У «спіс экстрэмістаў» унеслі Алега Кацапава, які займаўся грамадскай і культурніцкай дзейнасцю, пэўны час кіраваў гомельскай “Талакой”. За кратамі таксама як мінімум яшчэ чатыры актывісты з гэтай гомельскай арганізацыі (на сёння ўладамі ліквідаванай).
Кацапаву прад’явілі абвінавачванні па трох крымінальных артыкулах, суд над ім ідзе з перапынкамі з лістапада 2023 года. У выніку яго асудзілі на 2,5 гады калоніі. У пачатку сакавіка было прызначанае закрытае пасяджэнне па разглядзе апеляцыйнай скаргі Алега. Вынік яго невядомы, але традыцыйна апеляцыйныя інстанцыі не мяняюць вырак, на гэта ж указвае і тое, што гомельца ўключылі ў «экстрэмісцкі спіс».
За кратамі таксама былыя старшыні «Талакі» Яўген Меркіс і Ларыса Шчыракова. Абодва былі журналістамі, а таксама займаліся краязнаўствам. Мерксіса прыгаварылі да 4 гадоў калоніі, у шклоўскай калоніі №17 Яўген працуе ў цэху па пашыву спецабутку (для асуджаных і міліцыі.
Ларысу Шчыракову прыгаварылі да 3,5 гадоў па двух крымінальных артыкулах, сярод якіх «дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь». У гомельскай калоніі Ларыса працуе швачкай.
У студзені 2023 года затрымалі Андрэя Пуканава. Ён настаўнік нямецкай мовы і бакалаўр багаслоўя, праваслаўны вернік. У 1990-я гады ён таксама быў сябрам краязнаўчай арганізацыі “Талака”. Яго засудзілі на два гады за «паклёп» на Лукашэнку.
У ліпені 2022 года разам з іншымі сябрамі Аб’яднанай грамадзянскай партыі (таксама сёння ліквідаванай) быў затрыманы Андрусь Асмалоўскі. У канцы 1990-ых ён таксама быў актывістам і «Талакі». Пазней стаў вядомы, калі ў 2017 годзе на Дзень Волі падняў бел-чырвона-белы сцяг непадалёк ад аўтазака са словамі: «Падымаем сцяг назад». Яго засудзілі на тры гады па «народным» артыкуле за дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак.