Былы супрацоўнік «Гомсельмаша»: «На тое, каб завод замаўчаў і не падняўся, было кінута вельмі шмат сілаў»

Былы токар «Гомсельмаша» Валерый Крахмалаў у 2020 годзе быў назіральнікам на выбарах, зладзіў на працоўным месцы сядзячую забастоўку, а пазней быў вымушаны нелегальна з'ехаць з Беларусі. «Штодзень» паразмаўляў з ім пра абстаноўку на прадпрыемстве пад час пратэстаў і пасля яе, а таксама магчымыя ваенныя замовы, якія завод мог выконваць для расійскай арміі.

by Volha Bykouskaja
Валерый Крахмалаў

Фота “Гомельская Вясна”

Распавядзіце пра сябе, чым займаліся на «Гомсельмашы». Як доўга там працавалі?

Мяне клічуць Валерый Крахмалаў. Я былы супрацоўнік прадпрыемства “Гомсельмаш”, там я адпрацаваў больш за 10 гадоў. Працаваў простым рабочым, майстрам.

У 90-ых на Сельмашы былі буйныя пратэсты і забастоўкі, тады рабочыя змаглі адстаяць свае правы. Як вы думаеце, ці засталося нешта ад гэтага духу ў сённяшнім заводзе?

Не, пасля 90-ых кіраўніцтва завода і не толькі яно (бо ў 90-ыя не адзін «Сельмаш» страйкаваў) – нават кіраўніцтва Беларусі зрабіла высновы. З пачаткам нулявых усякае іншадумства на заводзе душылася, людзей запалохвалі, падкуплялі ці проста звальнялі непажаданых. Тым больш, што Лукашэнка праз сістэму кабальных кантрактаў зрабіў па сутнасці рабочых рабамі.

Ды і пасля 90-х так званыя дзяржпрафсаюзы рэзка перасталі абараняць правы працоўных і пераключыліся на падтрымку выключна кіраўніцтва. А таксама парушылі адзін з галоўных прынцыпаў прафсаюзнага руху – прафсаюзы па-за палітыкай і па-за вайной.

Цяпер яны на ўсю моц падтрымліваюць і рэжым Лукашэнкі, і ўварванне Расіі ва Украіну.

А якія былі ўмовы работы на заводзе? У нейкі момант з’явіліся скаргі супрацоўнікаў на вельмі нізкую тэмпературу ў цэхах… Ці рэагавала на скаргі кіраўніцтва?

Дэлегацыя пакупнікоў на заводзе зімой. Фота: Гомсельмаш

Гэта было. У некаторых цэхах былі выпадкі замярзання змазвальна-астуджальнай вадкасці. Акрамя таго, зімой станочнікі ў цэхах вымушаны былі працаваць у целагрэйках. Хаця так нельга.

Завод будаваўся яшчэ ў часы саўка, і тады праблем з нізкай тэмпературай на працоўным месцы не ўзнікала. Замярзаць на заводах (бо нізкія тэмпературы – гэта праблема не толькі «Сельмаша») людзі сталі ўжо пад уладай Лукашэнкі.

Кіраўніцтва проста не магло ды і не можа вырашыць гэтую праблему. Бо для гэтага сам завод трэба перабудоўваць: будаваць новыя цэхі і ствараць новыя лініі вытворчасці. На заводзе вельмі зношаны станочны парк, многія станкі ўжо даўно выпрацавалі свой рэсурс і патрабуюць замены.

Дагэтуль на заводзе ўсё робіцца як пры саўку, хаця пасля развалу СССР прайшло ўжо больш за 30 гадоў, і прагрэс не стаіць на месцы.

Як разгортвалася сітуацыя на прадпрыемстве ў 2020 годзе? Якімі былі настроі ў рабочых?

Заява Валерыя Крахмалава на забастоўку. Фота: “Гомельская Вясна”

У 2020 годзе на прадпрыемстве як і па ўсёй краіне адчуваўся ўздым пратэстных настрояў. Рэйтынг Лукашэнкі ўпаў ніжэй за плінтус. Нават некаторыя людзі з кіраўніцтва завода ў прыватных гутарках казалі, што на выбарах у (жніўні 2020-га) не будуць за яго галасаваць.

Тады, у разгар пратэстаў, на «Гомсельмашы» былі спробы правядзення забастовак і мітынгаў. Быў выпадак, калі баючыся адкрытага выступу, людзей проста зачынілі ў цэху, каб яны не выйшлі на вуліцу. Да таго ж, тады (у жніўні 2020-га) частка кіраўніцтва і інжынераў падтрымлівалі пратэсты.

Работнікі завода таксама выходзілі на пратэсты ў горадзе. Некаторых з іх затрымлівалі сілавікі, нехта сядзеў суткі. Але справа ў тым, што на той момант вельмі шмат хто з іх быў ужо ва ўзросце.

Я не раз на сваё пытанне: “Чаму вы маўчыце?” – чуў ад іх адгаворкі, што, маўляў, яны таксама галасавалі супраць Лукашэнкі, але выступіць адкрыта або выйсці на забастоўку баяцца. Маўляў, ім да пенсіі засталося ад года да сямі, і ў выпадку, калі, як ім казала кіраўніцтва завода і прафсаюз, іх звольняць, больш працы не знайсці.

З дапамогай «лідараў» гэтага так званага «завадскога прафсаюза» і некаторых чальцоў кіраўніцтва значную частку людзей атрымалася папросту запалохаць.

Нельга сказаць, што гэта ўсё адбылося ў адзін дзень, запужвалі гадамі, пагражаючы скарачэннем ці пераводам на іншую працу.

Як сітуацыя развівалася далей?

За восень 2020 года ўсе пратэстныя настроі на заводзе былі задушаныя. Кагосьці звольнілі, нехта сышоў сам. Асноўная маса проста маўчала, баючыся страціць працу.

Немалую ролю ў гэтым адыграў прафсаюз: тым, хто адкрыта падтрымліваў улады, удзельнічаў у так званых аўтапрабегах і мітынгах у падтрымку самазванца, абяцалі ўзнагароду, а нярэдка і дапамагалі фінансава. Хаця становішча самога прадпрыемства на той момант было не вельмі добрым, былі вялікія пазыкі.

На тое, каб «Сельмаш» маўчаў і не падняўся, было кінута вельмі шмат сіл.

Пасля 2020-га года прадпрыемства пакінула шмат нязгодных з палітыкай Лукашэнкі і кіраўніцтва завода людзей (прычым сыходзілі не толькі рабочыя, а і інжынеры, кіраўнікі), на заводзе рэзка ўзнік недахоп кадраў. З кожным годам ён узрастае.

З пачаткам поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны на заводзе спрабавалі браць некаторыя замовы для войска РФ. Такім чынам удалося крыху палепшыць сваё фінансавае становішча, але гэта не панацэя. У Беларусі крызіс, і «Сельмаш» таксама яго адчувае.

У людзей упалі заробкі, бо загружанасць працай можа вагацца на заводзе на працягу года (да прыкладу, летам загрузка – больш, зімой – менш). Некаторых людзей адпраўлялі ў так званыя «адпачынкі за свой кошт». Гэта было і да 2020 году.

Так, у 2019 годзе людзі, якія працуюць у адным з дапаможных падраздзяленняў завода вымушаныя былі кожны месяц не менш за два дні «гуляць» за свой кошт. Але цяпер праблемы абвастрыліся. На думку старых рабочых, становішча завода ўсё горш і горш.

А што за ваенныя замовы? Ці былі яны прыбытковымі?

Фота: Гомсельмаш

Так як РФ патрапіла пад санкцыі з 2022 года, на «Сельмашы» акрамя ўсяго іншага спрабавалі вырабляць некаторыя дэталі, якія зараз у РФ вырабіць праблемна.

Наколькі я ведаю на заводзе бралі некаторыя замовы для арміі РФ. Гэта маглі быць, скажам, нейкія дэталі для машын ці дэталі так званага падвойнага прызначэння.

Напрыклад, запчасткі гусенічнай падвескі. Яны могуць ісці як на звычайныя трактары, якія працуюць у сельскай гаспадарцы, так і на ваенную тэхніку. Але сказаць дакладней я не магу, тым больш, што на той момант я ўжо на заводзе не працаваў.

Наколькі паспяхова ўсё гэта было, я не бяруся рабіць высноваў. Але, калі браць пад увагу, што яшчэ да 2020 года ў прадукцыі прадпрыемства быў значны працэнт браку, то… Не думаю, каб зараз сітуацыя стала лепшай.

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png