Як ідуць справы з рэстаўрацыяй Нараўлянскага палацу

by homieldays

Пра навіны па адбудове важнага гістарычнага аб’екту адсправаздачыўся ў сваім акаўнце сацсеткі Фэйсбук гомельскі мецэнат і выдавец Пятро Кузняцоў.

Фота: старонка Пятро Кузняцова ў фэйсбуку

 

“Калі раптам каму цікава, як ідуць справы на рэстаўрацыі Нараўлянскага палацу Горватаў, распавядаю. Пасля атрымання ўсіх дазволаў будаўнічыя працы мы пачалі. Проста зараз ідуць наступныя працэсы.

1) Вывозіцца будаўнічае смецце, якое замінае доступу тэхнікі да аб’екту і якога там – вялікія горы (хто бачыў, разумее).

2) Замоўленыя і чакаюцца піламатэрыялы для перакрыццяў і даху, якіх не стае.

3) Ідзе працэс замаўлення металу для даху.

4) Амаль скончаны (мяркую, сёння будзе скончаны) працэс зносу (дэмантажу) калонаў, якія былі прыбудаваны за савецкім часам. Тут крыху патлумачу. Гістарычна на 2-м паверсе Палаца была бальная зала, але пры саветах яе, натуральна, прыбралі і сярод яе пабудавалі 4 калоны – якая ж тут ужо потым магла быць бальная зала.

Фота: старонка Пятро Кузняцова ў фэйсбуку

Цяпер паводле праекта, дзеля аднаўлення гістарычнасці памяшкання, яшчэ перад будоўляй даху, мы мусім дэмантаваць гэтыя калены і пабудаваць з балак перакрыцці. Чым непасрэдна і займаемся. Сёння, па хадзе таго, што адбываецца, магу сказаць, што сам працэс пакрыцця Палацу – гэта будзе завяршальная стадыя бягучага будаўнічага сезону, і гэта будзе, натуральна, найбольш заўважная, але далёка не самая складаная і цяжкая праца. Я нядаўна дабудаваў нарэшце ўласны дом і нават з гэтага досведу магу сказаць, што калі ідзе будоўля, калі робіцца ўсе самае галоўнае і цяжкае, вынікі і прагрэс візуальна бачны менш за ўсе. Але ўжо потым, калі зробленыя ўсе асноўныя падрыхтоўчыя працы, назіраць за зменамі становіцца ну надта цікава. Таму не забываем: праект не закінуты і на яго не “забілі”. Працэсы ідуць і будуць ісці. Прынамсі, пакуль я магу гэтым займацца.”

Пятро Кузняцоў заклікае неабыякавых гомельцаў далучыцца да справы аднаўлення важнага для рэгіёна гістарычнага помніка. Прычым дапамагчы можна як “рукамі”, так і фінансавымі сродкамі:

— Калі летам будзе вольны час і жаданне дапамагчы “рукамі” на месцы – вітаем такія парывы. Хутка, думаю, у нас з’явяцца людзі, якія будуць гэты кірунак каардынаваць і тады будзе апублікаваная інфармацыя больш канкрэтная. Ведайце, што аплата нават самага некваліфікаванага падсобнага рабочага – гэта грошы, якія маглі б пайсці на Палац, і Ваш удзел – вялікая дапамога. Вельмі вітаецца і нават чакаецца грашовая дапамога. Апошнія зборы ахвяраванняў былі ўжо гады таму, а дзейнасць, як бачыце, не спыняецца і плаўна перайшла ў актыўную фазу. Толькі ў гэтым годзе трэба пабудаваць ці дабудаваць перакрыцці, парапеты па ўсім перыметры, кроквенную сістэму і сам дах. Гэта ўсё – матэрыялы, працоўная сіла, аплата тэхнікі і шмат чаго яшчэ. Давайце памятаць, што гэта ўсё – нашая агульная справа, а станоўчы вынік, калі мы яго дасягнём, урэшце падразумявае публічную прастору, а не прыватнае домаўладанне.

Зрабіць ахвяраванні можна праз ЕРЫП.

Фота: старонка Пятро Кузняцова ў фэйсбуку

У пераліку паслуг трэба перайсці ў раздзел “Сервис E-POS/ E-POS – оплата товаров и услуг”.

У полі “Номер лицевого счета” ўвесьці: 19156-1-1 і націснуць “Працягнуць”.

“Па ўмаўчанні там забітая лічба “50 рублёў”, калі нехта хоча пералічыць больш, ці менш, то суму можна выпраўляць. Аплаціць можна праз любы банкінг, альбо нават праз тэрмінал на любой пошце.” — Нагадаў Пятро Кузняцоў.

Даведка. У 2020 годзе Пятро Кузняцоў разам з Аляксандрам Баранавым і пісьменнікам Андрусём Горватам (аўтарам кніг “Радзіва “Прудок” і “Прэм’ера”) набылі закінуты палац Горватаў у Нароўлі. Цяпер яны аднаўляюць будынак. “Штодзень” публікаваў успаміны былых уласнікаў сядзібы, якія можна пачытаць тут:  Нароўля і палац Горватаў: запісаныя ўспаміны – Homeldays

Штодзень

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png