтую суму.
ЯКУЮ УПАКОЎКУ МОЖНА БУДЗЕ ВЯРНУЦЬ?
Тую, за якую спажывец аплаціць пры набыцці. На этыкетцы будзе спецыяльная пазнака (таму пачынаць збіраць бутэлькі зараз, каб здаць іх у кастрычніку, не мае сэнсу – апарат іх не прыме). Адпаведна, упакоўку трэба прынесці цэлай: не скамечанай і з этыкеткай.
НАВОШТА ГЭТА РОБІЦЦА?
Каб зменшыць колькасць адходаў. Запланавана дасягнуць паказчыка рэцыклінгу 77% ужо напрыканцы 2025 года, а ў перспектыве (да 2029 года) – 90%.

Апарат па прыёме тары ў Гомелі
Праблема колькасці адходаў востра стаіць і ў Беларусі. Яшчэ ў 2019 годзе БелТА паведамляла, што праект Указа аб увядзенні дэпазітнай (залогавай) сістэмы абыходжання з спажывецкай упакоўкай распрацаваны, узгоднены з усімі зацікаўленымі і знаходзіцца на разглядзе Урада. Сістэма павінна была пачаць дзейнічаць на працягу двух гадоў з моманту яго падпісання. Але на дадзены момант нічога так і не запрацавала. Апараты па прыёму ўпакоўкі ў Беларусі рэдкасць. Пра першы (і, падобна. Адзіны) такі аўтамат у Гомелі «Штодзень» пісаў раней. На жаль, хатняя сарціроўка смецця (якую робяць далёка не ўсе беларусы) не дае такога ж выніку, што дэпазітная сістэма. Шмат тары, што магла б быць перароблена, па-ранейшаму проста выкідаецца.
Увядзенне дэпазітнай сістэмы – гэта не толькі, і не столькі, пра грошы, але, у першую чаргу, пра адказнасць. Тое, што ў Польшчы стане нормай з 1 кастрычніка, магло б стаць шанцам і для Беларусі зрабіць крок у кірунку свядомага спажывання.