Нядаўна ўлады Гомельшчыны агучылі афіцыйныя лічбы 2023 года. І калі ім верыць, то ў цяперашні момант у сацыяльна небяспечным становішчы ў Гомельскай вобласці знаходзяцца 1700 непаўналетніх.
Нас здзівіла тое, што яшчэ некалькі гадоў таму, а менавіта ў 2018 годзе, гэтая лічба складала 4 689 дзяцей. Атрымліваецца, што за 4 гады лічба скарацілася ледзьве не ў тры разы.
І гэта пры тым, што ў тым жа 2018 годзе чыноўнікі ганарыліся тым, што за апошнія 10 гадоў колькасць дзяцей, якія стаяць на ўліку ў СНС, скарацілася на 32%.
Няўжо праца міліцыі і сацслужбаў за апошнія некалькі гадоў настолькі прасунулася і была такой эфектыўнай, што за такі кароткі тэрмін удалося так палепшыць становішча непаўналетніх?
Аказваецца, у 2022 годзе больш за 22 тыс.дзяцей былі знятыя з уліку змешчаных у сацыяльна небяспечным становішчы. Пра гэта паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Алена Сімакова. Па словах спецыялісткі, нібыта “прасочваецца станоўчая дынаміка ў працы па ліквідацыі неспрыяльнай для дзяцей, прызнаных якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, абстаноўкі ў сем’ях”.
Пры гэтым у тым жа 2022 годзе, па словах той жа Сімаковай, прызнанымі ў сацыяльна небяспечным становішчы былі 23 706 дзяцей па ўсёй краіне. Мы не можам сцвярджаць, але ўсё вельмі падобна на тое, што для паляпшэння статыстыкі проста ўзялі і штучна скарацілі колькасць сопаўцаў – абнулілі мінімум гадавыя лічбы. І нават калі падзяліць заяўленую лічбу ў 23.706 сопаўцаў на колькасць усіх абласцей, то лічба па Гомельшчыне (1700 дзяцей), заяўленая днямі чыноўнікамі, усё роўна гучыць занадта непраўдападобна.