Гомельскія ўлады задумаліся над адкрыццём гіпермаркета з мясцовымі таварамі

by ZB

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко даручыў распрацаваць канцэпцыю стварэння ў Гомелі новага гандлёвага цэнтра, дзе прадавалася б прадукцыя, створаная ў Гомельскай вобласці. Аб’ект павінен знаходзіцца ў зручным месцы, мець паркоўку і быць запатрабаваным.

З аднаго боку, сучаснага паўнавартаснага гандлёвага цэнтра, з зонамі адпачынку, фудкортам, забаўкамі кшталту коўзанкі ці кінатэатра, Гомелю не хапае. Але галоўнае ў гандлёвым цэнтры – гэта ўсё ж крамы і тавары. Але ці атрымаецца запоўніць вялікі гандлёвы аб’ект прывабнымі для пакупнікоў таварамі?

Калі, напрыклад, у мінскім “Першым гандлёвым цэнтры”, які быў пампезна адкрыты напачатку года, свой патэнцыял прэзентаваў Акцябрскі раён, арганізатары вырашылі здзівіць наведвальнікаў майстар-класамі ад дома рамёстваў, выставай карціннай галерэі і цэнтра гісторыі і культуры, і нават лялькай у выглядзе цяляці. Усё гэта добра было б для палаца культуры, але ў краме трэба прэзентаваць тавары. Сучасныя, добрай якасці, па адэкватным кошце.

Тавары мясцовай вытворчасці ў Гомелі без праблем можна набыць у фірмавых крамах і гандлёвых кропках у існуючых гандлёвых цэнтрах. Пры гэтым у горадзе хапае плошчаў для гандлёвых аб’ектаў, якія не запоўнены арандатарамі. Не ўлічаны і яшчэ адзін фактар: недастаткова распрацаваць праект, трэба знайсці інвестара, які пажадае яго рэалізаваць. У тых умовах, у якіх даволі даўно знаходзіцца беларускі бізнес, гэта маларэальна.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png