Навіны горада

Дзеці з Мазыра забаўлялі расейскіх камуністаў і Зюганава, які заклікаў ачысціць Украіну ад нацызму

Калектыў “Палеская зорачка” з Мазыра выступіў у Маскве на вечарыне памяці Леніна і “падтрымаў дзяцей Данбаса”. Перад кіраўніком расійскіх камуністаў Генадзем Зюганавым дзеці з Мазыра танчылі танец “Беларусь і Расія”.

Гэта ўжо чацвёрты удзел калектыву з Мазыра ў камуністычных святах у Маскве. Ініцыятыва падобных палітычных выступаў, відавочна, сыходзіць з боку мастацкага кіраўніка ансамбля Алены Рудэнкі, якая таксама ўзначальвае раённую арганізацыю праўладнага “Беларускага саюза жанчын”.

Рудэнка сказала раёнцы “Жыццё Палесся”, што “атрымаць запрашэнне выступіць на вечары-канцэрце, прысвечаным памяці заснавальніка Савецкай дзяржавы Уладзіміра Ільіча Леніна, было прыемна і ганаров”, а Зюганаў “сустракаў юных мазырскіх артыстаў як родных”.

“Да таго ж кіраўнікі і юныя артысты гэтым выступленнем падтрымалі дзяцей Данбаса. Такія сустрэчы натхняюць творчасць і стварэнне новых творчых нумароў”, – упэўненая Алена Рудэнка.

Пры гэтым, верагодней, паездка адбылася зусім не за кошт расійскіх камуністаў, як можна было б падумаць. Мастацкі кіраўнік “зорачак” дзякуе за падтрымку кіраўніцтву раёна, старшыні раённага Савета дэпутатаў, “а таксама ўсім, хто дапамог”.

Кіраўнік расійскіх камуністаў Генадзь Зюганаў падтрымаў вайну ва Украіне і заяўляў пра тое, што “трэба ачысціць Украіну ад нацызму і бандэраўшчыны”.

У сакавіку 2022 года ЗША увялі санкцыі ў дачыненні да Зюганава за садзейнічанне вайне Уладзіміра Пуціна супраць Украіны.

Штодзень