У Дабрыні, што на Чачэршчыне, ёсць воінскае пахаванне, дзе пахаваныя расстраляныя немцамі ў 1942 годзе маладыя мужчыны і юнакі. Як распавяла мясцовая раёнка, «нядаўна тут на зрэзе бярозы знайшлі малюнак, які нагадвае твар мужчыны».
Па далейшым тэксце зразумела: тыя, хто знайшоў, успрыняў усё вельмі сур’ёзна і накіраваўся ў царкву: «Ці не цуд гэта? Ці не лік?» Але святары не надалі «здарэнню значэння і тлумачаць гэта звычайнай гульнёй прыроды».
«А ўжо верыць у цуд ці не – вырашаць кожнаму індывідуальна. Але ўжо сапраўды маці-прырода можа ўразіць і агаломшыць. Трэба толькі заўважыць гэта», – абвяшчае раёнка.
Можна толькі здзіўляцца здольнасці прапагандыстаў верыць ва ўсё адразу і змешваць хрысціянства і паганства, а таксама хрысціянскія цуды на месцы цалкам атэістычнага вайсковага пахавання.
У раёнцы параўноўваюць «дабрыньскі цуд» з ярка-ружовым колерам вады ў возеры Хілер у Аўстраліі, падпаленай скалой Янардаг у Азербайджане і іншымі прыроднымі цудамі, а таксама гульнямі аблокаў і зрэзамі дрэваў у іншых месцах, дзе разглядзелі звышнатуральныя і «божыя» з’явы.