Гамяльчанка Алена Тоцкая была затрыманая ў межах маштабнай акцыі ўладаахоўнікаў у студзені 2024 года. Яе ўзялі пад варту паводле арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне “экстрэмісцкай” дзейнасці). На справе гаворка ідзе пра пераслед за падтрымку палітвязняў і іх сем’яў праз сацыяльны праект прадуктовай дапамогі INeedHelpBy. У дадзены момант Алена Тоцкая знаходзіцца ў жодзінскай следчай турме №8. “Штодзень” сабраў некалькі фактаў пра палітзняволеную.
Да 2013 года працавала чыноўніцай
У 2021 годзе ў інтэрв’ю выданню “Штодзень” Алена Тоцкая распавяла пра тое, як прыйшло ўсведамленне таго, што нешта ў краіне ідзе не так: “Я была раней апалітычным чалавекам. Больш за тое, я працавала на дзяржаўнай службе. І калі гаварылі пра “нячэсныя выбары”, я заўжды адказвала, што такога быць не можа. Я так сапраўды думала, паколькі лічыла, што для таго, каб працаваць чыноўнікам, патрэбныя пэўныя прынцыпы і мараль. Потым здарылася аптымізацыя колькасці дзяржчыноўнікаў у 2013 годзе, у выніку якой скарацілі каля 35% служачых. У лік звольненых трапіла і я. І тады я зразумела, наколькі цяжка знайсці працу ў гэтай краіне…”
У 2014 годзе пайшла незалежнай назіральніцай на выбары
“У 2014 годзе падчас выбараў у мясцовыя саветы я вырашыла праверыць, фальсіфікуюць выбары ў Беларусі ці не. Калі я пайшла незалежным назіральнікам, аказалася, што мая нервовая сістэма да такога не была падрыхтаванай. Я была ў шоку ад таго, наколькі ў нас несумленна праходзяць выбары. Я пісала ў гарвыканкам пра тое, што такія адбываюцца справы, пісала ў пракуратуру, звярталася да Ярмошынай. Але адусюль прыходзілі адпіскі”, – дзялілася ўражаннямі ад “выбараў” гамяльчанка.
Пасля падзей жніўня 2020 года стала валанцёркай
У канцы 2020 года Алена Тоцкая стала наведваць палітычныя суды, каб падтрымліваць людзей, якіх рэпрэсавалі за ўдзел у мірных пратэстах. Вось што яна гаварыла пра сваю матывацыю прысутнасці на судах: “Згодна заканадаўству, кожны мае права выказаць сваю нязгоду мірным шляхам. Для мяне гэта было вельмі несправядліва, калі судзілі людзей за мірныя пратэсты. Я таму і стараюся трапляць на гэтыя суды, каб людзі не заставаліся сам насам з рэпрэсіўнай сістэмай, каб адчувалі падтрымку. У мяне склалася ўражанне, што суды даюць пратэстоўцам па максімуме нібыта адбылося нешта страшнае, хаця нічога страшнага ніхто з людзей не здзяйсняў… ”
Адрас для лістоў:
Следчая турма № 8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А Тоцкая Алена Ігараўна