Добрушскія прапагандысты распавядаюць пра тое, як кепска жыць у Польшчы

by homieldays

Сайт дзяржаўнай газеты “Добрушскі край” апублікаваў калонку галоўнага рэдактара пад назвай “Чаму ў Польшчы зноў загаварылі пра рэпарацыі ад Германіі і Расіі”. Галоўны рэдактар выдання, Сяргей Чайдак, — паважаны сярод гомельскіх чыноўнікаў чалавек. У верасні, напярэдадні прапагандысцкага свята Дня народнага адзінства, атрымаў ад кіраўніка вобласці нават цэлы медаль. І цяпер распавядае пра тое, што Польшча стала аўтсайдарам. Лейтматыў калонкі — Польшчы вельмі патрэбныя грошы, бо яе ліхаманіць ад крызісаў, таму яны і збіраюцца ацаніць суму кампенсацыі ад Расіі як спадчынніцы СССР.

Скрыншот старонкі прапагандысцкага выдання

 

У тэксце галоўны рэдактар не адмаўляецца ад выкарыстання мовы нянавісці. Напрыклад, на старонках афіцыйнага дзяржаўнага выдання выкарыстоўваецца слова “пшэкі”, “хадзіць па свеце з выцягнутай рукой”. Згадваюцца і словы Брэжнева, што “палякі грызліся з намі за кожную капейчыну”. Затое Сяргей Чайдак згадвае, як шмат грошай СССР выдаткоўваў на Польшчу. Нібыта з 1944 па 1960 гады СССР выдаў Польшчы цэлых 600 мільярдаў долараў. Праўда, Сяргей Чайдак замоўчвае пра тое, што ў чэрвені 1956 года ў Познані рабочыя заводаў выйшлі пратэставаць супраць жабрацкіх заробкаў і нізкага ўзроўню жыцця, які быў ніжэйшы, чым да вайны. Аднак сярод эканамічных транспарантаў (“Мы хочам хлеба для нашых дзяцей”, “Хочам жыць нармальна”) былі і палітычныя: “Прэч з камуністамі”, “Свабоды”, “Прэч з няволяй, прэч з сямюдзесяццю гадамі няволі”, “Прэч з Ракасоўкім”, “Хочам Польшчы каталіцкай, а не бальшавіцкай”.

Познань: чэрвень 1956. Фота: з калекцыі фундацыі "Ośrodek KARTA"
Познань, чэрвень 1956.Фота: PAP/ITAR-TASS

Напрыканцы прапагандысцкага тэксту Сяргей Чайдак робіць выснову: улады Польшчы будуць тлумачыць сваім грамадзянам, што ў краіне кепска жывуць, бо “рускія раскралі краіну і не заплацілі за нанесеную шкоду”. Між іншым, у Польшчы (паводле дадзеных ZUS, аналагу беларускага ФСАН, на сакавік 2023 года) толькі афіцыйна працуе 116 тысяч беларускіх грамадзян. Гэта як насельніцтва шасці Добрушаў. Някепска для краіны, дзе кепска жывуць.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png