А калі вы пачалі размаўляць па-беларуску?

Родная мова як мова творчасці або мова бабулі з дзядулем? Калі вы пачалі размаўляць па-беларуску? І якія вашы любімыя беларускія словы? У Міжнародны дзень роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага, Мова Гомель сабрала расповеды ўраджэнцаў Гомельшчыны пра беларускую мову і любімыя словы на ёй.

ВАСІЛЬ ЯДЧАНКА. Блогер і журналіст з Гомеля, папулярызуе беларускую мову лёгка і з усмешкай.

Васіль Ядчанка

 

Ваша прыгода з беларускай мовай – гэта сямейная традыцыя, можа з вёскі ад бабулі? Ці гэта да вас у дарослым жыцці прыйшло? Калі вы ўвогуле пачалі размаўляць па-беларуску?

— Ведаеце, мае бацькі з вёскі, і тата, і матуля, але на мове яны не размаўлялі, на чыстай мове. Трасянка ж была заўсёды. А бабулі размаўлялі, і ў іх былі вельмі цікавыя нейкія выразы, ад чаго было яшчэ больш цікава нешта даведацца. Колькі гадоў ужо прайшло, а я ўзгадваю, як, напрыклад, мая бабуля Тамара казала: “Гаў-гаў з-за печкі”.

І што гэты выраз азначае?

— Гэта калі нехта нешта кажа «исподтишка», як бы з-за печкі, каб яго відаць не было. І такіх выразаў шмат. Мова заўсёды была са мной. Я пісаў вершы на мове недзе ў 10-11 класах школы, калі я вучыўся далей, то таксама пісаў вершы. Потым я працаваў на радыё гомельскім абласным, і там таксама на мове трэба было рабіць навіны, нейкія рэпартажы. Таму мова заўсёды была са мной, але потым яна неяк адышла на другі план. Ужо ў сталым узросце я перайшоў на мову, гэта было свядомае рашэнне. Хоць мова мая не вельмі чыстая, і я прыкладаю намаганні, каб так не было. Калі я вёў кулінарны блог, то ў мяне былі выключна стравы беларускай кухні. Падчас запісу гэтых кулінарных відэа сталі прыходзіць у галаву беларускія выразы, беларускія словы, і падчас асноўных выпускаў я пачаў рабіць кароткія відэа, быў Цік-ток, дзе я пачаў іх размяшчаць. І тады я пабачыў, што адразу пайшлі дзясяткі і сотні тысяч праглядаў, сотні каментароў, падабаек. Я пабачыў, што ёсць запыт, што трэба гэта рабіць і для сябе, і для іншых, і для свайго сына, напрыклад, з якім мы запісвалі youtube выпускі кулінарныя на беларускай мове.

А ці маеце вы свае любімыя словы па-беларуску?

— Ой, у мяне ёсць некалькі такіх слоў. Адно з іх таксама ад маёй бабулі – гэта словы “нягеглы”. Вось яна сварылася калі на мяне, то казала гэта слова. Яшчэ адно з такіх слоў – “валацуга”. У гэтых слоў ёсць свой характар, і іх вельмі цяжка перакласці на рускую мову. І яшчэ мне вельмі падабаецца слова “летуценнік”.

Лавіце хуткі тэст на беларуса ад Васіля Ядчанкі: https://www.facebook.com/reel/1072525767384076

 

ЮЛІЯ ЦІМАФЕЕВА. Паэтка і перакладчыца, ураджэнка Брагіншчыны.

Юлія Цімафеева і Альгерд Бахарэвіч, літаратурная сустрэча ў Берліне, 2021 год, фота Віялеты Саўчыц

 

Якая мова была першай, ці былі нейкія рэгіянальныя адметнасці ў мове, на якой размаўлялі ў вашай сям’і? Ці маглі б назваць некаторыя беларускія словы, якія найбольш запомніліся, або тыя, якія вы найбольш любіце?

— Я паўсюль кажу, што мая родная мова была “трасянка”, як і мова маіх бацькоў. Дзед, які жыў з намі, больш гаварыў на спярыжскай гаворцы. Але з літаратурнай беларускай мовай я пазнаёмілася рана, бацькі куплялі нам кнігі, я хадзіла ў беларускамоўную школу, тэлебачанне 90-х было ў большай ступені беларускамоўным.

Што да нашых слоў. Напрыклад, дзеяслоў “порацца” вельмі весяліў моладзь у вёсцы, куды нас перасялілі, а ў Спярыжжы яно азначала “рабіць справы па гаспадарцы, упраўляцца”.

Я вечарам шчэ не пораўся.

Вось яшчэ слова “куёўдзіцца” — “кубліцца (пра дзяцей, жывёлаў)”.

Што ты там куёўдзішся?! Злазь ужо з печы!

“Рыгізуля” — “жалязяка, жалезны інструмент”.

Дай-ка мне эту рыгізулю, што ля плота стаіць.

Памятаю таксама выраз “(калі) жаба цыцы дасць”, то бок “амаль ніколі”. Ці “і ў сёндкі, і ў пёнткі” — скажоны польскі выраз.

Што ты не пераадзелася пасля школы? І ў сёндкі, і ў пёнткі тое плацце носіш.

 

АЛЕСЬ ПЛОТКА. Музыка і літаратар, фронтмэн гурта “SOŽ”, нарадзіўся ў Гомелі. І кажа, што яго беларуская мова афармлялася найперш як мова творчасці.

Алесь Плотка

 

Ці запомнілася вам, як бабулі вашы размаўлялі, бо не кожны гэта ў дзяцінстве ўсведамляў? Вы памятаеце такія моманты?

— Так, памятаю. Па-рознаму гаварылі бабулі з дзядулямі. У мяне не было бабуляў на вёсках, я вёску не бачыў, толькі па другім бацьку, які быў рэальна з вёскі, але я туды рэдка-рэдка ездзіў, такі турызм абсалютны. Мае бабулі і дзядулі – першае пакаленне з вёсак. Хоць у Баранавічах быў свой дом, свая хата ў цэнтры горада, мы там трымалі нейкіх курэй нават, таму некаторыя рэшткі вясковага ўкладу там захоўваліся. Што да стылю мову, то я добра памятаю некаторыя рэчы. Бабуля баранавіцкая казала на тыповым такім “наваградскім строі” мовы, некаторымі спецыфічнымі словамі беларускімі. Я не ведаю, як сказаць, гэта такая нібыта трасянка з асноўнай беларускай, але не хачу тут прыдумляць. Там былі такія слоўцы кшталту “не веле” ды іншыя. Таксама цікава было, што ў бабулі (а яна пражыла доўга, да 90 год і тое кавід “дапамог”) былі арганічныя націскі ў словах загаднага ладу множнага ліку. Яна казала заўсёды “хадзеце”, а не “хадзіце”. Мы, гарадскія, мы вучылі мову збольшага па падручніках наркамаўскіх, дзе “хадзіце, глядзіце”. Для бабулі было “хадзеце”. Такія глыбокія адметнасці беларускай мовы.

Ваша беларуская мова ўсё ж адкуль? Вы ўжо ў дарослым жыцці пачалі размаўляць па-беларуску?

— Так, беларуская мова ўся афармлялася найперш як мова творчасці і ёй застаецца. Калі я пачаў пісаць вершы, а пачаў пісаць як і ўсе ў гадоў 15-16, там былі рускія вершы, але ад пачатку было багата і на беларускай мове. Але сёння іх чытаць неяк не хочацца…

Штодзень

Related posts

Сёння гадавіна пачатку Еўрамайдана – шматмесячных акцый пратэсту ва Украіне, якія моцна паўплывалі і на Беларусь

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса