«Гэта ж не Гомель, гэта ж Пецярбург!» Як насаджаецца стаўленне да нашых гарадоў як да малацікавай правінцыі

Тое, што пра твой горад здымае гастранамічна-турыстычную перадачу адзін з галоўных тэлеэкранаў краіны, магло б стаць нагодай для гонару. Але нашая рэчаіснасць настолькі інфармацыйна дэфармаваная і ментальна скалечаная, што ад «Смачнай экскурсіі па Гомелю» ад НТВ-Беларусь становіцца балюча і сорамна.

 

 

Перадачы пра турызм па замове «НТВ-Беларусь» робіць беларуская прыватная кампанія ТАА «Відэамануфактура». Яле такое ўражанне, што здымалі асобы з іншай планеты, якія маюць да нашай зямлі абыякавае стаўленне – як да малазначнай правінцыі, пра якую можна зманціраваць перадачу абы як, выдаткаваўшы мінімум часу.

 

 

Саўндтрэк са словамі «И от души не отставать поёт живот» адразу паказвае, што інтэлектуальны ўзровень перадачы «ніжэй за плінтус». І доказ таму – амаль на пачатку.

«Горад, які самым першым у краіне сустракае світанак»

Гучыць рамантычна, але зірнём на мапу Беларусі. Усходней за Гомель знаходзіцца значная частка Магілёўскай вобласці і кавалак Гомельскай. Адкуль магла ўзяцца такая памылка? На запрос на рускай мове «Які горад Беларусі першым сустракае світанне?» GhatGPT выдае такі адказ:

 

 

Але калі нагадаць яму пра іншыя беларускія гарады, ШІ выпраўляецца. Вось сабраныя ім даныя аб тым, у які час сустрэлі сонца сёння беларускія гарады:

 

Населены
пункт
Час узыходу сонца
Хоцімск 04:28
Клімавічы 04:33
Крычаў 04:34
Мсціслаў 04:31
Краснаполле 04:32
Слаўгарад 04:30
Чавусы 04:30
Добруш 04:43
Ветка 04:38
Карма 04:40
Гомель 04:43

 

Як бачым, Гомель займае толькі 11 месца. Вельмі падобна, што рэдактары перадачы спрасцілі сабе працу, даручыўшы ШТ пісаць тэкст, і не пераправерылі факталогію (ці яны не ведаюць, што населеныя пункты, ніжэшыя па статусу, чым абласны цэнтр, таксама з’яўляюцца гарадамі?) Але перадача робіцца (і потым узгадняецца і выпускаецца ў эфір) групай асоб. Няўжо ніхто з іх ніколі не бачыў карту Беларусі?..

Падобна, што сцэнарысты не выдаткоўваюць час на пошук турыстычных цікавостак для кожнага горада, а працуюць па агульным шаблоне: прыйшоў на галоўную плошчу, там і будзе самае цікавае. Добрая схема для значнай часткі еўрапейскіх гарадоў, якая, на жаль, зусім не тычыцца Гомеля. Транспартны вузел, паркоўка, малацікавыя пабудовы савецкіх часоў і гігант-флагшток робяць плошчу Леніна месцам, якое ніхто з мясцовых не параіць турысту для наведвання. Але вядоўца Уладзімір Богдан і Аксана – гід з гомельскага інфармацыйна-турыстычнага цэнтра – менавіта тут робяць рэпартаж пра наш горад. Ці натхняць каго на наведванне Гомеля гэтыя кадры?..

 

Уладзімір Богдан, вядоўца турыстычных перадач ад «Відэамануфакутры». Фота з яго інстаграм

 

Перапоўненая сметніца ў кадры пакідае адкрытым пытанне: ці тое аператар не мае належнага ўзроўню прафесіяналізму (бо, шчыра кажучы, у простых блогераў у сацсетках можна знайсці куды больш стылёвыя ролікі з гомельскімі краявідамі), ці гэта прыхаваная крытыка гомельскіх улад, якія не арганізавалі належным чынам вываз смецця.

 

 

Ствараючы перадачу пра Гомель, беларуская здымачная група выказвае захапленне… Расіяй. «Усёй гэтай прыгажосці магло б не быць, каб імператрыца Кацярына ІІ не падарыла ў ХVІІІ ст. гэтыя землі Румянцаву-Задунайскаму». Тое, што ў Гомелі была свая, беларуская, арыстакратыя, што дбала пра горад і таксама адбудавала б яго, хай і на іншы спосаб, сцэнарыстам у галаву не прыйшло.

«Гэта ж не Гомель, гэта ж Пецярбург, Неўскі праспект!» – кажа вядоўца. «Канешне» – адказвае гомельская гід. І тут бачна стаўленне да роднай зямлі як да некай малацікавай правінцыі, бо Пецярбург – гэта культура і цывілізацыя, і тое, што Савецкая падобна на Неўскі – нагода для гонару. Не хочацца займацца ацэнкай архітэктурнай і культурніцкай ролі Санкт-Пецярбурга. Але сэнс перадачы пра Гомель – паказаць нашае ўнікальнае, адметнае, чаго больш нідзе няма, чым можа ганарыцца. Замест гэтага ў эфіры гучыць сентэнцыя «А, тут ёсць штось падобнае на Піцер, значыцца, не зусім тут ўсё правінцыяльна і ніякавата».

Аб светапоглядах здымачнай брыгады сведчыць выбар рэстарана – «Стары час». У Гомелі шмат сучасных, прагрэсіўных лакацый, пра якія можна было б распавесці. Але У. Богдан ідзе ў малапапулярную ўстанову, стылізаваную пад часы «СССР», і кажа, што «Усе гомельцы лічаць гэтае месца кулінарнай візітнай карткай Гомеля» (пры тым, што большасць з маладзейшых за 40 год нават не чулі пра «Стары час»).

 

Інтэр’еры і супрацоўнікі «Стары час»

 

Цяжка сказаць, ці заахвоць каго такое відэа прыехаць у Гомель. Але жаданне глядзець беларускае тэлебачанне ў гомельцаў яно пакладана знішчыць.

Штодзень

Слайдар пастоў