Як рэалізаваўся беларускі нацыянальны праект у Гомелі

by ZB

Пасля заканчэння сярэдняй школы я выйшаў з дакладным наборам фактаў пра месца Гомеля ў гісторыі Беларусі. Іх усяго дзесяць, таму можна пералічыць:

  • Радзімічы – адно з трох плямён, з якіх утварылася беларуская народнасць, яны жылі на Пасожжы.
  • У ХІ-ХІІІ ст. Гомель уваходзіў у склад Чарнігаўскага княства, а значыцца недзе паміж Гомелем і Рэчыцай Усяслаў Чарадзей мусіў прабягаць воўкам па дарозе з Кіева ў Полацак.
  • Пасля гэтага вялікі літоўскі князь Альгерд уключыў Гомель у склад ВКЛ, праўда, не зразумела было, у каго ён яго забраў?
  • У сярэдзіне XVII ст. украінскія казакі захапілі Гомель і выразалі частку мяшчан, пасля чаго князь Радзівіл адбіў Гомель назад і выразаў казакоў. І так некалькі разоў.
  • У 1772 годзе ў выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай Гомель увайшоў у склад Расейскай імперыі як частка Магілёўскай губерніі. Тады ж у ім быў пабудаваны класіцыстычны палац, а маёнтак Паскевічаў стаў адным з найбуйнейшых на тэрыторыі Беларусі.
  • У 1905 г. рабочыя хваляванні ахапілі таксама і Гомель.
  • Пасля рэвалюцый 1917 г. Гомель увайшоў у склад Савецкай Расеі, а ў 1926 годзе вярнуўся ў БССР.
  • У час індустрыялізацыі 1930-х гг. у Гомелі пабудавалі “Гомсельмаш”.
  • У 1941 годзе Гомель акупавалі немцы, а 26 лістапада 1943 г. горад вызвалілі ад іх.
  • Пасля Другой сусветнай вайны Гомель – найбуйнейшы цэнтр прамысловасці, адукацыі і навукі сучаснай Беларусі, у ім каля 70 школ, 6 універсітэтаў і інстытутаў, буйны вузел чыгуначных, шашэйных і рачных шляхоў. Усё…

Будынак былой мужчынскай гімназіі (сёння гэта стары корпус універсітэта транспарту – “БелДУТа”) з’яўляецца тым месцам, адкуль пачалося ў Гомелі распаўсюджанне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. Фота: VGomele.by

 

Таксама з тых школьных урокаў я вынес глыбокае ўнутранае адчуванне, што ўсё, што мы вывучалі пра станаўленне беларускага народа, яго культуры, мовы і г.д., было недзе там, у Полацку, Менску, Наваградку, Гародні, але дакладна не ў Гомелі (за выключэннем радзімічаў!). І ў прынцыпе, можа быць, гэта можа азначаць, што і да Гомеля гэтыя працэсы ніякага дачынення ўвогуле і не мелі. Беларусь, яна недзе там, а Гомель сам сабе, горды другі горад рэспублікі. Ну, зразумела, што гэта не Расея і не Україна, але ці Беларусь, яшчэ трэба разабрацца.

З іншага боку, мова вясковых бабуль пад самым Гомелем паказвала іх трасянкавую, але бясспрэчна беларускую мову, што неяк падсвядома наводзіла на думкі пра існаванне нейкіх невядомых  фактараў у вызначэнні месца Гомеля ў гісторыі Беларусі і сувязях з ёю ўвогуле. Адчувалася відавочная наяўнасць нечага раней ігнараванага, што нейкімі нябачнымі ніткамі звязвала Гомель з Беларуссю. Гэтая сувязь як бы і ёсць, а як бы яе і няма.

Ключавым момантам сталася пытанне нацыянальнага адраджэння пачатку ХХ ст., разам з Якубам Коласам, Янкам Купалам, абвяшчэннем БНР і іншымі падзеямі, якія, згодна геаграфіі ўзгадванняў у падручніку, адбываліся паміж Менскам і Вільняй. А Гомель што? Хіба тут нікому гэтыя ідэі не былі цікавы і патрэбны? Гэты кагнітыўны дысананс не дазваляў склеіцца свядомасці.

Сітуацыя змянілася недзе ў 2000-х, калі ўсплыло імя дзяячкі беларускага адраджэння пачатку ХХ ст. і БНР Палуты Бадуновай, нашай зямлячкі родам з Навабеліцы. Але ці мала хто адкуль быў родам? Дзе Гомель у БНР ці БНР у Гомелі?

Значна пазней, ужо наведваючы лекцыі Валянціны Міхайлаўны Мятліцкай (Лебедзевай), пачалі адкрывацца і сляды прысутнасці БНР у гісторыі Гомеля, няспешна, але даходліва і грунтоўна.

Беларусь, яна недзе там, а Гомель сам сабе, горды другі горад рэспублікі…

З яе аповедаў вынікала, што ідэя аўтаноміі Беларусі, якую абвясцілі дзеячы Беларускага нацыянальнага камітэта ў Менску ў сакавіку 1917 г., напачатку выклікала непрыманне мясцовых “беларускіх сіл” у Гомелі, якія правялі ў красавіку 1917 г. у памяшканні Упраўлення Палескіх чыгунак свой сход, на якім выказалі пратэст супраць праграмы БелНацКама ў Менску, якую палічылі вельмі радыкальнай. Упраўленне Палескіх чыгунак на той час месцілася на першым паверсе будынка Гомельскай мужчынскай гімназіі (сама гімназія працягвала працаваць на другім паверсе). Так што будынак былой мужчынскай гімназіі (сёння гэта стары корпус універсітэта транспарту – “БелДУТа”) з’яўляецца тым месцам, адкуль пачалося ў Гомелі распаўсюджанне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, у адрозненне ад агульнараспаўсюджанай да таго беларускай этнаграфічнай ідэнтычнасці.

Гісторык Валянціна Лебедзева

 

У далейшым беларускія актывісты Гомеля вырашылі ўтварыць свой альтэрнатыўны “Часовы беларускі дэмакратычны камітэт”, які з 18 чэрвеня 1917 г. рэарганізаваўся ў “Саюз беларускай дэмакратыі”. У яго праграме, з аднаго боку, было абвешчана аб намеры “ўсяляк супрацьдзейнічаць імкненню некаторых беларусаў да аўтаноміі”, а, з іншага боку, агучвалася патрабаванне цэласнасці падзеленага вайной беларускага краю “з горадам Вільняй як галоўным культурным цэнтрам”, з шырокім самакіраваннем на дэмакратычных пачатках, але ў складзе адноўленай дэмакратычнай Расеі.

Міністр сацыяльнай апекі БНР, ураджэнка Гомеля Палута Бадунова

 

Сітуацыя значна змянілася, калі летам падчас агітацыйнай кампаніі на выбары ва Устаноўчы сход у Гомель прыбыла дэлегацыя Цэнтральнага камітэта Беларускай сацыялістычнай грамады на чале з Палутай Бадуновай, якая ярка вылучалася сваімі лідарскімі і аратарскімі здольнасцямі. У выніку невялікую суполку Беларускай сацыялістычнай Грамады ў Гомелі ўзначаліў супрацоўнік Упраўлення Палескіх чыгунак інжынер Язэп Няцецкі, які таксама быў кіраўніком Галоўнага выканкама Камітэта рабочых і служачых Палескіх чыгунак.

У гэты ж час ішла падрыхтоўка да Усебеларускага з’езду ў Менску, які павінен быў вырашыць будучыню краю. Актыўную ролю ў падрыхтоўцы гэтага з’езда адыграў Яўсей Канчар, ураджэнец вёскі Сяўкі сучаснага Лоеўскага раёна. Прадстаўнікі гомельскіх беларускіх арганізацый таксама прынялі ўдзел у гэтым з’едзе. З’езд праходзіў у снежні 1917 г. у Менску, але быў разагнаны бальшавікамі ў ноч з 17 на 18 снежня 1917 г. у парушэнне раней заключаных дамоваў з бальшавіцкім кіраўніцтвам у Маскве.

Пасля абвяшчэння БНР 25 сакавіка 1918 г. менавіта Язэп Няцецкі і стаў прадстаўнікоў БНР у Гомелі, які на той момант быў акупаваны ўжо нямецкімі кайзераўскімі войскамі і аддадзены саюзнай немцам Украінскай народнай рэспубліцы, а пазней і Украінскай Дзяржаве. Пазней, за арганізацыю забастоўкі на гомельскім чыгуначным вузле Язэп Няцецкі быў арыштаваны і высланы з Гомеля, але сабраныя вакол яго беларускія сілы Гомеля працягнулі сваю працу па адстойванні беларускіх інтарэсаў, што і дало свой плён у будучым.

Язэп Няцецкі з дочкамі

 

Нават прыведзеныя кароценькія факты паказваюць усю складанасць, з якой сутыкнулася станаўленне БНР, у тым ліку ў Гомелі. Сярод гомельскіх падзей, павязаных з БНР, не было яркіх і лёсавызначальных (накшталт Трэцяй статутнай граматы БНР, якая абвясціла незалежнасць Беларусі ў яе этнаграфічных межах). Але менавіта з вялікай колькасці такіх дробных перыферыйных спраў, як адбываліся ў Гомелі і іншых гарадах Беларусі, і складваўся агульны кірунак развіцця гісторыі нашай краіны ў той вельмі няпросты для ўсіх народаў Еўропы час. Менавіта тыя беларускія ідэі, працэсы, людзі, якія праявілі сябе ў Гомелі ў 1917-1918 гг., дапамаглі канчаткова аформіцца і асэнсавацца той этнаграфічнай беларускасці, што была ў нашага горада і рэгіёна заўжды. Тое, што раней несвядома ўспрымалася як мясцовая этнаграфічная спецыфіка пасля падзей 1917-1918 гг. стала ўспрымацца як выразная беларуская сутнасць мясцовага краю. Менавіта гэта, у канечным выніку, садзейнічала вяртанню Гомельшчыны ў склад Савецкай Беларусі ў 1926 г.

Прайшло ўжо два гады, як з намі няма Валянціны Міхайлаўны Мятліцкай (Лебедзевай) – вядомай даследчыцы гісторыі Гомеля перыяду рэвалюцыйных падзей пачатку ХХ ст. Але зробленае ёю засталося ў раскрытых невядомых старонках гісторыі Гомельшчыны, у тым ліку ў вернутых з небыцця імёнах слынных нашых землякоў – Палуты Бадуновай з Навабеліцы, Мітрафана Доўнар-Запольскага з Рэчыцы і шматлікіх іншых. За што ёй наша шчырая ўдзячнасць і памяць.

Штодзень

Аўтар: Раман Абуховіч

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png