“Хацелася б, каб у Гомеля быў гістарычны герб”

by ZB

Гомель адсвяткаваў сваё 880-годдзе — менавіта столькі год таму горад упершыню ўзгадваецца ў Іпацьеўскім летапісе, у 1142 годзе. Як і кожны буйны беларускі горад, Гомель мае афіцыйны герб — рысь у блакітным полі. Але ці гістарычны гэта герб? І чаму шматлікія гомельцы, кажучы пра герб Гомеля, маюць на ўвазе белы крыж на чырвоным фоне? “Штодзень” звярнуўся да вядомага гомельскага гісторыка Яўгена Малікава, каб ён распавёў пра гербы Гомеля — афіцыйны і гістарычны.

 

Яўген Малікаў працуе ў замежных архівах

 

Распавядзіце, калі ласка, пра гісторыю афіцыйнага герба Гомеля.

Сучасны афіцыйны герб Гомеля зацвержаны ў канцы XVIII ст. На той час гарады усёй Беларусі былі далучаны да Расейскай імперыі і пераходзілі на ўласцівае гэтай дзяржаве адмінстрацыйнае кіраванне.

У некаторых старажытных гарадоў захаваліся гербы, якія былі яшчэ да Расейскай імперыі, альбо атрымалі іх мадыфікаваныя варыяцыі (Менск, у пэўнай меры Полацк). Некаторым гарадам даваліся новыя. Так і Гомелю быў дадзены герб — у выглядзе рысі. Была і цікавая прыпіска-тлумачэнне — “ибо таковых зверей вокруг сего города весьма много водится”. Звычайна, калі апісваюць гомельскі герб, выкарыстоўваюць гэту фразу. Але на самой справе гэта зусім левая прычына.

 

Герб Гомеля ў 1850-х

Да прыкладу, у той жа час герб быў дадзены і гораду Копысь, сучаснай Віцебскай вобласці. На яго гербе намаляваны заяц, і ва ўказе на наданне гэтага герба напісана “черный сидящий заяц в зеленом поле, каковых редких зверьков в окрестностях сего города изобильно”. То бок гэта абсалютна фармальная фраза і прычына. Ну трэба ж было хоць неяк патлумачыць, чаму менавіта заяц, ці, у выпадку Гомеля — рысь, а не іншы звер.

 

“ибо таковых зверей вокруг сего города весьма много водится”

 

Ёсць яшчэ адна важная дэталь. Насамрэч, герб з рыссю быў дадзены зусім не Гомелю, але  іншаму гораду — Беліцы. У канцы XVIII ст. была такая сітуацыя — новага уладальніка Гомеля, расейскага фельдмаршала Пятра Румянцава, засмучала, што ў яго прыватным горадзе Гомелі шмат чыноўнікаў, з якімі ўвесь час трэба было мець нейкія справы. І ён папрасіў імператрыцу, каб чыноўнікі былі выведзены з яго ўласнага горада ў якое іншае месца.

Іншае месца было складана знайсці, бо тагачасны Гомель быў найбуйнейшым горадам у Ніжнім Пасожжы. Нічога разумней тады не прыдумалі, як вывезці гэту адміністрацыю ў мястэчка Беліца, што за 20 км ад сучаснага Гомеля. Мястэчка на той час было фактычна пасярод леса, туды не вялі асноўныя шляхі. Вось тады ж і вырашана было даць герб гораду Беліца і Беліцкаму павету, да якога адносіўся і Гомель.  

Пазней расейскія ўлады вырашылі будаваць новы горад – рэальны павятовы цэнтр на Сажы, насупраць Гомеля — так узнік горад Новая Беліца. І так герб з рыссю стаў гербам Новай Беліцы — будучага Навабеліцкага раёна горада Гомеля. Пазней, калі ў 1852 г. Гомелю быў вернуты статус павятовага цэнтра, то ўжо яму перайшоў і беліцкі герб.

 

Якое вашае стаўленне да афіцыйнага герба Гомеля? 

Як да сённяшняга герба горада Гомеля. Пакуль выявы іншага больш старажытнага, першапачатковага герба, не знойдзены — гэта рэальны герб і ён мае сваю гістарычную традыцыю. Але, канешне, хацелася б, каб у Гомелі быў свой першапачатковы гістарычны герб. 

Распавядзіце, калі ласка, што вядома пра першапачатковы гомельскі герб?

Вядома, на жаль, не шмат. У 1560 г. гомельскія мяшчане прасілі караля Жыгімонта Аўгуста пра тое, каб ім была дадзена меская пячатка, бо інакш, заключаючы пагаденнні, яны не маглі нічым іх падмацаваць. Прыходзілася звяртацца для шляхты, якая мела ўласныя гербы і пячаткі, а тая брала грошы за такія паслугі. Кароль паслухаў гомельскіх мяшчан і выдаў ім пячатку з гербам крыжа. 

Паняцце “герб крыжа” — вельмі шырокае, варыянтаў крыжоў процьма. Які дакладна быў там у 1560 г. крыж – невядома. Але яго верагодную каляровую выяву гісторык Анатоль Цітоў рэканструяваў яшчэ ў пачатку 1990-х гг. Да прыкладу – некалькі суседніх усходнебеларускіх гарадоў — Крычаў, Орша, таксама маюць крыжы на гербах – гэта выява крыжа з пашыранымі канцамі (такі крыж яшчэ называюць тампліерскім, мальтыйскім, георгіеўскім, рыцарскім). Таму, верагодней за ўсе, менавіта такі крыж быў таксама і на гістарычным гербе Гомеля. Таму А. Цітоў рэканструяваў гомельскі герб як белы крыж з пашыранымі канцамі на чырвоным фоне.

Але гэта — толькі найбольшая верагоднасць, і даследчык так рэканструяваў выгляд герба, бо гэта найбольш лагічна, але патрэбны дакладныя гістарычныя факты. А іх покуль на сёння няма. Па логіцы ў гэтай выяве ўсё праўдападобна, адзінае, што засмучае — чырвоны фон, бо ён браўся, лічы, з нічога. Большасць гербоў беларускіх гарадоў таго часу — на блакітным фоне. Фон для гомельскага герба быў абраны, мяркуючы па ўсім, па аналогіях з старажытным беларускім гербам “Пагоня”. Але менавіта такі герб — белы крыж на чырвоным фоне (часта менавіта ў форме мальтыйскага крыжа), яшчэ з часоў Вялікага княства Літоўскага быў і ёсць гербам Валыні ва Украіне. Адпаведна, верагоднасць супадзення не толькі выявы, але і фона ў герба Гомеля і Валыні роўная нулю.

 Канешне, калі я прыехаў у Польшчу, я спадзяваўся, што знайду выяву гомельскага гістарычнага герба ў архіве, але пакуль не атрымалася. Таму гэты гомельскі гештальт пакуль не закрыты. Буду працягваць пошукі — раней ці пазней герб можа ўсплыць у іншых дакументах. Ці штосьці археолагі знойдуць — будзем чакаць.

 

Скажыце, а якая ўвогуле верагоднасць знайсці выяву першапачатковага гомельскага гербу? Хоць якія шанцы ёсць?

Ну вось глядзіце. Некалькі месяцаў таму я знайшоў невядомыя ў нас дакументы па гісторыі царквы ў в. Карма, Добрушскага р-на. Рукапісныя копіі, зробленыя ў канцы ХІХ стагоддзя з дакументаў, якія захоўваліся ў Магілёўскім епархіяльным “древлехранилище”, якое, у сваю чаргу, згарэла ў час Другой сусветнай вайны. Гэтыя копіі, як я разумею, зрабіў вядомы гісторык, наш зямляк родам з Навабеліцы, Еўдакім Раманаў. Будучы прафесійным гісторыкам, ён пазначаў усе адметнасці, якія былі на дакуменце. І вось на выяўленым мною дакуменце ён пазначыў, што пад подпісам канцлера ВКЛ князя Міхала Чартарыйскага (які быў у той час гомельскім старастам) стаіць, цытую: “Гербовая им[енная] печать маст[ичная] (Homeliensis Capitaneus)”.

“Homeliensis Capitaneus” на латыні азначае “Гомельскі стараста”. Адпаведна, гэты дакумент, у адрозненне ад іншых, М. Чартарыйскі зацвярдзіў не дзяржаўнай пячаткай ВКЛ, а асабістай гербавай пячаткай гомельскага старасты з надпісам на лацінскай мове. А які там быў герб — ці то асабісты герб князя М. Чартарыйскага, ці то нейкі іншы — нам невядома. І дакумент гэты ў арыгінале не захаваўся, толькі рукапісная копія канца ХІХ стагоддзя. Але лагічна меркаваць, што М. Чартарыйскі не адзін дакумент зацвярджаў гэтай пячаткай і, магчыма, іншыя падобныя дакументы захаваліся недзе ў іншых архівах. Прынамсі, будзем вельмі на гэта спадзявацца. І вось такія абсалютныя выпадковасці заўжды пакідаюць нам шанец, што недзе мог захавацца дакумент і з выявай гомельскага герба 1560 г.

 

Такім бачыць герб Гомеля штучны інтэлект

 

Каля месяца таму дызайнер Павел Пілавец папрасіў штучны інтэлект намаляваць гербы абласных беларускіх гарадоў. Фэнтэзі-выява герба Гомеля — таямнічая жывёлка, падобная на зайца, якая загадкова глядзіць убок. Як вам гэты малюнак? 

Нейрасетка намалявала тое, што ёй замовілі — праілюстравала апісанне афіцыйнага герба. Як яна вырашыла — так і атрымалася, яна ж нейрасетка, яна так бачыць! Але нешта ў гэтым ёсць, такі хорараўскі ўльтрасучасны малюнак атрымаўся. Крэатыўненка.

Штодзень 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png