Былы настаяцель храма на мяжы Беларусі і Украіны, якога адхілілі ад служэння: «Сёння БПЦ — таталітарная секта»

by ZB

У канцы восені 2022 года на сайце Гомельскай епархіі БПЦ Маскоўскага Патрыярхату нечакана з’явілася інфармацыя пра тое, што ў храме Раства Прасвятой Багародзіцы, які знаходзіцца ў аграгарадку Прыбыткі, нечакана змянілі настаяцеля. Многіх такія перамены шакавалі, бо прыхаджане вельмі шанавалі і паважалі протаіерэя Пятра Пракапцова. Хоць чуткі пра тое, што адносіны з арцыбіскупам Стэфанам у яго, мякка кажучы, не складваюцца, хадзілі даўно. Па словах вернікаў, архірэй не раз спрабаваў знайсці падставу, каб прыбраць настаяцеля ў Прыбытках. І, мяркуючы па ўсім, «удалы выпадак» усё ж падвярнуўся.

Пётр Пракапцоў

Днямі ўжо былы настаяцель храма Раства Прасвятой Багародзіцы ў Прыбытках запісаў відэа, у якім шчыра распавёў пра прычыны свайго сыходу, пра тое, што на яго вачах адбывалася ў першыя дні ваеннага ўварвання Расеі на тэрыторыю Украіну, і пра тое, што на самой справе цяпер адбываецца ўнутры БПЦ Маскоўскага Патрыярхату.

Пра пачатак вайны: «У першыя дні расейскага ўварвання вайсковая тэхніка праходзіла праз наш прыход»

Мясцовыя прыхаджане ў курсе: Пётр Пракапцоў, які быў настаяцелем прыходу амаль 20 гадоў з першых дзён вайны вельмі востра ўспрыняў агрэсію Расеі супраць Украіны. Сітуацыю пагаршала тое, што праз вёску Прыбыткі ішла акупацыйная тэхніка. Праз вайну многія вернікі нават перасталі прыходзіць на набажэнствы — не хацелі памінаць у малітвах Патрыярха Кірыла, бо ён адкрыта падтрымліваў расейскую агрэсію супраць Украіны.

«Наш храм знаходзіцца на тэрыторыі былога ваеннага гарадка. Прыход даволі складаны. Людзі, якія з’яўляюцца былымі савецкімі вайскоўцамі, – гэта не вельмі лёгкі для пастарства кантынгент, – кажа айцец Пётр. – На Вялікдзень я асвятляў кулічы гэтым людзям…».

Па словах былога настаяцеля храма, большасць усёй ваеннай тэхнікі, якая ў першыя дні вайны ішла на Кіеў, праходзіла праз яго прыход:

«Асабліва шмат верталётаў у сакавіку пралятала над храмам. Дзесьці па 50 на дзень. Калісьці больш, калісьці менш. Было відаць, якое ўзбраенне яны нясуць. Мы знаходзіліся зусім блізка ад мяжы з Украінай, таму чулі нават гул кананады. Мы чулі, як бамбілі Украіну. У гэтыя дні было вельмі цяжка памінаць у малітвах Патрыярха Кірыла як прадстаўніка царквы, але я стрымліваўся» […].

«Мне таксама паступалі прапановы, каб я дабраславіў гэтую так званую спецаперацыю. Тады я не знайшоў у сабе мужнасці адмовіць наўпрост. Сказаў, што мне трэба больш “сур’ёзнае дабраславенне”. Вядома ж, я не збіраўся яго браць. Таму што наша свяшчэннаначалле на гэта б дакладна дало дабро. Я вырашыў для сябе, што рабіць гэтага не буду. У маім разуменні гэта супярэчыць волі Божай. Таму што не можа быць воляй Божай братазабойчая вайна. Адзіная мэта палітыкаў, якія яе пачалі – захаванне сваёй улады. І ў Лукашэнкі, і ў Пуціна»[… ].

«У тыя дні мы баяліся, што з боку Украіны прыйдзе адказ у выглядзе ракет. І гэта было цалкам лагічна пасля таго, што ў бок Украіны ляцела з боку нашай парафіі. Пасля таго, як украінцы разбілі верталёты, якія прыляцелі да іх з Беларусі, мабыць, верталётную базу са старога аэрадрома прыбралі, а на тым месцы ўсталявалі ракетныя комплексы» […].

Падчас свайго відэазвароту айцец Пётр распавёў трагічную гісторыю былога панамара свайго прыходу.

«Яго завуць Яўген Глушкоў. Ён служыў у нас панамаром да 2020 года. Выдатны хлопец з вельмі веруючай сям’і. Працаваў ветурачом. Яго арыштавалі ў жніўні. Праверылі яго тэхніку – знайшлі відэа з дрона. На іх былі кадры старога аэрадрома з размешчанымі на ім стартавымі ракетнымі комплексамі. Хлопца абвінавацілі ў здрадзе Радзіме! Ад судовых дазнаўцаў я даведаўся, што прысудзілі 20 гадоў турмы без права на амністыю. Я ведаю, што нейкі час Жэня жыў у Кітаі, рок-гурт у іх з хлопцамі быў ва Украіне. Мабыць, за гэта ўсё, і за тое, што подтрымліваў кантакты з сябрамі з Украіны, яго і абвінавацілі ў здрадзе Радзіме. Хоць афіцыйна Беларусь не ваюе з Украінай.

Пакуль я служыў настаяцелем у храме, я маліўся за гэтага хлопца. І іншаму настаяцелю таксама перадаў просьбу, каб ён працягваў за яго маліцца».

 

Аб адхіленні ад свяшчэннаслужэння: «Абражалі здраднікам і беглым з карабля пацуком»

«Хачу ўсё ж распавесці, як я дакаціўся ад такога жыцця і быў адхілены ад свяшчэннаслужэння, – гаворыць айцец Пётр на відэа. – «У пачатку сакавіка, калі пачалася гэтая так званая спецыяльная вайсковая аперацыя, я пайшоў да нашага арцыбіскупа Стэфана і папрасіў яго аб канфідэнцыйнай размове. Распавёў пра свае пачуцці ў сувязі з пачаткам вайны, што хачу перайсці ў іншую епархію. Я хацеў з’ехаць з краіны і служыць там. Пры гэтым я ведаў, што ў матэрыяльным плане гэта не лепшы выбар. Таму што святары за мяжой ад прыходу жыць не могуць, яны там працуюць. Але ўладыка Стэфан замест таго, каб пакінуць гэтую размову канфідэнцыйнай, пачаў крычаць на мяне. Абражаў здраднікам і беглым з карабля пацуком. І чамусьці разнёс на ўсю епархію, што я хачу бегчы ў Амерыку. Сітуацыя склалася вельмі неадназначная»[…].

У хуткім часе айцец Пётр зрабіў візу ў Літву – вырашыў з’ехаць у Вільню і папрасіцца ў кліру Віленскай епархіі.

«За той час, пакуль я туды ехаў, святароў, якія не хацелі памінаць Патрыярха Кірыла ў малітвах, і якія хацелі перайсці ў кліру Канстанцінопальскага Патрыярхату, пазбавілі Святога сану. Вельмі важны момант: гэта не адлучэнне ад царквы, гэта не нейкае дысцыплінарнае рашэнне – гэта пазбаўленне Сану! Такое адчуванне, што нашы сучасныя іерархі не зусім разумеюць, што значыць «насіць Святы сан». Сакрамэнт святарства, як і любы сакрамэнт царквы, даецца чалавеку па веры. Гэта значыць, павінен быць чалавек, які адпавядае канонам, з адпаведнымі якасцямі, з адпаведным узроўнем духоўнага жыцця і адукацыі. І па яго веры над ім здзяйсняецца хіратонія».

 

Даведка «Штодзень»

Хіратонія (пасвячэнне, святарства) – гэта літургічнае пасвячэнне, праз якое адбываецца ўзвядзенне ў адну з трох ступеняў духавенства. Паводле канонаў хрысціянства – гэта Сакрамэнт, у якім з дапамогай свяціцельскага пасвячэння


«Дух Святы пастаўляе служыцеля царквы праводзіць Сакрамэнту і быць пастырам статка Хрыстова».

«Гэта не франшыза, як думаюць нашы прадстаяцелі. Гэта сакрамэнт. А сакрамэнт нельга адабраць, – ледзь стрымлівае эмоцыі айцец Пётр. – Нават калі чалавек упадае ў нейкія грахі, яго не пазбаўляюць Сану. Пры гэтым тых, хто не хацеў памінаць Патрыярха Кірыла, яго ў Беларусі пазбавілі. Кананічна гэта вельмі нікчэмнае дзеянне. Я нават не хачу паглыбляцца ў дэталі таго, што адбылося» […].

«Калі я прыехаў у Вільню і прасіўся ў Віленскую дыяцэзію, там здзівіліся, маўляў, чаму я вырашыў, што пазбаўленне Святых санаў у Беларусі адбываецца несправядліва. Святары з Вільні сказалі: «Яны ж хацелі здзейсніць раскол. Не можа быць двайны іерархіі» […].

Але ў той жа Амерыцы падвойная іерархія ёсць, і неяк яны там суіснуюць усе. Там ёсць нават Асамблея праваслаўных епіскапаў».

У Віленскую епархію Пятра Пракапцова пагаджаліся ўзяць толькі пры наяўнасці адпускной граматы ад арцыбіскупа Стэфана. Але, натуральна, той адпускной граматы протаіерэю не даў.

«Ён пагражаў, што, калі я не вярнуся, мяне таксама пазбавяць сану. Я вярнуўся. І прынёс яму пісьмовае пакаянне, – успамінае тыя падзеі святы айцец. – Праз нейкі час па асабістых справах мне трэба было выехаць у Польшчу. Прысвячаць у гэта біскупа я не хацеў. Таму і дабраславення на гэтую паездку я ў яго не браў. Але як толькі я перасёк мяжу Беларусі па вяртанні дадому, у мяне пачаў абрывацца тэлефон. Мяне спрабавалі выкрыць у тым, што я парушыў 15-е апостальскае правіла».


Даведка «Штодзень»

15-е апостальскае правіла забараняе кожнай духоўнай асобе пакідаць сваю царкву і пераходзіць на царкоўную службу ў іншую епархію, прадпісваючы «забараніць свяшячэннаслужыцельстваваць, асабліва ж, калі біскуп, у падпарадкаванні якога ён знаходзіўся, запрашае яго вярнуцца, а ён яго не слухаецца».

 

«Але гэтага парушэння не было. Так, я прапусціў адно набажэнства ў сваім храме, але я вярнуўся… Мяне звольнілі і аддалі працоўную кніжку, – кажа святар. – Калі я хадзіў забіраць свае асабістыя рэчы, на мяне хацелі выклікаць міліцыю. Наогул шмат непрыемных рэчаў зрабілі. Але Бог ім суддзя» […].

«Калі шчыра, я сам ад сябе не чакаў, што прыму гэтую сітуацыю з такім спакоем. Мне раней здавалася, што пазбаўленне Святога Сану – гэта самае страшнае.

Цяпер я застаўся без сродкаў да існавання. Але я ўпэўнены: гэтая з’ява часовая. Апостал Павел таксама працаваў. І за мяжой гэта так. Можна служыць у царкве і працаваць, да прыкладу, у сельскай гаспадарцы»[…].

Што тычыцца сітуацыі ў праваслаўнай царкве, то, на мой погляд, сёння наша праваслаўная царква з сябе ўяўляе таталітарную секту».

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png