Ад Гомеля – да Брадвея. Харызма і жыццё Аарона Лебедзева

by ZB

Мова Гомель сабрала некаторыя факты з жыцця і творчасці надзвычай таленавітага і харызматычнага ўраджэнца горада над Сожам.

Фота: radiosefarad.com

 

ПАЧАТКІ “ЗОРНАГА ШЛЯХУ”

Аарон Лебедзеў (Aaron Lebedeff) нарадзіўся ў Гомелі ў 1873 годзе ў беднай яўрэйскай шматдзетнай сям’і. Яго бацька быў гандляром і трымаў уласную лаўку. Для Аарона ён планаваў такую ж будучыню, хоць не супраць бацькі таксама былі, каб сын стаў краўцом.

Аднак малы Аарон марыў пра іншае. З дзяцінства ён выявіў вакальны талент, хадзіў у мясцовую сінагогу і часта пеў разам з мясцовым хазанам Борухам-Давідам (хазан – яўрэй, які вядзе набажэнства ў сінагозе). Калі праз Гомель праязджала трупа рускага тэатра “Bohroisk”, Аарон вырашае бегчы з ёю у Мінск, але гэты “пабег” аказаўся няўдалым, трупа хутка распалася. Пасля вяртання ў Гомель, Аарон адкрывае ўласную школу танцаў, а потым пачынае граць у аматарскіх спектаклях на ідыш у Бабруйску і Мінску.

Фота: en.wikipedia.org

І вось у Гомель прыязджае адна з першых прафесійных тэатральных труп на ідыш – Лазара Бернштэйна. Аарон далучаецца да трупы, дзе спачатку быў швейцарам, гардэробшчыкам, памочнікам суфлёра, а пазней граў у пастаноўках і аб’ездзіў з гэтым тэатрам шмат мястэчак і гарадоў. Аднак яго талент чакаў яшчэ свайго адкрыцця. Гэтаму паспрыяў пераход у тэатр “Pipkincr Rav in Shomer’s Baal Tshuva”, дзе Аарон Лебедзеў заняўся аперэтай, што і вызначала яго далейшы творчы лёс.

УЗЫХОД НА “АЛІМП”

Сапраўдная зорка Аарона Лебедзева пачала ўзыходзіць у 1912 годзе, калі ён пераехаў у Польшчу, выступаў у яўрэйскіх камедыях і вадэвілях у Варшаве і Лодзі. Там за ім замацаваўся псеўданім Litvak Komiker  (літвакамі называлі яўрэяў, выхадцаў з сучасных тэрыторыі Беларусі і Літвы). У Польшчы ён сустрэў і сваё каханне на ўсё жыццё – Рэбэку Шэхтман, якая стала яго жонкай Верай Лебедзеў.

У 1911-1912 гадах выходзяць і першыя кружэлкі з запісамі Аарона Лебедзева. У яго быў запамінальны, яскравы, свежы голас.

 

Калі прыйшла рэвалюцыя, Аарон яе катэгарычна не прыняў. У часы Грамадзянскай вайны ён служыў у Арміі Керанскага, разам з якой адступіў у Харбін, дзе пазней выступаў з рамансамі ў рэстаранах. З часам перабраўся ў Шанхай.

У 1920 годзе разам з жонкай Аарон вырашае выехаць у ЗША (паводле адной з версій, ён адкупіўся ад далейшай службы). Праз Сібір, Маньчжурыю, Кітай і Японію, яны дабіраюцца ўрэшце да Ню-Ёрка, дзе Аарон далучаецца да Нацыянальнага яўрэйскага тэатра пад кіраўніцтвам Барыса Тамашэўскага на Манхэтане і атрымлівае галоўную ролю ў п’есе “Лёвке Маладзец”.

Пра яго дэбют адзін з гледачоў сказаў: “Амерыка ніколі не бачыла нічога лепшага за тое, што мы ўбачылі ў той вечар”.

ПАКАЗВАЎ МЕНАВІТА ПРАВІНЦЫЙНАЕ ЯЎРЭЙСТВА

Аарон Лебедзеў меў не толькі выбітныя вакальныя дадзеныя, ён быў харызматычным, прыцягваў людзей, на сцэне дэманстраваў танцы ды імправізацыі, ён выклікаў радасць і слёзы, захапленне і авацыі. Перад гледачамі ён фантастычна змяняўся ад дробнага гандляра ў камізэльцы – да местачковага рабіна або сапраўднага “дэндзі”.

У 1920-х гадах выйшла вялікая колькасць яго запісаў для студый Emerson, Brunswick, Vocalion. А сярод самых яго яскравых роляў быў удзел у мюзіклах “Malkele” (1937), “Bublitchki” (1938), у якім ён граў разам са знакамітай амерыканскай актрысай яўрэйскага паходжання Моллі Пікон і шмат-шмат іншых.

 

Ён быў сапраўднай зоркай, самым вядомым яўрэйскім выканаўцам у свеце. Таксама сам пісаў музыку. Ню-Ёрк, Бостан, Філадэльфія, Дэтройт – дзе б не выступаў Аарон Лебедзеў, яго сустракалі авацыямі.

Аарон дапамагаў захаваць цікавасць яўрэяў-эмігрантаў да культуры ідыш.

Ён быў вядомы не толькі як аперэтачны артыст, але як выканаўца песень на ідыш. У яго выступах можна было пачуць сум і настальгію па радзіме. Песні Аарона Лебедзева неслі слухачоў у іх Стары Свет: у Беларусь, Украіну, Расію, Польшчу ці Румынію. Пра гэта сведчаць і назвы песень: “Вяселле ў Адэсе”, “Янкель у Амерыцы”, “Мотке са Слабодкі”, “Румынскі літвак”, “Рускае каханне” ды іншыя. Ён – аўтар папулярнай песні на ідыш “Ёська едзе ў армію”.

НА СЦЭНЕ ДА КАНЦА ЖЫЦЦЯ

На рахунку Аарона Лебедзева – ролі ў паўсотні мюзіклаў. Аарон праявіў сябе як спявак, куплетыст, парадыст, танцор ды імправізатар. Ён пакінуў шмат запісаў на розных мовах.

Фота: Milken Archive of

 

Выступаў да самай смерці і памёр 8 лістапада 1960 года. Яму было 87 гадоў. Пахаваны ўраджэнец Гомеля Аарон Лебедзеў на ню-ёркскіх могілках Маўнт-Хэброн.

Калі Аарону быў 61 год, адзін з газетных рэпарцёраў спытаў у яго пра сакрэт вечнай маладосці ды элегантнасці. Аарон адказаў: “Трэба добра апранацца, есці і піць тое, што вы любіце, і заставацца пастаянна закаханым”. Кажуць, што праз усё сваё жыццё ён пранёс каханне да жонкі Веры, не зважаючы на вялікі поспех у жанчын. А яго прыгожы голас працягвае нас заварожваць са старых запісаў на кружэлках.

Аарон Лебедзеў пражыў адно з самых доўгіх тэатральных жыццяў сярод артыстаў Брадвея…

 

Штодзень
Крыніцы: stmegi.com, en.wikipedia.org, nashkraj.info, даследаванні Віктара Сямашкі.

 

 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png