Прыбыткі ад продажу кнігі пойдуць на рэабілітацыйны цэнтр «Ланка» – грамадзянскі гуманітарны праект па аднаўленні псіхічнага і фізічнага здароўя, рэадаптацыі ды сацыялізацыі ва Украіне.
-Мы хутка выпусцім кнігу Bloodlands 20/22 Belarus/Ukraine, – паведамляюць яе аўтары ў сваіх сацыяльных сетках. Тыя самыя аўтары – гэта гомелец Алесь Плотка (літаратар і музыка, вакаліст гуртоў Sož і Baisan&Yasinski, ён жа – аўтар трох кніг паэзіі і кніг-перакладаў на мову), Алесь Пілецкі (вядомы фатограф і журналіст) ды Станіслаў Крупаж (чэшскі вайсковы журналіст).
Пра будучую кнігу, якая зусім хутка пабачыць свет, Алесь Плотка гаворыць вось што:
– Bloodlands 20/22 Belarus/Ukraine – гэта мае вершы, якія вы маглі чытаць у фэйсбуку з 2020-га, усе яны добра вам знаёмыя (нічога новага, ага). Разам з імі — ужо гістарычныя фота двух маіх суаўтараў – Алеся Пілецкага і Станіслава Крупажа. <…> У кнізе знайшлося месца і пяці перакладам маіх украінскіх калегаў, бо я палічыў патрэбным, каб выказванне пра Украіну не было выключна маім. <…> Кніга выходзіць у лонданскім выдавецтве «Скарына», і гэта асаблівы гонар для мяне. Уладзімір Міхневіч (ака Magenta Studio) скампанаваў з кнігі сапраўдны шэдэўр друкарства.
У фокусе аўтараў — «крывавыя землі», Беларусь і Украіна, і іх пакутліва розны шлях дэкаланізацыі.
Папярэднюю замову па зніжаным кошце можна зрабіць да 5-га чэрвеня. Кніга выйдзе ў канцы чэрвеня і яе можна будзе атрымаць па пошце ці забраць на адной з трох пацверджаных прэзентацый у Варшаве (ужо вядома, што яна адбудзецца 9-га ліпеня), Вільні і Празе.
Увесь прыбытак будзе накіраваны рэабілітацыйнаму цэнтру «Ланка», створанаму беларусамі ва Украіне.
Замовіць кнігу можна ТУТ.