У мінулым годзе “ЛВЛ Эвалюшн” паведамляла, што беларуская мова на іх таварах з’явіцца. Цяпер жа Ігар атрымаў ад іх інфармацыю, што кампанія ажыццяўляе працу па рэбрэндынгу прадукцыі пад уласнай гандлёвай маркай. У рамках рэбрэндынгу на ўсю прадукцыю, якая вырабляецца пад гандлёвай маркай “Лыжка ў далоньцы” ва ўпакоўцы тыпу “паўч” і Tetra Pak (а гэта прыкладна 70% ад агульнага аб’ёму), нанесена інфармацыя аб прадукце на беларускай мове.
“Зараз у кожнай краме ёсць ежа для дзяцей з беларускай мовай і кожны з беларускіх бацькоў можа бачыць яе кожны дзень у сваім доме. Для гэтага не спатрэбілася нічога акрамя нашай настойлівасці, часу і зваротаў. Мы ганарымся гэтым вынікам, бо мова – гэта аснова культуры і дзяржаўнасці Беларусі. Без яе нічога не будзе”, – піша Ігар Случак.
Пісаць звароты да беларускіх вытворцаў дзіцячага харчавання Ігар Случак пачаў яшчэ ў 2020 годзе, пасля таго, як у іх з Алінай Нагорнай нарадзіўся сын. Толькі ў верасні 2021 года кампанія “Аазіс Груп” адказала, што дадасць беларускую мову на сваю прадукцыю, калі з’явіцца тэхнічная магчымасць. І толькі ў сакавіку 2023 года беларуская мова з’явілася на прадукцыі Bambolina, якую выпускае кампанія (на патчах пюрэ і пакунках соку). Такім чынам Bambolina стала першым дзіцячым харчаваннем з беларускай мовай у масавай прадукцыі.
Дарэчы, ёсць пяць буйных беларускіх вытворцаў дзіцячага харчавання, два з іх ужо дадалі беларускую мову да ўпаковак сваёй прадукцыі. Чарга – за іншымі!