Цікавы драўляны будынак прадаюць на аўкцыёне, але шансы на яго выратаванне мінімальныя

by ZB

Незвычайны драўляны будынак у Вілейскім раёне прадаецца на аўкцыёне. Нават гомельцы, пры ўсё разнастайнасці нашай драўлянай архітэктуры, звярнулі б на яго ўвагу.

Былое памяшканне сельскага клуба памерам 308.70 м² знаходзіцца ў вёсцы Талуць (побач з трасай Мінск–Маладзечна–Нарач). Кавалак зямлі 0.192 га перадаецца новаму ўласніку на ўмовах арэнды.

Першапачатковая цана 2 880 руб. (па словах арганізатара таргоў, гэта кошт са зніжкай 80%) была б вельмі прывабнай, каб не два істотных “але”. Па-першае, падчас аўкцыёну кошт можа шматкротна вырасці.

Па-другое, нерухомасць прызначана выключна пад правядзенне культурна-асветніцкіх і забаўляльных мерапрыемстваў. Будынак у вёсцы мог бы зацікавіць прадстаўнікоў агратурызму, але з-за заканадаўчых абмежаванняў гэтая галіна зараз у заняпадзе. Калі б новы ўласнік мог выкарыстоўваць памяшканне пад любыя патрэбы (гатэль, крама, офіс ці жыллё), рэалізаваць будынак было б куды прасцей. Па фота бачна, што стан забудовы дрэнны, тэрмінова патрэбны сур’ёзны рамонт. Застаецца толькі спадзявацца, што новы гаспадар з’явіцца раней, чым прыгожы будынак пераўтворыцца ў груды будаўнічага смецця.

Штодзень 

Фота: orgtorg.by, realt.by

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png