Як гомельцы спрычыніліся да адбудовы каралеўскага замка ў Кракаве

by ZB

“Кожны раз, калі я бываю ў новым горадзе, мяне заўжды цікавіць, а што гэты горад мае агульнага з маім Гомелем”, — задаецца пытаннем у блогу “Мова Гомель” гісторык Яўген Малікаў. 

Лагічна, што чым далей ад Беларусі, тым менш гэтых гістарычных сувязяў можна знайсці – кожны беларускі ці ўкраінскі горад мае нашмат больш агульнага з Гомелем, чым любы еўрапейскі. І тым цікавей і прыемней знайсці такую повязь людзей, падзей і часоў у чарговым еўрапейскім горадзе.

Сэрца Кракава і ўсёй Польшчы – старажытны каралеўскі замак на гары Вавель, былая рэзідэнцыя каралёў польскіх, а з 1385 года і шмат каго з вялікіх князёў літоўскіх па сумяшчальніцтве. На галоўным уваходзе ў гэты замак, каля Гербавай брамы, кожнага наведніка сустракае вялізная конная статуя Тадэвуша Касцюшкі. Усім вядомы герой, які вельмі цесна павязаны з нашай краінай. Але ў дадзеным выпадку нас больш цікавіць не помнік нашаму земляку, а дарога, якая да яго вядзе ад горада. Шлях да брамы, помніка і ўвогуле на Вавель ідзе ўздоўж каменнай абарончай сцяны з чырвонай цэглы, на якой у шахматным парадку размешчаны белыя мармуровыя шыльды. Гэта так званыя “wawielskie cegiełki” (“вавельске цэгелкі”) – вавельскія цаглінкі, памятныя шыльдачкі, якімі адзначаны ахвяраванні грамадзян, арганізацый ці ўстаноў на аднаўленне Вавельскага замку ў перыяд міжваеннай Польскай рэспублікі 1921-1936 гг.

Пасля аднаўлення і абароны незалежнасці Польшчы ў 1918-1920 гг. паўстала пытанне аб рэстаўрацыі занядбанага каралеўскага замку на Вавелі ў Кракаве, але грошай на гэта ў маладой дзяржавы не было, таму фінансаванне шукалі рознымі шляхамі, у тым ліку і праз ахвяраванні. Кіраўнік рэстаўрацыі, польскі архітэктар і прафесар Ягелонскага ўніверсітэта Адольф Шышка-Богуш прапанаваў кожнаму, хто ахвяруе на аднаўленне Вавелю 30 марак (сума аплаты рэстаўрацыйных прац на Вавелі за адзін дзень) усталяваць у замку памятную шыльду (“цаглінку”) з імем ахвярадаўцы. І працэс пайшоў.

Увогуле было выраблена 6329 такіх шыльдачак, але, па розных прычынах, не ўсе яны захаваліся да нашага часу. Зараз у сцяне знаходзіцца 788 такіх памятных шыльд.

Сярод ахвярадаўцаў на аднаўленне Вавеля шмат розных людзей, як з тэрыторыі гарадоў самой міжваеннай Польшчы, так і з польскіх дыяспар у іншых краінах (напрыклад, з Аўстрыі, Румыніі, ЗША, Бразіліі). Сярод ахвярадаўцаў на аднаўленне Вавеля шмат і прадстаўнікоў з Заходняй Беларусі – 10-ы чыгуначны батальён з Лунінца і стараста лунінецкі Ян Крагельскі, больш за дзясятак ахвярадаўцаў з Гродна – у першую чаргу розныя вайсковыя фармаванні (напрыклад, 3-і пяхотны полк, што базіраваўся ў гэтым горадзе), але таксама і заможныя грамадзяне – напрыклад, сям’я Эдварда і Камілы Мараўскіх, прафесар Юзаф Бжэзіньскі, магістрат горада Гродна і іншыя. Ёсць таксама ахвярадаўцы з Брэста над Бугам, Ваўкавыску, Вільні, Навагрудка, Слоніма, Ліды і іншых заходнебеларускіх гарадоў. Ёсць нават памятная шыльда ад Дэлегацыі Польскай Змешанай Камісіі Памежнай на Усходзе ў Мінску Літоўскім.

Але якім жа было маё здзіўленне, калі сярод гэтых “цаглінак” знайшлася адна з Гомеля! Шыльдачка за нумарам 75 і датаваная 1921 г. змяшчае надпіс: “Monika i Jakób Szykierowie [z] dziećmi Janką i Walusiem. HOMEL”. У перакладзе гэта будзе “Моніка і Якуб Шыкер [з] дзецьмі Янкам і Валюсем. ГОМЕЛЬ” імёны дзяцей – (Ян і Валенты).

Няхай чытача не засмучае напісанне назвы нашага горада праз “h” (Homel), а не праз звычную нам зараз літару “g” (Gomel) – гістарычна правільна будзе пісаць назву нашага горада менавіта як “Homel”, бо менавіта так было прынята пісаць лацінскімі літарамі назву нашага горада ў гістарычных крыніцах пачынаючы ад часоў князя Вітаўта (1401 г.) і ажно да першай сусветнай вайны (1918 г.). Згодна і з сучаснымі міжнароднымі правіламі транскрыпцыі, зацверджанымі ЮНЕСКА, геаграфічныя назвы перадаюцца лацінскімі літарамі зыходзячы з таго варыянта гучання, які прыняты ў мясцовай нацыянальнай(!) мове, у нашым выпадку – беларускай. Таму літара “h” адпавядае фрыкатыўнаму беларускаму “г”, у той час як літара “g” адпавядае выбухному гуку “ґ”, уласціваму расейскай мове. Адпаведна, варыянт “Gomel” з’яўляецца вынікам транскрыпцыі назвы “Гомель” не з беларускай, а з расейскай мовы, што супярэчыць як гістарычным традыцыям нашага горада, так і прынятым у сучасным свеце міжнародным правілам транскрыбіравання.

На жаль, цяпер цяжка сказаць нешта больш падрабязнае пра гэтую гомельскую сям’ю Шыкер, якая ў цяжкія часы пасляваеннага аднаўлення не толькі ахвяравала грошы на аднаўлення Вавеля, але яшчэ і зафіксавала ў памятнай шыльдзе сваю глыбокую любоў да горада Гомеля. Відавочна, што гэта была каталіцкая сям’я (бачна па імёнах), заможная і з глыбокай польскай нацыянальнай самасвядомасцю (інакш бы не ахвяравалі), якая нейкім чынам была моцна звязана з Гомелем, але ў 1921 г. ўжо ў ім не жыла (хутчэй за ўсё, жылі ў Польшчы). Будзем спадзявацца, што далейшыя даследаванні гістарычных крыніц дадуць нам больш інфармацыі пра гэтых людзей і іх лёс.

Кожны дзень тысячы наведвальнікаў падымаюцца на Вавель па дарозе ўздоўж сцяны з “вавельскімі цаглінкамі”. І кожны раз на іх глядзіць не проста чарговая шыльдачка ахвярадаўцы з назвай нашага горада, але помнік, які фактычна зафіксаваў шчырую і глыбокую любоў да Гомеля людзей, якія ў сілу трагічных падзей пачатку ХХ ст. былі вымушаны назаўжды пакінуць яго. Хочацца верыць, што цяпер кожны раз, як турысты-гомельцы будуць падымаюцца на Вавель, яны з цікаўнасцю будуць шукаць не толькі “гомельскую” шыльду на старажытнай сцяне каралеўскага замка, але і з павагай разумець і памятаць тую любоў да нашага горада, якую зафіксавала ў ёй сям’я Монікі і Якуба Шыкер з дзецьмі Янкам і Валюсем.

Штодзень

Яўген Малікаў, гісторык, кандыдат мастацтвазнаўства.

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png