Хто і навошта на Каляды і Шчадрэц “Казу водзіць”

Го-го-го каза,

Го-го-го шэра,

Дзе ж ты козанька,

Дзе ж ты бывала…

Сапраўдных калядоўшчыкаў цяжка ўявіць без Казы, а шчадроўшчыкаў і пагатоў. Тая Каза раптам памірае, але потым ажывае, дзякуючы шчодрасці гаспадароў. Мова Гомель разбіраецца, скуль узялася святочная Каза і навошта яе некуды “водзяць”.

КАЗА ЯК САКРАЛЬНАЯ І МІФАЛАГІЧНАЯ ЖЫВЁЛА

У беларускай міфалогіі каза ўвасабляе сабою дабрабыт, плоднасць, урадлівасць і багацце. Але таксама сімвалізуе смерць і адраджэнне прыроды. У балтаў і славян казёл або каза былі ахвярнай жывёлай, таму не дзіва, што ў калядных песнях каза можа раптам і памерці. Таксама і падчас калядных абрадаў захаваўся матыў, калі каза памірае, але потым, на радасць усім, ажывае.

У беларускай астральнай міфалогіі Каза або Козачка ў перакладзе з латыні – гэта назва зоркі Капэла ў сузор’і Вознік. Гэта самая высокая і яркая зорка на калядным небе. Паводле падання, Капэла або каза Амалфея (Амалтэя) выкарміла сваім малаком грэцкага Бога Зеўса на востраве Крыт, калі той хаваўся ад свайго бацькі Кронаса. У якасці ўзнагароды Зеўс змясціў казу на неба, дзе яна цяпер і знаходзіцца як яркая зорка. Праўда, Зеўс, валодаючы вялікай сілаю, гуляючы, выпадкова абламаў казе рог, з якога пачалі сыпацца незлічоныя багацці – рог багацця. А шкуру казы, якую не магла прабіць ні адна зброя, ён выкарыстоўваў як шчыт падчас вайны з тыранамі.

У калядных песнях часта спяваецца пра ваўка і казу з казлянятамі, якія ратуюцца ад драпежніка на высокім дрэве. Паводле меркавання астранома Д. Свяцкага, калі каза – гэта зорка Капэла, то воўк сімвалізуе Месяц, а сямёра казлянят – зорнае згуртаванне Пляяды. Бліжэй да зімовага сонцастаяння Месяц закрывае сабою Пляяды (воўк з’ядае казлянят), а пасля зноў адкрывае (казляняты адраджаюцца).Калі зорка Козачка з’явіцца на небе – гэта знак, што можна пачынаць Куццю – калядную вячэру.


КУЦЦЯ СВЯТОГА КОЗЛІКА НА МАЗЫРШЧЫНЕ

На Мазыршчыне вечар напярэдадні Новага Года (цяпер Старога Новага года) называлі Куццёй Святога Козліка. Такую назву ў канцы 19 стагоддзя зафіксаваў П. Шэйн. Паводле падання, пасля нараджэння Ісуса яго схавалі ў яслі ад пераследу з боку цара Ірада. Каля ясляў быў малады козлік, які здагадаўся, хто нарадзіўся, і прыкрыў Хрыста сенам, каб той не замерз. Таму калі на другую Куццю (калядную, на Васіля) п’юць першую чарку, то кажуць: “Святы Козлік, Святы Васілейка, надзялі, Божа, здаровейкам”.

КАЗА ЯК СВЯТОЧНЫ ПЕРСАНАЖ І “ВАДЖЭННЕ КАЗЫ”

Падчас святкавання Каза – гэта чалавек у масцы і кажуху, вывернутым вонкі, на галаве – шапка з прымацаванымі рагамі. Таксама часам калядоўшчыкі маюць пудзіла казы, а раней гэта мог быць і чэрап казы на кіёчку. Бывала, што замест Казы “вадзілі” Барана або Авечку. На Каляды, але асабліва ў Шчодры вечар з 13 на 14 студзеня нашы продкі ладзілі сапраўдны карнавал з маскамі, пераапрананнем і часта з “Ваджэннем Казы”. Сярод галоўных герояў абраду – Дзед і Баба, якія сімвалізуюць продкаў. Традыцыйна былі: Цыган, які вядзе Каня і просіць даць яму аўса і вады, і Цыганка з дзіцём, якая варожыць.

Сярод іншых папулярных герояў – Журавель або Бусел — кій з крывым канцом і дзюбай, які трымае чалавек, пакрыты белай прасціной. Гаспадароў таксама просяць яго напаіць і накарміць. Яшчэ ў гурце абавязкова ідзе Механоша, які ходзіць з мехам і збірае туды ўсе дары для калядоўшчыкаў, музыканты, спявачкі і розныя іншыя героі: Жыд, Зорканоша, Пан, Чорт, Лекар, Жаўнер і так далей.

На Палессі сустракалася маска Тура, у іншых месцах — Быка або Каровы. На Усходнім Палессі абавязкова быў Воўк, адзенне якога выраблялі з тканіны шэрага колеру або аўчыны і прымацоўвалі хвост. Таксама на Усходнім Палессі і Падняпроўі прыгожую дзяўчыну прыбіралі ў Шчодру, якая несла дабро і багацце ў новым годзе. Разам са Шчодрай дзяўчаты спявалі песні-шчадроўкі.

А ў чыстым полі лаза стаіць, Каляда,

На той лазе каза сядзіць, Каляда,

Прыйшоў да яе шэранькі ваўчок, Каляда,

Ды злезь каза, патанцуем, Каляда,

Не палезу – цябе баюся, Каляда,

У цябе ваўчыгу хвост як памяло, Каляда,

Я ў пана быў пакоі мёў, Каляда.


Наперадзе ўсёй абраднай працэсіі ішоў Дзед у берасцяной масцы і вывернутым кажуху, а таксама Баба ў традыцыйным адзенні з палатнянай торбай праз плячо. Баба “засявала” хаты жытам, каб усё пладзілася і множылася. Так па чарзе і абыходзілі ўсю вёску, хата за хатаю.

Чыю хату Каза міне, там цэлы год нялюдскае жыццё будзе.

У калядных песнях таксама падкрэсліваецца сувязь Казы з ураджаям:

Дзе каза ходзіць,

Там жыта родзіць,

Дзе каза хвастом,

Там жыта кустом,

Дзе каза нагой,

Там жыта капой,

Дзе каза рогам,

Там жыта стогам!

Адметна, што ў жніўні існаваў звычай пакідаць нязжатымі ў полі некалькі каласкоў “казе на бараду”. У іншых мясцінах нязжатую купку каласкоў называлі “казёл”. Нібыта дух урадлівасці жыве ў гэтым нязжатым жыце, а зімой ён прыходзіць у вобразе Казы. Таму, дзе “каза ходзіць, там і жыта родзіць”.Падчас абраду каза раптам памірае, але трэба яе шчодра адарыць пачастункамі, яна і ажыве.

Дайце казе грэчкі

На перапечкі,

Рэшата аўса,

А наверх – каўбаса.

“Паміранне” Казы сімвалізуе завяршэнне старога года, у якім трэба пакінуць усе кепскае, злое, усе нягоды, страты і хваробы. Ажыўленне Казы сімвалізуе пачатак новага года і новага жыцця.

Жадаем, каб і вам у Новым годзе Каза прынесла дабрабыт і багацце!

Штодзень 

Фота: gorbibl.gomel, by planetarium.bу, hatka.by

Related posts

Сёння гадавіна пачатку Еўрамайдана – шматмесячных акцый пратэсту ва Украіне, якія моцна паўплывалі і на Беларусь

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса

Як святары ўмешваюцца ў палітыку: кіраўнік Тураўскай епархіі пабачыў у вайне божы промысел, а гомельскай – агітаваў прыйсці на выбары