Сабор, музей і антырэлігійны аддзел: сем фактаў пра Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі, які адзначае 200-годдзе

by ZB

Сёлета круглую дату адзначае адзін з самых знакамітых гомельскіх будынкаў – Петрапаўлаўскі сабор. «Штодзень» сабраў пра яго самыя цікавыя гістарычныя факты.

Фота: tripplanet.ru

 

  1. Сабор закладзены протаіерэем Іаанам Грыгаровічам у 1809 года ва ўладанні расійскага дзяржаўнага дзеяча (на той момант міністра замежных справаў Расійскай імперыі) Мікалая Румянцава. Архітэктарам стаў брытанскі архітэктар Джон Кларк. Сабор у стылі класіцызму дабудавалі ў 1824 годзе.Храм з’явіўся ў памяць бацькі Мікалая Румянцава – Пятра Румянцава-Задунайскага.

 

  1. З 1907 года будынак стаў кафедральным саборам. Недалёка ад яго была збудаваная фамільная капліца-пахавальня Паскевічаў. Унутры сабора знаходзіцца грабніца графа Румянцава, упрыгожаная багіняй свету — копіяй скульптуры Антоніа Кановы.

 

  1. У гады савецкай улады сабор стаў спачатку краязнаўчым музеем, потым філіялам гістарычнага, антырэлігійным аддзелам. Для гэтага разбурылі званіцу, сарвалі крыжы, скінулі званы, выкінулі царкоўнае начынне і іконы, знішчылі фрэскі і роспісы.

 

  1. У час нямецкай акупацыі стараннямі вернікаў і архімандрыта Серафіма сабор быў ізноў адкрыты. Была пабудаваная невялікая званіца.

Прыкметную ролю ў арганізацыі царкоўнага жыцця ў Гомелі таго часу адыграў протаіерэй Мікалай Іванавіч Гейхрох, які вярнуўся да служэння падчас нямецкай акупацыі. Паводле ягоных звестак, якія прыводзіць «Звязда», немцы завялі такі парадак: богаслужэнні па чарзе сталі служыць лютэране, пасля іх — каталікі і толькі потым — праваслаўныя. Такое становішча выклікала незадаволенасць у мясцовага насельніцтва, бо сабор першапачаткова з’яўляўся праваслаўным.

 

  1. Будынак працаваў як сабор і пасля вяртання савецкіх уладаў да 1960 года.

 

  1. У 1962 г. з яго зрабілі планетарый, які прапрацаваў да 1985 года. Паведамляецца, што планетарый сябе «хранічна не акупаў».

 

  1. Вернікам сабор вярнулі ў 1989 г. У аднаўленні набажэнстваў у храме адыгралі ключавую ролю актывісты закрытай уладамі «Талакі»

 

«Пасля шматлікіх лістоў і зваротаў гомельскай праваслаўнай абшчыны ў розныя дзяржаўныя органы 28 верасня 1989 года пусты будынак сабора вярнулі вернікам», — распавёў старшыня Камісіі па кананізацыі святых Гомельскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы, кандыдат багаслоўя, протаіерэй Аляксандр Лапушанскі.

Паводле яго, «значную ролю ў няспынным хадайніцтве аб вяртанні храма адыграла гамяльчанка Марыя Васільеўна Богуш, якая напісала на працягу 1987–1989 гадоў больш за сотню лістоў і тэлеграм, пад некаторымі з іх стаяла да чатырох тысяч подпісаў». Гэтыя лісты падпісваліся не толькі жыхарамі Гомеля, але і іншых гарадоў і вёсак, а таксама шэрагам грамадскіх дзеячаў і «народных дэпутатаў» рознага ўзроўню.

Але вызначальную ролю ў вяртанні храма вернікам мела дзейнасць гомельскай арганізацыі «Талака», якая ладзіла цэлую кампанію ў падтрымку царквы. Пачынаючы з 1987 г., талакоўцы ладзілі пікеты і збор подпісаў за перадачу былога сабора Пятра і Паўла, на той момант планетарыя, гомельскім вернікам. Было сабрана 2000 подпісаў і сабор у 1989 г. сапраўды перадалі праваслаўнай царкве. Пасля талакоўцы бралі ўдзел у добраўпарадкаванні памяшканняў сабора.

7 студзеня 1990 г. у саборы адбылася першая літургія.

У жніўні 2007 года адбылося праслаўленне ў ліку мясцовашанаваных святых Беларускай праваслаўнай царквы прападобнай Манефы Гомельскай. Яе мошчы цяпер знаходзяцца ў саборы. На тым месцы, дзе ў саборы былі пахаваныя астанкі графа Мікалая Румянцава (былі хутчэй за ўсё знішчаныя), адкрытая памятная дошка. Таксама з’явілася скульптура апошняй гомельскай княгіні Ірыны Паскевіч.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png