Адкуль у Тома Хэнкса вадзіцельскае пасведчанне з Гомеля і прычым тут Стывен Спілберг?

by ZB

Памятаеце фільм «Тэрмінал» з нулявых (калі не, то абавязкова паглядзіце на выходных)? Яго зняў Стывен Спілберг, і ў свой час яго паглядзелі мільёны людзей ва ўсім свеце.

Па сюжэце галоўны герой фільма, а яго звалі Віктар Наворскі (у выкананні Тома Хэнкса) прыехаў у Нью-Ёрк каб выканаць мару свайго бацькі. Але за той час, пакуль яго самалёт дабіраўся да ЗША, у яго краіне Кракожыі (такой краіны, вядома, няма, але назвалі ў фільме яе менавіта так – Рэд.) адбыўся дзяржаўны пераварот, і ўладу захапіў новы ўрад, з якім у ЗША не ўсталяваныя дыпламатычныя адносіны. У выніку ўсе дакументы галоўнага героя сталі несапраўднымі, і яго проста не маглі выпусціць на тэрыторыю ЗША з аэрапорта. Адправіць назад яго таксама не могуць, бо з несапраўднымі дакументамі яго нельга пасадзіць у самалёт. Такім чынам, герой фільма пачынае жыць у аэрапорце.

Знакаміты галівудскі акцёр Том Хэнкс у ролі беларуса Віктара Наворскага

У некалькіх эпізодах гэтага фільма выразна паказваюць дакументы Віктара Наворскага – пасведчанне кіроўцы і пашпарт. І калі пашпарт да болю нагадвае беларускі (зменены толькі колер з сіняга на чырвоны, а на гербе замест карты Беларусі намаляваная зорка), то на пасведчанні так і напісана – «вадзіцельскае пасведчанне», якое выдадзена – увага!- у Гомелі. І зараз усе мы можам разумець, якую менавіта краіну Спілберг назваў Кракожыяй.

Праўда ёсць некалькі спрэчных нюансаў … Лацінкай на паперцы, якая таксама з’яўляецца ў кадры, імя галоўнага героя напісана правільна – Victor Navorski, а кірыліцай на пласцікавым пасведчанні напісана «Гуліна Гульнара Надыраўна».

Канешне, усе гэта можа здацца выпадковым наборам літар. І нават Гомель можа быць супадзеннем. Але не! Яшчэ некалькі год таму журналісты «Камсамольскай праўды ў Беларусі» правялі невялікае расследаванне з гэтай нагоды і высветлілі, што Гуліна Гульнара – рэальны чалавек. І ў мясцовым ДАІ пацваердзілі, што гэтая жанчына сапраўды жыла ў ваенным гарадку Зябраўка недалёка ад Гомеля, атрымлівала на сваё імя вадзіцельскае пасведчанне, а ў 1999 годзе эмігравала ў ЗША.
Магчыма, у эміграцыі гэтая жанчына стала, да прыкладу, асістэнткай на здымачнай пляцоўцы і аддала ў якасці рэквізіту свой ужо несапраўдны дакумент, але на гэтым супадзенні не сканчваюцца.

Па-першае, галоўны герой свабодна чытае газеты на рускай мове, а зусім не на кракожскай, з чаго можна зрабіць выснову, што адным з нацыянальных моў на яго радзіме з’яўляецца расейская.

Па-другое, сам Віктар Наворскі па сваіх паводзінах і характары – абсалютна стэрэатыпны амерыканскі вобраз ўсходнееўрапейца – любіць і ўмее шмат працаваць (асабліва на будоўлі), мала зарабляе і фактычна працуе за ежу, крыху наіўны і не разумее ангельскую мову.

А вось адзін з дыялогаў фільма, які наводзіць ужо зусім на канкрэтныя думкі і асацыяцыі:

– Ці баіцеся вы вяртацца на радзіму?

– Не.

– У вашай краіне ідзе вайна, узброеныя людзі на вуліцах, парушаюцца правы чалавека, з вамі можа адбыцца ўсё што заўгодна. Людзей выцягваюць з пасцеляў і кідаюць у турму. Праўда?

– Так.

– Значыцца, вы баіцеся? Баіцеся вярнуцца ў Кракожыю?

– Баюся? Не, я не баюся вярнуцца ў Кракожыю.

– Я кажу пра бомбы, пра страчаную годнасць, пра парушэнне правоў чалавека. Віктар, не бойцеся прызнацца, што вам страшна вяртацца ў Кракожыю.

– Там дом. Я не баюся ехаць дадому.

Мяркуем, вы здзіўлены не менш нашага. У свеце апошніх падзей гэты дыялог набывае нейкі злавесны сэнс. І гэта пры тым, што фільма быў зняты ў 2004 годзе…

Дарэчы, у тым жа фільме краіну Кракожыю некалькі разоў паказваюць па тэлевізары ў аэрапорце. Нешта канкрэтнае там разабраць складана. Бачна, што хтосьці вядзе баявыя дзеянні, хтосьці дапамагае бежанцам … Можна разабраць асобныя фразы: «На працягу ўсёй ночы ў сталіцы чуліся выбухі і стрэлы», «на працягу апошніх гадоў Кракожыя спрабавала пазбавіцца ад камуністычнага мінулага. У краіне з’явіліся крыважэрныя групы сепаратыстаў і пачалася грамадзянская вайна»…

У вас і зараз засталіся сумневы наконт таго, што ў «Тэрмінале» Спілберг намякаў на Беларусь?

Мы капнулі глыбей. І вось што даведаліся.

Аказваецца, Стывен Спілберг не так ужо і выпадкова неабыякавы менавіта да Беларусі, а яшчэ больш канкрэтна – да Гомеля. Справа ў тым, што продкі Спілберга паходзяць з вёскі Магілёўскай губерніі, у склад якой да рэвалюцыі ўваходзілі Гомель і яго наваколлі.

Дарэчы, яшчэ ў 1986 годзе Спілберг стаў прадзюсарам мультфільма «Амерыканскі хвост», у якім усіх нью-ёркскіх катоў распужалі велічэзнай мышшу з Менска, а дакладней – з Камароўкі. А пачынаецца гэты мультфільм з таго, што добрапрыстойнае сямейства мышэй-габрэяў ратуецца ўцёкамі ад злавесных катоў і эмігруе ў Амерыку. Распавядаючы пра сюжэт, Спілберг казаў, што праводзіў аналогіі з габрэйскімі пагромамі ў Гомелі ў 1903 годзе. Пра якія, мабыць, ён сам калісьці чуў ад родных.

Між іншым, у 1994 годзе на цырымоніі ўручэння Нацыянальнай прэміі Elie Wiesel Holocaust Rememоrance Award за фільм «Спіс Шындлера» Стывену Спілбергу ўручылі статуэтку Crying Violin працы Дзмітрыя Германа, які ў 1950-х нарадзіўся ў Гомелі, але пазней таксама эміграваў у ЗША.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png