Гамяльчане абмяркоўваюць з’яўленне брыгады ў ахоўных касцюмах у паліклініцы на вуліцы Агарэнкі. У сацсетках наведвальнікі паведамляюць пра абмежаванне ўваходу і слова “каранцін”, якое пачулі на месцы. Іншыя ўдзельнікі дыскусіі запэўніваюць, што гэта вучэнні па асабліва небяспечных інфекцыях.
Фота: https://novayagazeta.ru
”Гомель, хто ў курсе, што адбываецца ў паліклініцы на Агарэнкі? Што там робіць брыгада ў супрацьчумных касцюмах? І, падобна, гэта не вучэнні”, — напісала карыстальніца. На момант падрыхтоўкі матэрыялу допіс сабраў больш за 36 тысяч праглядаў.
У каментарах ёй прапанавалі некалькі тлумачэнняў: ад вучэнняў да міністэрскай праверкі.
“Гэта вучэнні па асабліва небяспечных інфекцыях. Так што нічога страшнага”, — заявіла адна з удзельніц абмеркавання. Аўтарка допісу перапытала: “Гэта дакладна? Проста спыталі — сказалі, што не”.
Яшчэ адна наведвальніца апісала сітуацыю, у якой апынулася раніцай:
“Раніцай выходзіла, здавала аналізы, нікога не ўпускалі, кажуць: зачынена, каранцін. Я і ачмурэла. Спадзяюся, сапраўды вучэнні, а не ўспышка чаго-небудзь”.
Іншая карыстальніца паведаміла, што яе сын вучыцца ў школе № 54, куды таксама нібыта прыязджалі праводзіць апрацоўку. Незалежнага пацверджання гэтай інфармацыі няма, як і звестак пра яе сувязь з падзеямі ў паліклініцы.
Сама наяўнасць супрацьчумных касцюмаў не сведчыць пра выяўленне чумы: такія сродкі абароны выкарыстоўваюць пры працы з рознымі асабліва небяспечнымі інфекцыямі, а таксама падчас адпрацоўкі дзеянняў медыкаў.
У інфармацыйным суправаджэнні адзначыліся і дзяржаўныя прапагандысты, якія назвалі тое, што адбываецца, “вучэннямі”. Аднак з каментароў наведвальнікаў вынікае, што зразумелае тлумачэнне на месцы атрымалі не ўсе: людзі перадавалі адно аднаму розныя версіі і шукалі адказ у сацсетках.
Трывогу падсілкоўваюць навіны з Расіі. На пачатку кастрычніка ў Іркуцкай вобласці памерла супрацоўніца супрацьчумнага навукова-даследчага інстытута, пасля чаго СМІ паведамілі пра падазрэнне на лёгачную чуму. Паводле паведамлення Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ад 10 кастрычніка, расійскія ўлады заявілі, што выпадкаў чумы ў рэгіёне не зарэгістравана, а смерць супрацоўніцы расследавалі як выпадак цяжкай пнеўманіі. Звестак пра сувязь гэтых падзей з сітуацыяй у гомельскай паліклініцы няма.