Як дыялог пераўтварыўся ў маналог: на Гомельшчыне закрылі чаты для скаргаў уладам

by ZB

Карыстальнікаў накіроўваюць у тэлеграм-боты. Такім чынам, чыноўнікі спрабуюць замаўчаць рэгіянальныя праблемы.

ілюстрацыйнае фота

 

Што за чаты

Як пісаў «Штодзень», з 2021 года толькі ў Гомелі былі створаныя больш за 120 прапагандысцкіх тэлеграм-каналаў і медыяў. Найхутчэй, падобная сітуацыя ва ўсіх раёнах вобласці.

Хіба на хвалі спробы перахапіць і своечасова гасіць народнае незадавальненне ў той жа час з’явілася і сетка т.зв. чатаў «Дыялог з уладай». У шмат якіх раённых гарадах Гомельскай вобласці быў свой чат, называліся яны па-рознаму, але мелі аднолькавы сэнс. Карыстальнікі маглі там звярнуць увагу на нейкую рэгіянальную праблему, а чыноўнікі аператыўна адрэагаваць на яе, патлумачыўшы сітуацыю і перспектывы.

Можна разважаць пра тое, што гэтыя чаты з’явіліся як супрацьдзеянне з’яўленню новага палітыка ўзроўню Сяргея Ціханоўскага, які ў 2020 года атрымаў вялізную падтрымку падчас паездак па рэгіёнах і выслухоўвання мясцовых жыхароў з іх праблемамі.

Улады ў Беларусі за доўгія дзесяцігоддзі вывучылі, як душыць палітычную апазіцыю, але ніколі не ведалі, што рабіць з эканамічнымі ці сацыяльнымі пратэстамі. Таму яны паспрабавалі «вывучыць урок» і стаць бліжэй да патэнцыйнага электарату.


Як развівалася сітуацыя

 

За гэтыя тры гады ў шмат якіх гарадах гэтыя чаты сталі даволі папулярнымі. Прычым, нельга сказаць, што на мясцовыя ўлады толькі сварыліся. Былі і аргументы ў іх падтрымку, а таксама падзякі за рэакцыю на скаргі.

Але, аказалася, што гэтага мала. Справа ў тым, што чаты і ў «Вайберы», і ў «Тэлеграме» былі абсалютна публічнымі. І вось гэта, відавочна, муляла. Як можна, каб нехта даведаўся пра тое, што шмат якія лакальныя праблемы сталі хранічным, і мясцовыя ўлады не маюць магчымасці для іх вырашэння? Да таго ж, было бачна, як нерваваліся чыноўнікі, калі даводзілася тлумачыцца за сваю маруднасць, безадказнасць і фармалізм.

У выніку абсалютна ва ўсіх чатах былога «дыялогу з уладамі» з’явіліся паведамленні пра тое, што з вызначанага дня ў чэрвені (апошні з вядомых у Рагачове закрыўся днямі) яны пераходзяць у рэжым інфармавання (нельга будзе пісаць каментары), а ўсе скаргі прапануюць дасылаць у чат-боты (абсалютна непублічныя).

Тлумачэнні для чытачоў – розныя. Напрыклад, фактычна спасылаюцца на састарэласць вайбера і сучаснасць тэлеграма, пішуць пра зручнасць і клопат пра чытачоў.

Ёсць і іншыя цікавыя акалічнасці працы гэтага бота. Яго называюць «афіцыйным каналам сувязі з грамадскасці з уладамі», абяцаюць, што паспрабуюць разабрацца з сітуацыяй. Пасля аўтары паведамлення кажуць пра адказнасць за абразы, паклёп і дыскрэдытацыю.

Ну добра, паведамілі пра свае страхі і запужалі, але апошняя частка паведамлення ўвогуле выключае неабходнасць рэакцыі на паведамленні: «Дзейнасць чат бота… не падпадае пад дзеянне Закона Рэспублікі Беларусь ад 18.07.2011 г. “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”». Менавіта гэты дакумент абавязвае чыноўнікаў рэагаваць на звароты, усталёўвае для гэтага тэрміны і працэдуру абскарджання.

Пра гэта ж, але больш мякка кажуць у Брагіне: «Будзем удзячныя кожнаму, хто па-ранейшаму будзе прытрымлівацца правілаў добрага тону і нагадваем аб тым, што якасць і хуткасць адказу заўсёды залежыць ад правільнасці зададзенага пытання». Незадаволеным неабходнасцю пераходзіць у «Тэлеграм» пісалі: «Не трэба перажываць, проста паспрабуйце».

 

Пра што пісалі ў чатах

 

Часткова гісторыю скаргаў пачысцілі, паступова чат пераўтвараецца ў філіял афіцыйных каналаў. Але можна вывучыць, пра што пісалі раней мясцовыя жыхары, акрамя таго, некаторыя з паведамленняў сталі падставамі для навінаў у незалежных СМІ.

Жыхарка Жлобіна Ксенія пісала 19 чэрвеня: «Па вул. Казлова… не зробленая дзіцячая пляцоўка да гэтага часу. Трэці тыдзень пайшоў, зрухаў ніякіх. Уладкуйце дзіцячую пляцоўку, дзецям няма дзе гуляць. Жывуць маладыя сем’і з дзецьмі. Раней тут была, арэля, круцёлка. А цяпер адны металічныя трубы».

Жыхар Лоева пісаў 10 чэрвеня: «Гарадскі пляж да цяперашняга моманту КЖУП Лоеўскім райжылкамгасам не абсталяваны – прыміце меры!!! Сезон дзіцячых лагераў пачаўся, а элементарна няма дзе пераапрануцца і схадзіць у прыбіральню дзецям і тым, хто адпачывае! (Грыбкі, лаўкі, туалет, урны для смецця)».

Жыхары горада паведамлялі пра ваду, якая ў некаторых месцах цякла з красавіка і звароты камунальнікам не давалі эфекту.

«Мясцовы жыхар» з Буда-Кашалёва скардзіўся на мову абвесткі (зварот у чаце быў па-беларуску): «Адкажыце, калі ласка, як гэта ў Вас так атрымліваецца? Назву акцыі пішаце на беларускай мове, А ўсё астатняе на (русском языке). Я так разумею, калі пішыце на адной мове так пішыце і астатняе паведамленне на адной мове. А то гэта нейкі сюр».

Чыноўніца Ганна Уладзіміраўна спаслалася на «дзве дзяржаўныя мовы», у сваю чаргу жыхар адзначыў: «Добрай раніцы. То што ў нас дзве дзяржаўнай мовы гэта і так вядома і гэта не навіна, а то як напісана аб’ява то завецца – трасянка».

Анастасія Эшмутаратава з Буда-Кашалёва скардзілася на адсутнасць асфальту на вуліцы каля дзіцячага садка. За адказам яе накіравалі ў новаствораны бот, але не змаглі адказаць, праз колькі ёй там чакаць адказу.

Дзяніс з Рагачова скардзіўся на абсталяванне дзіцячай зоны на пляжы каля возера Камарына. Агароджа там створаная з сеткі і палак на невялікай тэрыторыі. Жыхары скардзіліся праз канал «Народны кантроль Рагачова» на тэрміны адключэння гарачай вады (камунальнікі не справіліся за месяц).

«Дублін, вул. Новая, другія суткі проста непрыдатная для выкарыстання вада, варта смурод такі, што і апісаць складана. Такая праблема не ў адным доме. Куды звяртацца пакуль на мясцовым узроўні? Водаканал адказ даць не можа, што стала прычынай», – пісала 18 чэрвеня жыхарка Брагіна Наталі.

«Прашу прыняць меры па рамонце моста… побач з возерам Сабалеўскае. Праезнай часткі дарогі засталося на 1.5 метра. не чакайце пакуль хто-небудзь туды ўляціць!» – папярэджвала Алёна Вус.

Людміла з Хойнікаў скардзілася на якасць капітальнага рамонта: «Добры дзень, хацелася даведацца як рабіўся рамонт дома па вул. Першамайская д. 1 пад.3, калі вада да гэтага часу стаіць у пад’ездзе».

У сваю чаргу «Штодзень» пісаў пра скаргі жыхароў Рагачова на адсутнасць хлеба, якасць вады і адсутнасць ацяплення ў маразы.

Цалкам зразумела, чаму рэгіянальныя чаты скаргаў уладам на ўлады закрытыя. Чыноўнікі адышлі ад страхаў 2020 года, ім падаецца, што народнае незадавальненне загнанае далёка пад асфальт і ўжо ніколі іх не знясе па такіх прычынах як адсутнасць вады ці хлеба ў горадзе. Яны гатовыя разбірацца, а, хутчэй, рабіць выгляд, што разбіраюцца з мясцовымі праблемамі ў цішыні ўладных кабінетаў. Яны не бачаць больш неабходнасць дэманстраваць блізкасць да народа і гатоўнасць рэагаваць на яго праблемы.

Але ў гэтым жаданні замаўчаць праблему яны не разумеюць, наколькі размовы пад іх кантролем былі карыснымі і зручнымі. Цалкам верагодна, што знікненне гэтай магчымасці пад кантролем улады прывядзе да з’яўлення новай незалежнай сеткі рэгіянальных чатаў для абмеркавання сацыяльных праблемаў. І кантраляваць такую сетку будзе куды ўжо цяжэй, як і спрабаваць упэўніць іх удзельнікаў у карысці існавання мясцовых уладаў.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png