Ілля Міронаў напісаў скаргу ў пракуратуру на супрацоўнікаў міліцыі Савецкага РАУС Гомеля, якія ў сакавіку гэтага года правялі ператрус у ягонай кватэры з парушэннем заканадаўства.
Вярнуўшыся дадому 16 красавіка, валанцёр заспеў сваю кватэру ў абсалютна разгромленым стане: разабраная мэбля, раскіданыя рэчы… Як тады адзначыў Ілля, за час усіх ператрусаў так званыя “прадстаўнікі закона” гэтым разам пераўзышлі саміх сябе. Маму актывіста ў той дзень даставілі у РАУС Савецкага раёна. Гэтыя факты парушэння закона Ілля Міронаў вырашыў не спускаць з рук супрацоўнікам міліцыі Савецкага РАУС, таму напісаў скаргу ў Гомельскую пракуратуру.
Ілля Міронаў адзначыў, што да пачатку правядзення ператрусу не было прад’яўлена пастанова аб яго правядзенні (у выпадку, калі чалавека няма дома, згодна з заканадаўствам, пастанову пад распіску абавязаны прадаставіць паўналетняму члену сям’і – Рэд.).
“Маёй маці, прысутнай у кватэры падчас ператрусу, пастанова прад’яўлена не была. Такім чынам, можна зрабіць выснову аб парушэнні следчым парадку правядзення ператрусу, – піша Ілля Міронаў у сваёй скарзе. – А калі пастановы прад’яўлена не было, падставы правядзення ператрусу не ясныя. Гэта сведчыць аб парушэнні прынцыпу законнасці”.
Па словах Міронава, не была ўручана паўналетняму члену сям’і і копія пратакола ператрусу. І гэта яшчэ адно грубае парушэнне заканадаўства, пра якое актывіст таксама ўказаў у сваёй скарзе. Але і гэта не ўсё.
“Доказы, атрыманыя з парушэннем парадку, устаноўленага Крымінальна-працэсуальным кодэксам, не маюць юрыдычнай сілы і не могуць быць пакладзены ў аснову абвінавачвання згодна з ч.1 арт. 105 КПК», – указаў гомелец на яшчэ адно парушэнне закона.
Аўтар скаргі акцэнтаваў увагу на тое, што нагляд за выкананнем законаў на ўсіх стадыях крымінальнага працэсу абавязаны ажыццяўляць пракурор. Таксама ён абавязаны прымаць прадугледжаныя законам меры па прадухіленні парушэнняў закона, ад каго б гэтыя парушэнні не сыходзілі.
Нагадаем, толькі за апошнія тыдні Ілля Міронаў адправіў некалькі лістоў у СК з мэтай прыцягнуць да крымінальнай адказнасці прапагандыстаў Рыгора Азаронка і Андрэя Мукавозчыка.