Бацькі некалькіх школ Гомеля падзяліліся са “Штоднём” інфармацыяй пра тое, што напярэдадні лінейкі з нагоды 1 верасня сем’ям школьнікаў рэкамендуецца прынесці “ўжо надзьмутыя шарыкі зялёнага і чырвонага колераў”. Такая праява патрыятычнага выхавання прапанаваная школьнікам малодшых класаў.
А вось дзяцей з 8-11 класаў чакае апрацоўка “кінематографам”. Адміністрацыі гомельскіх навучальных устаноў збіраюцца масава весці школьнікаў на прэм’еру фільма “На іншым беразе” вытворчасці “Беларусьфільм”.
Паводле анонсу, дзеянні кінастужкі адбываюцца ў 1925 годзе ля мяжы БССР і “панскай” Польшчы — там пражывае галоўны герой фільма Павел. Ён назірае, як польскія ўлады імкнуцца “асіміляваць беларусаў, выкараніць мову, культуру…” Прэм’ера фільма адбудзецца 17 верасня — у гадавіну далучэння Заходняй Беларусі да БССР у 1939 годзе. Арганізатары кінапаказу абяцаюць, што для школьнікаў таксама будзе праведзеная тлумачальная праца наконт тых падзей.