Як расейскія махляры падманваюць беларускіх пенсіянераў

by ZB

Жыхары розных гарадоў Беларусі перыядычна знаходзяць у сваіх паштовых скрынях “ЦелебникЪ”, які распавядае пра цудадзейныя сродкі ад розных хвароб. Старэйшае пакаленне (ды й не толькі яно) ахвотна набывае рэкламаваныя прэпараты, бо калі напісана ў медыцынскай газеце, значыцца, сапраўды дапамагае. Ці варта давяраць надрукаванай інфармацыі – разбіраўся “Штодзень”.

Першае, на што варта звярнуць увагу – гэтыя лісткі НЕ ГАЗЕТА, НЕ МЕДЫЦЫНСКАЕ ВЫДАННЕ, а звычайны рэкламны буклет. Адрозніць вельмі проста: выданне заўсёды мае выпускныя дадзеныя пра выдаўца, рэдкалегію, адрас рэдакцыі, нумар пасведчання аб дзяржрэгістрацыі ў якасці СМІ і г.д. Тут жа ніякіх звестак няма. У чым розніца? Над медыцынскімі выданнямі працуюць адмыслоўцы, якія нясуць адказнасць за кожнае слова. Той, хто друкуе рэкламны буклет, ніякай адказнасці за змест не нясе.

У “Цэлебніку” розныя “спецыялісты” распавядаюць чытачам пра карысць рэкламаваных сродкаў. Штодзень паспрабаваў знайсці ў сеціве інфармацыю пра гэтых “дактароў”, але ні пра аднаго з васьмі ўзгадак няма. Пагадзіцеся, у часы, калі кожная медыцынская ўстанова мае свой сайт, гэта немагчыма. “Савухін Аляксей Аляксеевіч, дацэнт кафедры аховы здароўя”. Але пры якой навучальнай установе знаходзіцца кафедра, не напісана.

Падобна, што гэтых “спецыялістаў” наўпрост не існуе. Як і пенсіянераў, якія на старонках “Цэлебніка” распавядаюць аб пазбаўленні ад хваробы з дапамогай цудадзейных сродкаў.

Звярніце ўвагу на месцы продажу. Часцей за ўсё гэта не офісы, якія трэба арэндаваць афіцыйна, па дагавору, а гастранамічныя лакацыі (зарэзерваваць залю пад мерапрыемства ў рэстарацыі можа кожны, нават без пашпарта). Таму цалкам верагодна, што прадавец не з’яўляецца нават юрыдычнай асобай. Тое, што сумнеўнай рэпутацыі прадаўцоў пускаюць да сябе кавярня “Пяты кут” і рэстаран “Рэчыцкі”, не здзіўляе – яны фактычна не працуюць і рады любым грашам. Але куды глядзяць супрацоўнікі музея ў Асіповічах і кінатэатра ў Рагачове?

Спробы адшукаць рэкламаваныя прэпараты на tabletka.by і apteka.103.by не далі вынікаў.

Чаму пігулак і элексіраў, якія так нахвальваюць расійскія пенсіянеры, няма ў продажы? Мо гэта расійскія навінкі, якія беларускія правізары не паспелі закупіць? Але расійскія сайты па пошуку лекаў у аптэках іх таксама не ведаюць. Як і Адзіны рэестр выдадзеных сертыфікатаў адпаведнасці.

Дык ці існуюць такія лекі? Пакупнік аддасць грошы, а за гэта не толькі не пазбавіцца праблем са здароўем, але й, магчыма, займее новыя – ужываць сродкі незразумелых паходжання і складнікаў небяспечна.

Такім чынам, можна зрабіць вынік, што “ЦелебникЪ” – не газета, а буклет для рэкламы сродкаў, што не з’яўляюцца ні лекамі, ні нават біялагічна актыўнымі дабаўкамі. Не набывайце неправераныя сродкі і навучыце старэйшае пакаленне крытычна ацэньваць інфармацыю.

Нагадваем, што ў адукацыйных мэтах можна чытаць сапраўдную медыцынскую літаратуру ці глядзець влогі аўтарытэтных лекараў. Але вырашаць, якія лекі варта ўжываць, заўсёды павінен доктар.

Дзякуем чытачам за прадастаўленыя фотаздымкі. Пра ўсё, што вас цікавіць і турбуе, пішыце ў наш чат-бот у телеграм @Sztodzien_bot

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png