Як каланіяльная архітэктурная спадчына стала візітоўкай Гомельшчыны

Гісторык Раман Абуховіч разважае пра значэнне і каштоўнасць капліц у псеўдарускім стылі, якія будаваліся на пераломе ХІХ-ХХ вякоў

by ZB

У канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. у Гомелі было ўзведзена чатыры каменныя капліцы ў незадоўга да таго створаным псеўдарускім стылі: княжацкая капліца-пахавальня ў парку, Аляксандраўская капліца на Рынкавай плошчы, капліца на Новікаўскіх сялянскіх могілках і капліца на станцыі Лібава-Роменскай чыгункі. Акрамя Гомеля, падобныя каменныя капліцы ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. былі ўзведзеныя і захаваліся да нашага часу яшчэ ў трох населеных пунктах Гомельскай вобласці.

Тры капліцы захаваліся на старых праваслаўных гарадскіх могілках г. Рагачова, што знаходзіцца на высокім прыгожым беразе Дняпра. Яны ўзведзеныя на мяжы ХІХ – ХХ ст. і пастаўленыя на адной лініі, адлюстроўваючы пэўную архітэктурную задуму.

Першай была ўзведзеная капліца-пахавальня сям’і Грэшнераў, у падземным склепе пад якой былі пахаваныя сем прадстаўнікоў гэтай сям’і.

Каплічка ўзведзеная ў традыцыйным для падобных збудаванняў псеўдарускім стылі. Яна непашкоджанай перажыла Другую сусветную вайну, а ўсе разбурэнні, у тым ліку рабаванне пахаванняў пад ёй, адбыліся ўжо ў пасляваенныя часы. Квадратная ў плане каплічка мае з усходняга боку паўкруглую апсіду, у якой, да рабавання ў 1950-1960-х гг., знаходзіўся невялікі ківот. Першапачаткова капліца мела высокі драўляны шатровы дах, верх якога ўвенчваўся невялікай глаўкай-цыбулінкай, але да нашага часу яны не захаваліся. Існуючы тэхнічны дах быў зроблены ў апошнія гады, каб прадухіліць далейшае разбурэнне капліцы.

Побач з капліцай Грэшнераў была ўзведзена капліца сям’і Іолшыных. Гэта адбылося, мяркуючы па ўсім, яшчэ напрыканцы 1890-х гг., бо ў ёй быў пахаваны рэчыцкі маршалак Васіль Іолшын, які памёр у 1898 г. і ягоная жонка. Як і папярэдняя капліца, гэтая таксама была ўзведзена ў цагляным варыянце псеўдарускага стыля, квадратная ў плане і вянчаецца шатровым дахам з цыбулінкай і крыжам.

У 1912 г. была пабудавана капліца сям’і Вяржэйскіх, калі пасля доўгай хваробы памерла жонка падпалкоўніка Дзмітрыя Вяржэйскага. У пасляваенны час капліца выкарыстоўвалася як гарадскі морг, пазней была аддадзена каталікам для набажэнстваў, што ўсё разам у значнай меры дапамагло яе захаванню, у першую чаргу пакрытаму бляхай шатроваму даху з глаўкай-цыбулінкай з крыжам. У адрозненне ад двух папярэдніх капліц, гэтая выканана больш сціпла, без шматлікіх цагляных дэкаратыўных элементаў, яе стрыманае аздабленне адносіцца хутчэй да стылю неакласіцызма, які шырока распаўсюдзіўся ў асяроддзі афіцыйных колаў Расейскай імперыі ў перыяд паміж дзвюма рэвалюцыямі 1905-1907 і 1917 гг. У адрозненне ад капліцы Грэшнераў, усходняя сцяна капліцы Вяржэйскіх не мае апсіды, на ёй змешчаны вялікі чатырохканцовы крыж.

Усе тры рагачоўскія капліцы сёння ўключаныя ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны і афіцыйна ахоўваюцца дзяржавай.

Яшчэ адна капліца ў псеўдарускім стылі захавалася ў г. Петрыкаве.

На жаль, пра яе амаль няма інфармацыі. Вядома толькі, што яна стаяла каля Уваскрасенскай царквы, якая была пабудаваная ў 1846 г. У 1929 г. царкву зачынілі і зрабілі ў ёй клуб. Храм перажыў вайну і быў узарваны ў 1957 г. у час чарговага этапу хрушчоўскага змагання з рэлігіяй, уцалела толькі адна каменная капліца. Яна цяпер сіратліва і трохі недарэчна туліцца перад тыпавым будынкам безэмацыйнай функцыянальнай савецкай архітэктуры, у якім сёння знаходзіцца Петрыкаўская спецыялізаваная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы. Петрыкаўская каплічка была ўзведзеная недзе на мяжы ХІХ – ХХ ст. і тыповая ў сваёй псеўдарускай архітэктуры: квадратная ў плане з вянцом арачных какошнікаў і ўвенчаная высокім шатром з глаўкай-цыбулінкай. Відавочна, што цыбулінка з крыжам былі адноўлены ўжо ў часы незалежнасці, у савецкія часы іх не існавала.

Найменш вядомай сярод аматараў краязнаўства Гомельшчыны з’яўляецца капліца ў вёсцы Скрыгалаў Мазырскага раёна. Сярод усіх пералічаных капліц Гомельскай вобласці гэтая адзіная мела рэальныя гістарычныя падзеі звязаныя з той мясцовасцю, дзе яна была пастаўлена.

У выніку разарэння мангола-татарамі Кіеўскай Русі ў сярэдзіне ХІІІ ст. на яе землях у канцы XV ст. сфармавалася два асобных праваслаўных цэнтры – Масква і Вільня, кожны з якіх лічыў сябе правапераемнікам Кіеўскай мітрапоміі. Кіеў знаходзіўся ў складзе ВКЛ, але рэальна за некалькі стагоддзяў так і не адышоў ад мангольскай навалы і нават у XV ст. увесь час падвяргаўся нападам крымскіх татар.

У весну 1497 г. праваслаўны кіеўскі мітрапаліт Макарый выправіўся з Вільні, дзе ў той час знаходзіўся цэнтр Літоўскай праваслаўнай мітраполіі, у Кіеў для вырашэння розных царкоўных спраў. У час дарогі ён дабраўся да вёскі Скрыгалаў, якая як раз у гэты ж час, 7 мая 1497 г. падверглася нападу крымскіх татар. Мітрапаліт быў схоплены ў палон, яму адсеклі ступню і галаву, а само цела на плыце адправілі ўніз па Прыпяці.

Такая пакутніцкая смерць праваслаўнага мітрапаліта стала адной з прычын яго ўшанавання. У 1794 г. яго далучылі да ліку свяшчэннапакутнікаў, у 1897 г., у дату 400-годдзя гвалтоўнай смерці Макарыя Кіеўскага, на месцы яго забойства ва ўрочышчы Падселіца на ўскрайку Скрыгалава быў пастаўлены цагляны абеліск, а ў самім мястэчку збудаваная каменная капліца, узведзеная па традыцыях афіцыйнай праваслаўнай архітэктуры таго часу ў псеўдарускім стылі (ФОТА 7, 8).

Стэла і капліца нейкім цудам перажылі савецкія часы, хоць і не без страт. Яшчэ ў канцы 1990-х гг. капліца стаяла без вокнаў, дзвярэй і даху, захаваліся толькі адныя голыя сцены. Гадоў 15 таму яе прывялі да ладу – расчысцілі, аднавілі шатровы дах, паставілі вокны і дзверы.

Усе пералічаныя каменныя капліцы Гомельшчыны ў свой час былі вельмі прыгожымі, нават выкшталцонымі пабудовамі, якія сталі заўважнымі ўпрыгожваннямі сваіх горадоў і мястэчак. Такім жа працягваюць быць і цяпер, у ХХІ стагоддзі. Адначасова яны былі і своеасаблівым правадніком навязваемых звонку імперскіх мастацкіх густаў, так бы мовіць, архітэктурным каланізатарскім маркерам. Але за больш чым сто гадоў існавання некаторыя з гэтых помнікаў сталі арганічнай і неад’емнай часткай сваіх паселішчаў, без якіх зараз цяжка ўявіць іх культурна-гістарычны краявід, іншыя зніклі без сляда.

У адным з апошніх інтэрв’ю на канале “Жыццё-маліна” Мікіта Мелказёраў размаўляў з дырэктарам Інстытута ВКЛ і доктарам гістарычных навук Русцісам Камунтавічусам (г. Каўнас). Гэта сучасны літоўскі гісторык, які вельмі прыязна ставіцца да Беларусі (рэдкі выпадак сярод сучасных літоўскіх гісторыкаў). Рэспандэнт, сярод іншага, распавёў, што яго вельмі здзівіла і ўразіла ў сучаснай Беларусі здольнасць беларусаў і ўсёй афіцыйнай беларускай дзяржавы адначасова адбудоўваць і прапагандаваць ідэалагічна супрацьлеглыя рэчы – савецкую спадчыну на прыкладзе Музея Вялікай айчыннай вайны і Нясвіжскі ды іншыя замкі, якія па сваім культуралагічным значэнні для яго, літоўскага гісторыка, з’яўляюцца абсалютнымі ўзаемавыключэннямі: “Альбо ганарыцеся савецкай таталітарнай спадчынай, альбо спадчынай ВКЛ і Рэчы Паспалітай, але як можна адначасова ганарыцца і тым, і іншым?”

Прыклад праваслаўных капліц Гомельшчыны, спрэс узведзеных у псеўдарускім стылі расейскага імперскага афіцыёза канца ХІХ – пачатку ХХ ст., дае адказ на гэтае пытанне. Гэта ў сучаснай Літве, дзе, нягледзячы на ўсе перыпетыі ХХ стагоддзя, да нашага часу захавалася вялізная колькасць старажытных помнікаў, літоўскія гісторыкі могуць выбіраць, якія з захаваных сведчанняў складанага мінулага для іх ідэалагічна “свае”, а якія “няправільныя”. У сучаснай Беларусі, асабліва на Гомельшчыне, гісторыка-культурны ландшафт якой нагадвае Хірасіму і Нагасакі пасля падзення савецкай культурна-ідэалагічнай атамнай бомбы, любы помнік мінулага, нават кімсьці сёння ўспрымаемы як ідэалагічна “няправільны”, звычайна з’яўляецца самым яскравым, а часам і адзіным фізічным сведчаннем увогуле існавання тут хоць нейкай гісторыі ранейшай за 1945 год. Таму для менталітэту беларусаў, калі яны сапраўды, а не імітацыйна, задумваюцца над захаваннем сведчанняў свайго гістарычнага мінулага, няма розніцы паміж захаваннем памяці пра Другую сусветную вайну, дзе загінула ад ¼ да ⅓ насельніцтва краіны, і памяццю пра слынных землякоў часоў Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Бо гэта ўсё разам і ўтварае нашу рэальную складаную, супярэчлівую, але праўдзівую гісторыю, а не падчышчаную і падпраўленую, але поўную хлусні і табуіраваных тэм “правільную” ідэалогію асобных палітычных груп, якую яны падаюць у якасці “гісторыі”.

 

Штодзень

Аўтар: Раман Абуховіч, гісторык

 

 

 

 

 

 

 

 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png