Леанід Уцёсаў і яго гомельскія эпізоды

by ZB

Мова Гомель знайшла цікавыя факты з жыцця і творчасці знакамітага адэсіта, легенды эстрады і піянера джаза ў СССР, звязаныя з горадам над Сожам.

ПЕРШЫЯ СЦЭНІЧНЫЯ КРОКІ І ГОМЕЛЬ

Леанід Восіпавіч Уцёсаў (сапраўднае імя Лазар або Лэйзер Вайсбэйн) нарадзіўся 21 сакавіка (па новым стылі) 1895 года ў Адэсе ў шматдзетнай яўрэйскай сям’і, а скончыў сваё жыццё 9 сакавіка 1982 года ў Маскве. Там і пахаваны на Новадзявочых могілках.

Малады Леанід Уцёсаў, фота: radiojazzfm.ru

Лэйзер з дзяцінства браў урокі музыкі. Праўда, ён так і не скончыў камерцыйнае вучылішча Файга ў Адэсе, яго адлічылі за непаспяховасць і адсутнасць дысцыпліны. Таму малады Ледзя (так яго называлі ў сям’і) некаторы час працаваў у брадзячым цырку гімнастам і зазывалам. І вось у 1912 годзе яго пагадзіліся ўзяць у Крэменчугскі тэатр мініяцюр, але з адной умовай: “Ніякіх Вайсбэйнаў!” Так з’явіўся Леанід Уцёсаў, які ў 1917 годзе вырашыў пашукаць шчасця ў… Гомелі.

У біяграфіі Уцёсава асобным радком заўсёды пазначаецца, што ў 1917 годзе ён перамог у конкурсе куплетыстаў ў Гомелі. У якасці ўзнагароды малады Уцёсаў атрымаў залаты партабак, які папярэдне быў выстаўлены для ўсеагульнага агляду ў вітрыне Гомельскай гасцініцы “Савой”. І хоць звычайна іншых падрабязнасцей не паведамляецца, але менавіта гэтая перамога стала першым прызнаннем у публікі, і менавіта пасля Гомеля Уцёсаў набраўся храбрасці, каб сабраць у Маскве невялікі аркестр і выступаць з ім у садзе “Эрмітаж”. Так пачалася ашаламляльная кар’ера раней нікому невядомага адэсіта.

ГОМЕЛЬ РАЗ І ЯШЧЭ РАЗ

Роўна праз год, у 1918-м, Леанід Уцёсаў наведаў адну з забаўляльных устаноў Гомеля, а свае ўражанні ад гэтай паездкі ён падрабязна апісаў у аўтабіяграфічнай кнізе “Дзякуй, сэрца!”:

“Гэта было ў васямнаццатым годзе. Я запрошаны ў Гомель, мы рыхтуем праграму для адкрыцця рэстарана-кабарэ, штосьці кшталту “Лятучай мышы”. Усё ідзе добра, але раптам антрэпрэнэр прыгадвае, што ў яго няма белых абрусаў і сурвэтак.

Дастаць гэты рэстаранны інвентар, ды яшчэ ў такой колькасці, у той час было немагчыма. Антрэпрэнэр ў адчаі: з-за такой дробязі можа ўсё сарвацца. І тут мяне асяніла думка. Я спытаў у гаспадара:

 – А белую паперу вы можаце дастаць?

 – Можна дастаць газетную.

 – Выдатна! Накрыйце сталы белай паперай і буйна прыгожа на ёй напішыце: “Лепш чыстая папера, чым брудны абрус!”

 Наведвальнікі ўспрынялі гэта як забаўны кабарэтны трук, цалкам адпаведны часу. 

 Але Гомель запомніўся мне не толькі гэтым эпізодам. Тут адбылося маё знаёмства з Аркадзем Цімафеевічам Аверчанкам, якога я ведаў і любіў па яго дасціпным апавяданням. Ён прыехаў у Гомель з цэлай групай журналістаў і адразу ж прыйшоў у тэатр, у якім прытулілася наша кабарэ. Спачатку ішлі спектаклі тэатра, а пасля адзінаццаці пачыналі мы. (Зрэшты, я гуляў і да адзінаццаці.)

 Гомель быў перапоўнены, прыезджым уладкавацца было амаль немагчыма. Я запрасіў Аверчанку да сябе, і ён некалькі дзён жыў са мной у маленькім пакойчыку. Маленькія пакойчыкі дзіўна збліжаюць людзей! […]

 З часу нашага знаёмства прайшло 53 гады. Аверчанкі даўно ўжо няма на свеце. Але яго партрэт з кранальным надпісам: “Таленавітаму Уцёсаву з удзячнасцю за цёплы, ласкавы прыём і вячэрнія песні. Аркадзь Аверчанка” – заўсёды вісіць у маім пакоі”.

Леанід Уцёсаў з музыкантамі свайго аркестра, фота polzam.ru

Яшчэ раз у Гомель Леанід Уцёсаў прыехаў у 1923 годзе ў складзе сатырычнай тэатральнай трупы “Гратэск” Мікалая Фарэгера. Пра гэтыя гастролі узгадваў Леў Выгоцкі, будучы сусветнай славы псіхолаг, які ў 1920-х шмат пісаў пра культурнае жыццё Гомеля ў газетах “Наш панядзелак” і “Палеская праўда”. Вось урывак з артыкула выдання “Наш панядзелак”, №45 ад 1923 года:

“…Уцёсаўшчына – гэта, вядома, адэсітызацыя тэатра. Але пры ўсёй нязноснасці жанру, Уцёсаў – сапраўдны майстар эстраднага мастацтва – куплета, танца, шаржа. Яго свіст, храп, рохканне, зласлівасць у “Газеце”, якія перадаюць у сатыры тон і дух эмігранцкай прэсы, зроблены пранізліва і з дасканаласцю гадзіннікавага механізма. Яго адэсіты – у сцэнках – выклікаюць смех ды слёзы. Гэта віртуозная анекдатычная гульня. Каранямі гэты жанр сыходзіць, вядома, у афіцэрскі яўрэйскі анекдот, але ўвесь камізм сучаснага дзялка і спекулянта перададзены ў такіх грымасах, крыўляннях і такой солі шчырых, глыбокіх інтанацый, што заразліва смяшыць. Злабадзённасць, анекдот, віртуозная тэхніка – на службе ў гэтага майстра адэскай стыхіі жыцця і тэатра”.

ЗАЙЗДРОСЦІЎ ЭДЗІ РОЗНЭРУ

Выбітны джазмэн Эдзі Рознэр, пасля сталінскіх лагераў і моцнай цэнзуры, у пачатку 1970-х пераехаў з Масквы ў Гомель.

“У мясцовай філармоніі яму прапанавалі добрыя ўмовы. Праўда, джазавы аркестр Рознэра ў складзе Гомельскай філармоніі праіснаваў менш за год. Сярод больш-менш вядомых удзельнікаў таго складу аркестра варта ўзгадаць Роберта Балотнага, які потым стварыў ВИА “Синяя птица” і сам паходзіў з Гомеля”, – распавядаў нам у матэрыяле пра Рознэра паэт, журналіст і даследчык Віктар Сямашка.

Паводле даследчыка “…кажуць, што Эдзі Рознэру зайздросціў сам Уцёсаў. Рознэр прынёс з сабою сапраўдную джазавую школу, кантынентальны ўзровень”.

Помнік Леаніду Уцёсаву ў Адэсе, фота Vadim Zhivotovsky

“БЫВАЙЦЕ ЗДАРОВЫ, ЖЫВІЦЕ БАГАТА”

Гэтая знакамітая песня хоць і не звязаная непасрэдна з Гомелем, але не памылімся сцвярджаючы, што яе ведае амаль кожны гамяльчук.

Беларуская песня “Бывайце здаровы, жывіце багата…” была напісана ў 1930-х гадах. Яе аўтары: кампазітар Ісаак Любан, ураджэнец Чэрыкава на Магілёўшчыне, і паэт-песеннік Адам Русак, ураджэнец вёскі Пясочнае на Міншчыне. Гэтая песня стала галоўнай тэмай фестывалю беларускага мастацтва, які праходзіў у Маскве ў 1940 годзе. Паэт Міхаіл Ісакоўскі перавёў яе на рускую мову (што праўда, “прыпісаўшы” тэкст сабе, за што пазней яму давялося прабачацца), і такім чынам яна ўвайшла ў рэпертуар Леаніда Уцёсава і яго дачкі Эдыт, якая 17 гадоў адпрацавала ў аркестры свайго бацькі.

Затое непасрэдна з Гомелем звязаная іншая песня ў выкананні Леаніда Уцёсава. У лістападзе 1943 года паэт Яўген Далматоўскі знаходзіўся ў толькі што вызваленым Гомелі і напісаў невялікі верш, апублікаваны пад назвай “Вуліцы-дарогі”. Кампазітар Марк Фрадкін напісаў да гэтых слоў музыку спецыяльна для Уцёсава ды яго аркестра. Што праўда, Уцёсаў дапісваў гэтую песню сам з увагі на тое, што вызваляліся іншыя гарады, так і паўстала ў выніку “Дарога на Берлін”. У пачатковым варыянце Далматоўскага ў трэцюю страфу ўсталяўся радок пра Гомель, у канчатковым варыянце Уцёсава яго не было.

Штодзень

Выкарыстаныя матэрыялы: Вячаслаў Сухоцкі “Гісторыя музыкі Гомельскай вобласці. 1900-2015”, адкрытыя крыніцы.

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png