Палітычныя працэсы непазбежна ўплываюць на кожнага без выключэння і ў кожнай сферы жыцця. І добры доказ таму – Калядныя святы (здавалася б, настолькі даўняя і моцная традыцыя, што нішто яе не можа сапсаваць). І гаворка не толькі пры тысячы сем’яў, што аддзелены межамі розных краін і не могуць на святы быць разам. Якім чынам грамадска-палітычны стан краіны адбіваецца на святочным настроі, чытайце ў нашым артыкуле.
Незалежна ад таго, якія ў вас планы на Новы год, знойдуцца рэчы, ад якіх святочнага настрою можа і паменець. Давайце паглядзім, што і ў якім выпадку можа ўскладніць Каляды, калі жывеш у Беларусі. Паколькі за савецкім часам свята Божага Нараджэння адышло на другі план, некаторыя беларусы і ўвогуле не выказваюць цікавасці да рэлігійных свят, гаворка пойдзе найперш пра сустрэчу Новага года.
Самы папулярны варыянт святкавання галоўнага свята – дома, з роднымі ці сябрамі. Ёсць тыя, хто ніколі не чытае навіны. Але няма сямей, якія не набывалі б харч да застолля. Паход у краму прымусіць бурчэць ад незадавальнення нават тых, хто радасна маша дзяржсцяжкамі на працягу года на “идеологически правильных мероприятиях”. І не толькі таму, што з-за санкцый даводзіцца набываць не сапраўдныя хамон і пармезан, а “фальшыўкі, зробленыя ў Расеі”. Цэны ў параўнанні з мінулым годам сягнулі да нябёсаў. Нават самы сціплы набор прадуктаў для традыцыйных страў абыдзецца ў істотную суму. А яшчэ трэба падарункі родным, святочная вопратка…
Не менш засмучае і пытанне баўлення часу. Добра, як у кампаніі ёсць здольны выконваць функцыі тамады і не дасць засумаваць. Але часцей за ўсё хатнія святы праходзяць у кампаніі тэлебачання. І тутака выбар горшы, чым у крамах: альбо амаль нязменны з 90-х набор напампаваных ботаксам марыянетак з песнямі, што даўно адгучалі, ды бясконцымі рымейкамі савецкіх фільмаў на расейскіх каналах, або асобы, чыіх песень ніхто не ведае і чые дыскі ніхто ніколі не набываў, на беларускіх блакітных агеньчыках.
У цяжкім становішчы апынуцца і тыя, хто спланаваў правесці свята ў цішыні. Петарды і феерверкі набыць можна паўсюль, а іх выкарыстоўванне ніхто не кантралюе. Між тым ёсць шмат асоб, уразлівых да святочнай гукавай атакі (маленькія дзеткі, сталыя ці хворыя асобы, хатнія жывёлы і г.д.). Як можна вырашыць праблему? Забарон на заканадаўчым узроўні недастаткова, немагчыма пракантраляваць усе двары паўмільённага горада. Іншая справа, каб спальныя раёны забудоўваліся кандамініумамі, з агароджанай і манітараванай уласнымі сіламі тэрыторыяй, і ўнутраныя правілы рэгулявалі б, што можна і чаго нельга рабіць побач з домам. Пры сённяшніх эканоміка-палітычных рэаліях пра кандамініумы гомельцы могуць толькі марыць…
Калі дома сумна, можна пайсці на гарадскія ялінкі. Але ці будзе там весела? Забаўляльныя мерапрыемствы, па-першае, ладзяцца не ўсю святочную ноч, па-другое, пабачыць там можна прыблізна тое ж самае, што і па дзяржтэлебачанні, толькі ў аматарскім, а не прафесійным выкананні. Тыя, хто танчыць і спявае на сцэне ў Новы год, маглі б святкаваць дома з роднымі, але ў супрацоўнікаў дзяржарганізацый жыццё падпарадкаванае не ўласным жаданням, а патрэбам дзяржавы.
Дарэчы, упрыгожанне набярэжнай і плошчы Леніна, а гэтаксама выязны гандаль у гэтым годзе можна было б назваць удалай ідэяй (зроблена з куды большым густам, чым у мінулыя гады), каб не ведаць, што прадпрыемствы прадставілі свае шапікі (і выгналі супрацоўнікаў стаяць на марозе, не даўшы ім адпаведнай вопраткі зранку да вечара без забеспячэння кропак гандлю цяплом і іншым неабходным) не таму, што гэта мае эканамічны сэнс, а таму, што ўлады сказалі “Трэба!” Ва ўсім свеце калядныя кірмашы – гэта бізнес, якія дазваляе ахвотным добра зарабіць, а ў Беларусі – культ карга пад назвай “Трэба!”
Нестандартны варыянт сустрэчы Новага года – на коўзанцы ля галоўнай ялінкі. Калі, канешне, вашая нервовая сістэма ўстойлівая для чырвона-зялёнага бляскату і “сустрэч” з флагштокам на кожным коле. Гэты варыянт можа зацікавіць самотных кабет, бо дзе яшчэ, як не тут, мужчыны будуць літаральна падаць вам пад ногі, хіба што пад уплывам зусім не прыгажосці, бо нашы людзі цвярозымі ў святочную ноч на коўзанку не ходзяць.
Дарэчы, аматарам выпіць і смачна пад’есці на гомельскіх плошчах будзе цяжкавата. Асартымент у шапіках звычайна сціплы. І калі далікатэсы можна прынесці з сабою, то алкаголь прыйдзецца набываць на месцы які ёсць (вытанчаных французскіх він ці добрага каньяку тутака не знойдзеш). І канешне ж, зорка любога гомельскага масавага свята – грунтоўны дагляд рэчаў (гэта як дадатковы міні-квэст “Адчуй сябе злачынцам”). Каляды без дагляду і з добрымі вулічнымі музыкамі і творцамі без чорных спісаў – гэта для беларусаў іншая рэчаіснасць.
Калі на дварэ сумна і холадна, можна пайсці святкаваць у рэстарацыю. Паспрабавалі адшукаць для вас нешта цікавае і былі здзіўлены – лічаныя ўстановы прапаноўваюць сустрэць Новы год разам.
Так, сустрэцца на Каляды прапануюць Бар Першы, рэстаран-караоке Нэма, бар Цэх (дыскатэка, самы танны варыянт), рэстаран Праванс. Асобна адзначым бар Кватэрнік – падобна, што ўпершыню ў Гомелі запрашэнне святкаваць Новы год разам зроблена па-беларуску і запрошаны беларускамоўныя музыкі – ZVONKU & ЛАЙТОВЫ. Магчыма, працаваць будуць і іншыя месцы, але вольных месцаў ужо няма, таму ў адкрытым доступе пра гэта не апавяшчаюць. Часткова мінімум прапаноў тлумачыцца невялікім памерам большасці кавярань і рэстарацый – на забаўляльную праграму і павялічаны заробак персаналу трэба выдаткаваць больш, чым можна зарабіць на дзясятку-другім столікаў. Вялікім лакацыям не на шмат прасцей: пры сённяшніх коштах на прадукты цяжка прапанаваць якасць і разнастайнасць страў у значнай колькасці па адэкватных цэнах, фінансавыя магчымасці ж гасцей абмежаваныя. А ад чаго залежаць эканоміка краіны? Ад палітыкі.
Накарміць гасцей недастаткова. Патрэбныя відовішчы. А як іх арганізаваць, калі шмат цікавых артыстаў або ў эміграцыі, або ў чорных спісах? Здавалася б, калі кавярня жадае арганізаваць канцэрт, патрабаванне да творцы павінна быць толькі адно: плаці падаткі. Але ў Беларусі трэба ўзгадняць не толькі асобу таго, хто выступае, але і праграму. Пад забаронай не толькі артысты, але і песні. Існуюць кампазіцыі, ад першых нот якіх аўтаматычна ствараецца калядны настрой, песні, якія пазнаюць і любяць слухачы ва ўсім свеце. І не адно дзесяцігоддзе. Але беларускія ўлады лепей ведаюць, што нам слухаць. Толькі мо ўмоўныя сёстры Грудзевы надаюцца на “элементы слявянского происхождения”, але ад іх музыкі ногі ў скокі не пойдуць нават у таго, хто на памяць ведае метадычку па “Ідэалогіі святкавання Новага года ў зялёна-чырвоных колерах”. І тут рэстарацыі як былінны вандроўнік на раздарожжы: пойдзеш направа – пад крыміналку патрапіш. Пойдзеш налева – негатыўныя каментарыі на тэму “сумнае свята ў кавярні Х…” і адну-адзіную зорачку атрымаеш.
Таму, калі жадаеце адсвяткаваць Новы год весела, застаецца толькі адно – зладзіць сабе святочную праграму дома. На свой густ. Стварыце плэй-ліст з улюбёных кампазіцый і слухайце, калі ласка, хоць усю ноч. Толькі лепей не ўключаць напоўніцу гук і ўдакладніцца, што сярод вашых суседзяў няма нікога з прозвішчам “Бондарава”, бо анлайн-сэрвісы для скарг працуюць без выходных.