Навіны горада

“Фальшывае і брыдкае кіно”. Як аўтарка “Штодня” схадзіла на распіяраны фільм “Чабурашка”

Мы пабачылі свет пакрыўджаных і слабахарактарных дарослых і істэрычных дзяцей. Тыповыя для расійскага кіно тэмы: безвыходнасць, бытавыя сваркі, злосць, крадзяжы і шантаж, сквапнасць, рабаванне, замах на забойства, карысць, цынізм, крывадушнасць - зразумела, чаму пасля ўсяго гэтага Чабурашка не жадае быць чалавекам. Я б таксама не захацела

Дзеці захацелі ў кінатэатр на “Чабурашку”, бо там ужо пабылі іх сябры  — Ваня і Мілана. Дый на перапынках у малодшай школе толькі і размоў, што пра новы дзіцячы фільм. Паколькі асаблівага выбару правесці выхадныя не было  – мы сям’ёй адправіліся ў кінатэатр Калініна.

Фота: oir.mobi

Сказаць па праўдзе, я не люблю, калі старыя і знаёмыя з дзяцінства вобразы “перапяваюцца” на новы лад. Таму настроена я была скептычна – чакала, што акрамя наіўнага Чабурашкі і дабрадушнага кракадзіла Гены мы пабачым настальгію па савецкіх часах. Але ўсе аказалася значна горай.

Прывязак да СССР і будзь-якога пэўнага часу я не заўважыла, як і не заўважыла пэўнага сюжэту, акцёрскай гульні, яркіх персанажаў, праблематыкі ці маралі гэтай  гісторыі і зацікаўленасці з боку дзяцей.

Галівудскія прыёмы ў расейскім кінематографе не прыжываюцца – замест сюжэтнай лініі атрымліваецца набор элементаў і штампаў. Штосьці сярэдняе паміж «Прыгоды Падынгтана» – «Маша і Мядзведзь» – «Чарлі і шакаладная фабрыка» – «101 далмацінец». А вось элементы са знакамітага мультфільма «Чабурашка» амаль адсутнічаюць.

З першых секунд мы трапляем у Іспанію, дзе злосныя дзядзькі спрабуюць забіць вушастага звярка рыдлёўкай ці віламі за тое, што ён крадзе з кошыкаў апельсіны. Так, Чабурашка жыве ў атачэнні апельсінавых дрэўцаў і фруктаў, але чамусьці аддае перавагу крадзяжам. Затым мы пераносімся ў нейкі дэндрарый, які вельмі нагадвае Сочы. Там Чабурашку чакаюць новыя прыгоды.

Што датычыцца вушастага галоўнага героя – у 20-х гадах 21-га стагоддзя сорамна рабіць такую нізкаякасную графіку. Злеплены ў 3D Чабурашка ў розных сцэнах мае розны па памер, у яго няма ні ценю, ні вагі.

Адсутнічаюць у яго і абаянне, і дабрыня, і знаёмая нам мі-мі-мішнасць.  Чабурашка паўстае перад намі дзікаватым і нахабным звярком, які шкодзіць і шкодзіць. Зрэшты, пацярпелых ад яго свавольства людзей не шкада ні кроплі.  У фільме няма ніводнага станоўчага ці хаця б глыбокага героя – з перажываннямі і эмоцыямі.

Кіно знята без любові. Без любові да мінулага, да сваёй справы, да акцёраў, да гледачоў… Хаця,  адзін від любові тут прысутнічае — любоў да грошай.

Гена — гэта не кракадзіл, а злы садоўнік, грубіян і нягоднік, які кінуў сваю маленькую дачку і ненавідзіць усіх навокал (гэтак жа ён здрадзіць Чабурашку). Дарослая дачка Гены – істэрычка. Яе муж – бязвольны падабцаснік. Шапакляк  і яе ўнучка – ведзьмы. Дырэктар заапарка – скнара. Начальніца дэндрарыя – крывадушніца. Не людзі, а фрыкі — бяздушныя, бязглуздыя, нежывыя лялькі. Іх дыялогі – непрадуманыя, аднастайныя і спрошчаныя (напрыклад, бацькоў пяцігадовага хлопчыка зусім не здзівіла, што ён упершыню за ўсё жыццё  загаварыў).

Недалёкія людзі ідэнтыфікуюць Чабурашку як малпу, папугая і… Беларускую аўчарку. Сам Чабурашка таксама з дзівацтвамі — не можа адрозніць маму ад таты, затое добра разбіраецца ў шахматах. Для чаго ў фільме гэты герой? Я так і не зразумела. Калі  яго замяніць на пакемона, сабачку ці мядзведзіка – нічога б не змянілася. Хто ён? Навошта? Яго шкадаваць ці ім захапляцца? Сябраваць з ім дакладна не хочацца. Смерць маці і здрада сябра, дзіця ў смяротнай небяспецы – гэта паказваюць дзецям пад жаласлівую музыку — каб гледачы  пусцілі слязу. Фальшыва і брыдка. Канешне, у дзіцячым кіно ёсць месца псіхалагізму, драме і аналізу сацыяльных праблем — але ў гэтым фільме мы бачым толькі карыкатуру на псіхалагізм.Нікому з герояў не хочацца суперажываць. Усе яны, здзяйсняючы дрэнныя ўчынкі, застаюцца непакаранымі і не робяць высноў.

Мы пабачылі свет пакрыўджаных і слабахарактарных дарослых і істэрычных дзяцей. Тыповыя для расійскага кіно тэмы: безвыходнасць, бытавыя сваркі, злосць, крадзяжы і шантаж, сквапнасць, рабаванне, замах на забойства, карысць, цынізм, крывадушнасць – зразумела, чаму пасля ўсяго гэтага Чабурашка не жадае быць чалавекам. Я б таксама не захацела.

Што да гумару — то ён ніжэй за плінтус. Чаго толькі каштуе фраза абсіканага Чабурашкі “О, цёпленькая пайшла”…

Кіно знята без любові. Без любові да мінулага, да сваёй справы, да акцёраў, да гледачоў… Хаця,  адзін від любові тут прысутнічае — любоў да грошай.

Фільм «Чабурашка» — гэта дзве гадзіны стрэсу і негатыву для дзяцей і дарослых. Адзінае пытанне, якім задаліся мае дзеці – чаму Чабурашку ўсе ненавідзяць?

А я задалася пытаннем, чаму такая пустышка атрымала высокія касавыя зборы. А таму што няма ні канкурэнцыі, ні альтэрнатывы.

У Беларусі, на жаль, няпроста гадаваць дзяцей беларусамі. Куды ні глянь – спрэс Дні расейскай культуры, навукі і паэзіі. Выкрэсліваюцца і знішчаюцца беларускамоўныя спектаклі, гурткі, выставы, добрыя кнігі…Шчыра не хочацца, каб нашыя дзеці пачуваліся часткай “вялікага рускага” сюра пра Чабурашку.

Штодзень 
Аўтар: Мар’яна Ліс