Ці бачылі вы сонечныя панэлі на гомельскіх вуліцах?

by homieldays

Альтэрнатыўная энергетыка ўжо сёння складае сур’ёзную канкурэнцыю традыцыйным спосабам атрымання энергіі. Беларусь, якая не мае ні нафты (мы фактычна выкарысталі ўсе свае запасы), ні газу, ні вугалю, – адзін з аўтсайдараў сярод еўрапейскіх краін па вытворчасці энергіі з аднаўляльных крыніц. Пры гэтым у краіне нізкая шчыльнасць насельніцтва (125 месца сярод 194 краін), а значыцца, знайсці месца для ветрагенератаў беларусам куды прасцей, чым значнай частцы заходніх суседзяў. Доля прыватнага сектара ў забудове большасці нашых гарадоў даволі вялікая, але ці бачылі вы сонечныя панэлі на гомельскіх вуліцах? Чаму так адбываецца, разбіраўся “Штодзень”.

Здымак носіць ілюстрацыйны характар

 

Каласальную ролю ў папулярызацыі альтэрнатыўнай энергетыкі ў краіне звычайна адыгрывае дзяржава. Вось у чым заключаецца яе роля:

– стварэнне заканадаўчай і матэрыяльнай базы для здабывання зялёнай энергіі як прадпрыемствамі, так і ўласнікамі жылой забудовы,

– папулярызацыя ідэі зялёнай энергетыкі сярод насельніцтва,

– эканамічнае стымуляванне (і юрыдычныя, і фізічныя асобы павінны адчуваць выгаду ад перахода на спажыванне энергіі з аднаўляльных крыніц).

Сонечныя панэлі на ратушы Фрайбурга, Германія. Фота: www.dw.com

 

То бок масавы пераход да альтэрнатыўнай энергетыкі адбудзецца, калі значная частка насельніцтва будзе ўсведамляць значнасць гэтага кроку, падключыцца да спажывання энергіі ад ветру ці сонца зможа кожны жадаючы, а эканамічная выгада ад перахода будзе адчувальная ў бліжэйшай перспектыве.

Дык чаму з боку дзяржавы не зроблены адпаведныя крокі? Пэўны ўплыў маюць антрапалагічныя (прагрэсіўнае мысленне не з’яўляецца адметнай рысай беларускай адміністратыўнай вертыкалі), але ў большай ступені эканамічныя чыннікі.

Вытворцамі зялёнай энергетыкі, як правіла, становяцца прыватныя кампаніі. Цяпло і свет ад спальвання газу і нафты ў Беларусі даюць дзяржаўныя прадпрыемствы. Паколькі фактычна яны з’яўляюцца манапалістамі, то прыбытак маюць неблагі. Забіраць даходы дзяржпрадпрыемстваў для фінансавання таго, на што не стае грошай у бюджэце, для Беларусі звычайная справа. Праца ў такіх прадпрыемствах з’яўляецца даволі прэстыжнай: стабільна высокі заробак, няма дэфіцыту кадраў і, адпаведна, перагружанасці службовымі абавязкамі.

Здымак носіць ілюстрацыйны характар

Разгледзім для прыкладу развіццё альтэрнатыўнай энергетыкі ў нашай суседкі — Польшчы.

Пасля ўступлення краіны ў ЕС тут актыўна сталі ўзнікаць і развівацца прыватныя кампаніі, вытворцы зялёнай энергіі. Але апошнім часам ветракі ў Польшчы будуюць не так актыўна.

Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Фота: https://www.wnp.pl/

 

Многія жыхары Польшчы ўсталёўвалі сонечныя панэлі на сваіх прыватных дамах. Але забяспечыць нават невялічкую прыватную гаспадарку выключна сонечным святлом уласнай вытворчасці складана – ноччу і ў пахмурныя дні сонца няма. Звычайна выкарыстоўваецца камбінаваная сістэма: спажывец бярэ на свае патрэбы энергію ад энергетычнага прадпрыемства, а тое, што атрымаў ад панэляў на ўласным падворку, наадварот, аддае. Аплачваецца, адпаведна, розніца паміж спажытым і аддадзеным. Але на дадзены момант, паводле дадзеных часопіса “Палітыка”, у кожным другім выпадку энергетычныя прадпрыемствы адмаўляюць ахвотным у падключэнні ўласных сонечных панэляў да агульнай сеткі. Бо гэта не выгадна, а часам і тэхнічна складана. Напрыклад, няма дзе назапашваць лішкі выпрацаванай энергіі – пра наяўнасць адмысловых “сховішчаў”, а таксама пра эканамічнае стымуляванне (напрыклад, праз зніжэнне падаткаў) павінна была паклапаціцца дзяржава.

Пры ўсім гэтым значная доля энергіі ў Польшчы ўсё роўна будзе заставацца зялёнай, бо краіна ўваходзіць ў ЕС і мусіць прытрымлівацца пэўных стандартаў.

У Беларусі ж няма фактараў, якія б прымушалі б улады, мяняць экалагічную свядомасць. Становішча ўскладняецца і супольнасцю інфармацыйнай прасторы з Расіяй. Пры алігархічнай сістэме размеркавання каласальных даходаў ад нафты і газу на дзяржаўным узроўні ідэі чыстай энергіі не папулярызуюцца. Часам альтэрнатыўная энергетыка нават атаясамліваецца з шарлатанствам.

Адзінае, што застаецца на дадзены момант беларусам – мяняць уласнае жыццё і ўласныя звычкі, каб рабіць іх больш экалагічнымі і прагрэсіўнымі.

 

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png