Навіна з разраду: “Калі вы думалі, што ўжо нічому не здзівіцеся, то вы памыляецеся”. Крэатыўшчыкі Гомельскага тлушчавага камбіната, здаецца, дасягнулі свайго апагею.
Прынамсі, такога падарунка гораду і гараджанам да афіцыйнага Дня Незалежнасці Беларусі ў горадзе, ды і ва ўсёй краіне, яшчэ ніхто не рабіў.
Дык вось, да 3 ліпеня тлушчавы камбінат вырашыў падарыць Гомелю і гараджанам….кавалак велічэзнага гаспадарчага мыла вагой 2,5 тоны. Улічваючы цяперашнія часы, аб меркаваным ужыванні гэтага мыла застаецца толькі здагадвацца.
Ужо прадчуваем, як гэты падарунак на ўрачыстых святкаваннях кіраўнікі тлушчавага камбіната будуць прэзентаваць кіраўніку Гомельшчыны і самога Гомеля.
Калі хочаце паглядзець на гэта асабіста, то мы ведаем месца, дзе гэта будзе адбывацца: 3 ліпеня прадстаўнікі прадпрыемства прэзентуюць той самы кавалак мыла ў зоне адпачынку “Пруды” ў Навабеліцкім раёне Гомеля.
“На камбінаце спадзяюцца, што гомельцы і госці горада ацэняць сюрпрыз, прыйдуць на яго паглядзець, зладзіць на яго фоне фотасесіі”, – анансавалі на самім тлушчавым камбінаце.
Але і гэта яшчэ не ўсё. Вы здзівіцеся, але акрамя мыла тлушчавы Гомельскі камбінат таксама ганарыцца сваім “смачным маянэзам, да якога з часам дадалася лінейка кетчупа, гарчыцы і хрэна”. Гэта ўсё проста шыкоўна.