Факты пра аднаго з архітэктараў рэпрэсій у Беларусі Івана Каржа

by ZB

На днях у гомельскіх афіцыйных выданнях быў апублікаваны сціплы некралог па прычыне сыходу з жыцця нараджэнца Петрыкаўскага раёна Івана Каржа.

У кароткіх зацемках паведамлялася пра тое, што ён большую частку жыцця прысвяціў працы ў КДБ, дзе даслужыўся да генерала. Апошнім месцам працы, паводле неафіцыйных звестак, у адстаўніка быў расейскі банк. У 1990-х ён атрымаў дыплом контрразведчыка на факультэце Вышэйшай школы Міністэрства бяспекі Расейскай Федэрацыі імя Ф. Дзяржынскага. Вось на гэтыя факты ў службовай кар’еры Івана Каржа варта звярнуць увагу, каб зразумець ягоныя матывы шалёнага змагання з усім нацыянальным спачатку на Гомельшчыне, а потым ва ўсёй Беларусі. Таксама гэты чалавек, адвучыўшыся ў РФ, спрычыніўся да разгрому арганізацый польскай меншасці на Гарадзеншчыне. Але – пра ўсё па парадку.

Калі вам падаецца, што Штодзень патрэбны, падтрымайце нас праз патрэон.

 

З 2005 па 2010 год Іван Корж быў начальнікам упраўлення КДБ па Гомельскай вобласці, дзе з яго імем звязаныя некалькі драматычных эпізодаў. У прыватнасці, ён мае дачыненне да разгрому моладзевых апазіцыйных арганізацый, завядзення палітычных спраў у дачыненні да лідараў Маладога Фронту, палітычных звальненняў і адлічэнняў з універсітэтаў. Іван Корж адыграў злашчасную ролю ў жыцці некалькіх маладых людзей, лёсы якіх былі паламаныя ў выніку дзеянняў ягоных падначаленых. У прыватнасці, адзін з лідараў жлобінскага Маладога Фронту Кірыл Атаманчык, які меў на той момант усяго 17 гадоў, пераследваўся па крымінальным артыкуле. Каб пазбегнуць арышту, маладзён быў вымушаны выехаць за мяжу, дзе знаходзіцца дагэтуль.

Кірыл Атаманчык. Фота: “Наша Ніва”

Яшчэ больш паказальны лёс студэнта-выдатніка Змітра Жалезнічэнкі, якога па прамым указанні Івана Каржа незаконна адлічылі з ГДУ імя Францыска Скарыны, а потым гвалтоўна адправілі служыць у войска. Пасля выхаду з арміі Зміцер з’ехаў за мяжу, дзе зрабіў паспяховую кар’еры ІТ-спецыяліста. Краіна страціла высокакваліфікаванага прафесіянала і патрыёта, затое Іван Корж быў задаволены.

На фота — праграміст з Гомеля Зміцер Жалезнічэнка, які ўдзельнічае ў дабрачынных праектах па набыцці аўтамабіляў хуткай дапамогі для ўкраінскіх бальніц

Гэты чалавек таксама меў дачыненне да пераследу студэнта гомельскага юрфака ГДУ Ігара Случака, якога за грамадскую дзейнасць дэманстратыўна затрымлівалі з выкарыстаннем сілы прама ва ўніверсітэцкай аўдыторыі. У выніку рэпрэсій Ігар быў вымушаны першы раз з’ехаць у эміграцыю. “Штодзень” звярнуўся па каментар да Ігара Случака, каб ён ацаніў дзейнасць генерала Каржа на ягонай пасадзе.

Андрэй Стрыжак, Ігар Случак і Аліна Нагорная з дзецьмі ў Вільні

 

Ігар Случак:

– Як юрыст, скажу, што Іван Корж быў дзяржаўным злачынцам і, на жаль, ён не панясе адказнасць за свае ўчынкі па прычыне смерці. На жаль, справядлівасць далёка не заўжды перамагае. Тым не менш я запомніў, як па яго ініцыятыве і пры падтрымцы прарэктара Гомельскага ўніверсітэта Сяргея Ханені, які ўжо таксама памёр, мяне забіралі на допыт проста з універсітэцкай аўдыторыі. Гэта змяніла мой лёс, ён не стаў лёсам юрысконсульта, следчага або суддзі. Лёс не стаў простым – цяпер я ўжо перажываю другую эміграцыю. Але калі згадаць лёс іх любімага Сталіна, затрыманні толькі ўмацавалі мяне ў маім змаганні супраць несправядлівасці. Таму я прыкладу ўсе намаганні, каб кожны дзяржаўны злачынца панёс справядлівае пакаранне і вярнуў у бюджэт усе незаконна атрыманыя сродкі, а беларуская мова стала зноў адзінай дзяржаўнай у Беларусі.

 

На Гомельшчыне Корж запомніўся не толькі палітычным пераследам апанентаў, але і карупцыйным скандалам, які атрымаў назву ў СМІ “Паляўнічая справа”. Калі коратка, то следчыя УУС Гомельскага аблвыканкама, займаючыся расследаваннямі карупцыйных злачынстваў, выйшлі на І. Каржа. У працэсе праверкі выявілася, што галоўны гомельскі чэкіст ажыццяўляў “добраўпарадкаванне на тэрыторыі ўласнага катэджа сіламі і сродкамі Гомельскага дарожна-будаўнічага трэсту без афармлення дамовы.” І толькі праз некалькі месяцаў Корж нібыта аплаціў частку сумы. А яшчэ былі сабраныя факты па незаконнай перадачы паляўнічых угоддзяў (запаведны лес ля вёскі Ляскавічы), які афармляўся на  падстаўную асобу. Некалькіх афіцэраў міліцыі, якія займаліся гэтай справай, арыштавалі і кінулі за краты. Калі гэтыя факты ўсплылі ў СМІ, Іван Корж падаў у суд на сваякоў міліцыянтаў-фігурантаў “паляўнічай справы”, якія нібыта распаўсюдзілі кампрамат у дачыненні да яго. Паводле рашэння Гомельскага абласнога суда, пазоў Івана Каржа аб абароне годнасці і дзелавой рэпутацыі быў задаволены.

Адзначым, што журналістам, якія спрабавалі асвятляць скандальны працэс, проста заткнулі раты пагрозамі, допытамі, разгромамі рэдакцый. Тады па Беларусі пракацілася хваля ператрусаў у рэдакцыях, праз якія прайшлі “Народная Воля”, “Хартыя” і іншыя выданні.

Пасля 2010 года, калі ўлада ў чарговы раз гвалтоўна разагнала пратэсты апанентаў, вопыт Івана Каржа спатрэбіўся ў іншых праблемных рэгіёнах краіны. І ён быў прызначаны кіраўніком Гарадзенскага абласнога КДБ. Менавіта ён адказны за знішчэнне арганізацый польскай меншасці на Гарадзеншчыне, а таксама пераследу дзеячаў апазіцыі ў Гародні.

Анджэй Паобут. Фота: Вясна

Цяперашні палітвязень, журналіст Анджэй Пачобут, у 2011 годзе быў збіты падчас допыту ў КДБ. Так “Еўрарадыё” апісвае той выпадак:

“У сваім блогу ў “Жывым журнале” Пачобут піша, што абраў на допыце тактыку маўчання, за што атрымаў удары па твары, грудзях і галаве. У выніку яму выдалі “Афіцыйнае папярэджанне пра недапушчальнасць супрацьпраўных паводзінаў”, якое абвясціў начальнік абласнога ўпраўлення КДБ Іван Корж…”

Пасля зачысткі Гарадзеншчыны заслужаны чэкіст Іван Корж быў адпраўлены кіраваць Інстытутам нацыянальнай бяспекі – установай, якая рыхтуе кадры для КДБ. Можна не сумнявацца, што свае каштоўнасці і вернасць РФ ён культываваў сярод слухачоў інстытута. Таксама можна з перакананасцю сцвярджаць, што ягоныя гадаванцы з ліку выпускнікоў установы праявілі сябе напоўніцу ў падзеях 2020 года і ў наступныя гады. Пазней, будучы дэпутатам так званага парламента, ён удзельнічаў у прыняцці шэрагу рэпрэсіўных законаў. Так што Івана Каржа можна лічыць адным з архітэктараў людажэрскага рэжыму, які вось ужо 30 год тэрарызуе насельніцтва Беларусі.

Штодзень


Просім падтрымаць нас на патрэоне.

Увага!!! З Беларусі не падтрымлівайце нас, паколькі гэта цягне за сабой рызыку крымінальнага пераследу.

 

 

 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png