Навіны горада

“Андрэй здзейсніў свой учынак ад сэрца”

Былы палітзняволены згадвае пра айцішніка, які зняў калону расійскай тэхнікі

Былы палітзняволены і гамяльчук Алег Барадзін згадвае пра айцішніка Андрэя Уткіна, які асуджаны за фота расейскай вайсковай тэхнікі. Гомельскі IT-спецыяліст ужо другі раз свой дзень народзінаў адзначыць за кратамі.

Даведка. Жыхар Гомеля Андрэй Уткін асуджаны на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Яго затрымалі за тое, што ён сфатаграфаваў калону расійскай тэхнікі і пераслаў гэта тэлеграм-каналу “Беларускі гаюн”.

12 снежня дзень нараджэння ў палітвязня Андрэя Уткіна. З Андрэем я пазнаёміўся на чацвёрты дзень сваіх сутак у Гомельскім ІЧУ. У мяне да гэтага часу перад вачыма стаіць эпізод, як гэты малады высокі хлопец у сіняй кофце рабіў прысяданні, каб сагрэцца ў халоднай прамерзлай камеры.

Андрэй — высокі, хударлявы, малады айцішнік 91-га года нараджэння. Цёмныя валасы, кароткая стрыжка, худы, з ярка выяўленымі скуламі твар і акуляры… Жыве з пажылымі бацькамі, адзіны сын у сям’і. Паводле ягоных слоў, быў жорстка затрыманы супрацоўнікамі ГУБОПіК ў масках і бронекамізэльках.

Узялі хлопца за тое, што зняў на відэарэгістратар сваёй машыны грузавік рускіх акупантаў на вуліцы Савецкай у Гомелі. Адразу пасля апублікавання гэтай фатаграфіі на адным з тэлеграм-каналаў Андрэй з’ехаў у Брэст па польскую візу. Супрацоўнікі ГУБОПіКа шукалі яго ў Гомелі дома і на працы. Калі даведаліся, што ён на Брэсцкай мяжы, то папярэдзілі сваіх брэсцкіх калег пра затрыманне Уткіна, але Андрэй да гэтага часу ўжо атрымаў візу і з’ехаў з Брэста на сваёй машыне. Цяпер ужо ўся Брэсцкая вобласць стала шукаць гомельскага айцішніка, які да гэтага часу ўжо вярнуўся ў Гомель. Менавіта з гэтым эпізодам і звязана ўся гэтая цыркавая праграма з жорсткім захопам у стылі галівудскіх баевікоў.

Андрэя вёў следчы, які намагаўся атрымаць новую зорачку, таму вельмі моцна ціснуў шматгадзіннымі допытамі, ламаў псіхіку, прымушаў нагаворваць на сябе ўсё больш і больш, прапаноўваў “настукаць” на каго-небудзь са знаёмых і сяброў, каб сфабрыкаваць паўнацэнную справу і абвінаваціць ледзь не ў шпіянажы на карысць Украіны. Узамен следчы абяцаў скінуць пару гадоў за супрацоўніцтва са следствам.

Малады хлопец, які ўпершыню аказаўся ў такой сітуацыі, пад ціскам падпісаў усё. У ІЧУ ён прыехаў у стане глыбокага стрэсу, моцна прыгнечаным, запалоханым і маральна зламаным. Першы час Андрэй практычна не размаўляў, але нават у такім стане хлопец больш за ўсё перажываў за сваіх бацькоў, баючыся, што яго затрыманне можа негатыўна паўплываць на іх здароўе.

Разам у ІЧУ мы прабылі з Андрэем чацвёра сутак, праходзілі паліграф, падтрымлівалі адзін аднаго, дзяліліся перадачамі, абмяркоўвалі яго сітуацыю, шукалі варыянты вырашэння гэтай праблемы. Пасля гэтых гутарак, наколькі я ведаю, Андрэй адмовіўся ад сваіх паказанняў, атрыманых пад ціскам.

Некалькі дзён запар мы дыктавалі адзін аднаму свае тэлефоны і інфармацыю для бацькоў і блізкіх, спрабуючы вывучыць на памяць, каб не забыцца. Пасля Андрэя перавялі ў іншую камеру. Падчас знаходжання ў ІЧУ я быў перакананы, што Віця Кулінка і Андрэй Уткін таксама тут, і іх, як і мяне, штодня кідаюць з адной камеры ў іншую. Таму ўсюды, дзе толькі можна, я пакідаў для іх мылам паведамленні на сценах.

На другі дзень пасля таго, як я выйшаў, атрымаў ад яго вестку з СІЗА. У ёй ён распісаў для маіх блізкіх (на выпадак таго, што нехта з нас выйдзе на сувязь хутчэй) усё, што мы днём і ноччу завучвалі.

Пазней я бачыў яго новыя пакаяльныя відэа ўжо з СІЗА, дзе яго прымушалі казаць словы шкадавання пра зробленае і расчаравання ў пратэсным руху. Аднак адзіны свой учынак, за які яго прымушаюць каяцца, Андрэй здзейсніў ад сэрца, без прымусу, згодна са сваім сумленнем і прынцыпамі…

З днём нараджэння, Андрэйка.

Штодзень