Гомелец Вячаслаў Бортнік быў у праваабарончым руху яшчэ з 1990-ых гадоў, узначальваў беларускую філію вядомай Amnesty International. Паразмаўлялі з ім, як ён прыйшоў да беларускасці і беларускай мовы і як адшукаць гэты шлях іншым суайчыннікам.
Як ты прыйшоў да беларускасці? Сям’я ці нешта іншае?
Беларускасць (ці асэнсаванне сябе беларусам) да мяне прыйшла не з нараджэннем, а праз дзесяцігоддзі. У сям’і гэтага не было. З матчынага боку былі палякі ды троху немцаў. Бабуля нарадзілася ў Лодзі, маці – у Мюнхене, дзед – у каталіцкай Рудні Нісімкаўскай.
У хаце размаўлялі па-расейску, па-польску, ужываліся таксама і нямецкія словы. Натуральна святкавалі каталіцкія святы. З боку бацькі былі беларусы ды троху палякаў. Камуністы.
Мы больш часу бавілі з матчынымі сваякамі, да сямі гадоў нават жылі разам з матчынымі бацькамі. Бацька, хоць і быў этнічным беларусам, па-беларуску не размаўляў. Ды і ніхто ў нашым гомельскім атачэнні не размаўляў – ні ў дзіцячым садку ці ў школе, ні ў маці ці дзядулі на працы, ні ў краме, ні ў тэатры – нідзе. Вядома, мова была на слыху па радыё ці БТ.
А як жа школа? Ці была там беларуская мова?
Вывучаць беларускую мову я пачаў у трэцім класе, а ангельскую – у чацвёртым. Дык выглядала, што беларуская мела статус замежнай. Па-беларуску выкладаліся выключна беларуская мова і літаратура, некалькі гадзінаў на тыдзень.
Мова мне падабалася, і вывучаць яе было не цяжка, ведаючы польскую. А вось з настаўніцай не пашанцавала. Нейкі парадокс: у яе была такая прыгожая чысцюткая беларуская мова, выкладаць якую настаўніца ці не хацела, ці не магла. Ёй было заўсёды сумна на занятках. Часам яна нам расказвала байкі, якіх наслухалася ў судзе ў якасці народнага засядацеля. Не саромелася есці ці рабіць сабе манікюр за настаўніцкім сталом падчас заняткаў, пасылала нас у краму штось ёй набыць. Гэта было цікавей, чым сумная вучоба.
Беларускую літаратуру я любіў – тое, што мы вывучалі, было вельмі простае для разумення (у параўнанні з Дастаеўскім ці Талстым). З праграмы на ўсё жыццё запомніў “Пінскую шляхту”, “Дыпламаванага барана”, “Ехаў дзедка на кірмаш”, “Камсамольскі білет”, “Пахне чабор”, “А хто там ідзе?”, “На ростанях” ды “Людзей на балоце”.
Усё гэта было дастаткова цікава, але ніяк не ўплывала на маю ідэнтычнасць.
Кім быў тады Слава Бортнік? Беларусам ці ўсё ж не?
У чацвёртым класе я расчараваўся ў савецкай версіі камунізму. Да таго ж, мы былі каталікамі. Дзед з бабкай адыгрывалі важную ролю ў жыцці гомельскай каталіцкай абшчыны, сябравалі з ксяндзамі, персанальна ведалі кардынала Свёнтка.
Мая сям’я пацярпела ад саветаў, дзед адбыў пяць гадоў у лагеры для палітычных у Мардовіі. Было гэта напачатку 1960-х. Бабулі было цяжка апынуцца на чужыне адной, з двума маленькімі дзецьмі, дрэнна ведаючы рускую мову.
Дык у маім разуменні на той час быць рускім ці беларусам было тое самае, што “саўком”. А мы ідэалагічна “саўкамі” не былі. Таму, калі прыйшоў час атрымаць пашпарт (у 1990-м годзе), не было пытання, як запісацца – толькі палякам. Быць палякам для мяне значыла быць супраць сістэмы, не такім як усе. Мой дзед ніколі не адмаўляўся ад сваёй нацыі і веры. Памятаю, як мы разам слухалі “Нямецкую хвалю” і “Голас Амерыкі” ў ягоным пакоі. Не ведаю, адкуль у дзеда былі асобнікі “Навiнаў БНФ”, друкаваныя на ратапрынце.
А як далей? Можа, ва ўніверсітэце было нешта, што прыцягнула да беларускасці?
Важную ролю ў маім лёсе адыграў беларускі паэт Ніл Гілевіч. Здарылася гэта ў выпрабавальным 1991-м. Кароткая перадгісторыя. Школу я не любіў, але вучыўся заўсёды добра, бо для мяне гэта было не цяжка.
У 1990-м бабуля з маці надумаліся з’ехаць за мяжу – у Нямеччыну. Афармлялі розныя паперы, пайшлі на курсы нямецкай мовы (мы з сястрой таксама), маці нават пайшла вучыцца кіраваць машынай. Школу я закінуў і не рыхтаваўся да паступлення. Але ў рэшце рэшт з нямецкай авантуры нічога не атрымалася. І мне трэба было хутка вырашыць, куды паступаць пасля школы (бо над галавой навісла войска).
З’язджаць з Гомеля не хацелася. Журналістыкі і замежных моў у ГДУ на той час не прапанавалася, дык мая цётка параіла ісці на рускі філфак. Насамрэч, на той момант гэта было адзінае, што мне пасавала. У 1991-м вельмі добра здаў уступныя іспыты і паехаў на адпачынак да сваякоў у Польшчу.
Падчас жнівеньскага путчу мы былі ў Польшчы (гэта да пытання “А вы дзе былі 19 жніўня?”). Сваякі раілі заставацца; мы не паслухалі і вярнуліся ў родны Гомель. Пакуль нас не было, прыйшло пацвярджэнне, што мяне залічылі ў ГДУ. А праз тыдзень прыйшла яшчэ адна паперка, што я не паступіў. Дзіўна.
Пайшлі разбірацца ў ГДУ. Там нам патлумачылі, што дзяўчынка, якая друкавала паперы, зрабіла памылку. І адкуль яна ўзяла маё імя? З неба, напэўна. Мая камуністычная бабуля вырашыла, што так гэта не пакіне і паехала ў Менск да Ніла Гілевіча. Ён тады ўзначальваў Камісію Вярхоўнага Савету БССР па адукацыі, культуры і захаванню гістарычнай спадчыны. Спадар Гілевіч выслухаў бабулю, і мяне залічылі ў ГДУ са спазненнем.
Ва ўніверсітэце я стварыў і ўзначальваў студэнцкі літаратурны часопіс “Скальд”. Збольшага мы друкавалі творы студэнтаў рускага філфака, але былі публікацыі і на беларускай мове. Мы былі маладымі, троху нігілістамі, троху касмапалітамі, крытыкавалі ўсіх і ўсё. Памятаю, як мой сябар Руслан Лебедзеў напісаў сцёбавую паэму “Адраджэнне”, у якой раскрытыкаваў спробы ўладаў прымусова навязваць беларускую мову. Нам тады троху далі па хвасце за такую сатыру. Адным словам, універ таксама не ўцягнуў мяне ў беларускасць.
Пасля выпуску два гады працаваў настаўнікам на вёсцы ў чарнобыльскай зоне. Аднойчы да нас заехала творчая група беларускага тэлебачання. Сярод гасцей была легендарная дыктарка Зінаіда Бандарэнка, якую я заўсёды любіў і паважаў. Мне трэба было зрабіць выступ перад аўдыторыяй. Я наплёў чагось вельмі мудрагелістага і вельмі спадабаўся цёці Зіне.
Яна запрасіла мяне на працу ў Менск, залагодзіла праслухоўванне з калегамі з рэдакцыі вясковых навінаў БТ. Паехаў, прачытаў з ліста беларускі тэкст, параілі перабірацца ў Менск. Але ісці ў праграму кшталту “Сельскай раніцы” не наважыўся. У той час я ўжо марыў пра кар’еру псіхолага.
А ў які момант прыйшло бачанне сябе беларусам?
Першы раз беларускамоўную моладзь у Гомелі я сустрэў у моладзевым цэнтры “Гарт” напрыканцы 1990-х. Патроху пачаў і сам размаўляць. У тыя часы размаўляць па-беларуску ўжо азначала ісці супраць status quo. Вядома, мне гэта вельмі імпанавала.
Але ўжо ўсведамленне сябе як беларуса прыйшло, як я пачаў вандраваць па свеце. Памятаю, як у 2000-х пазнаёміўся і пасябраваў з легендарнымі амерыканскімі беларусамі – Вячкай Станкевічам, Вітаўтам Кіпелем, Янкай Запруднікам, Алай Орса, сярод іншых.
Гэтыя сумленныя патрыёты змаглі не толькі захаваць родную мову, але і перадаць яе дзецям, што нарадзіліся ўжо за мяжой. Мяне тады гэта вельмі ўразіла: людзі, што нарадзіліся ці большую частку жыцця правялі за мяжой, прыгожа размаўлялі па-беларуску, чаго нельга было сказаць пра беларусаў, якія ўсё жыццё пражылі на радзіме.
Патроху пачала выпрацоўвацца новая ідэнтычнасць. За дзесяць гадоў, што жыву ў ЗША, мая беларускасць толькі ўмацоўваецца. З’яўляюся сябрам шматлікіх беларускіх арганізацый, бяру ўдзел у сустрэчах беларусаў Паўночнай Амерыкі, арганізую і падтрымліваю культурніцкія імпрэзы і праекты. Кожны год на маю замову мэр Вашынгтона абвяшчае 25 сакавіка Днём Волі ў амерыканскай сталіцы. Я не толькі размаўляю і чытаю па-беларуску, але таксама пішу і публікуюся на беларускай мове.
Як гэта быць беларусам у ЗША?
Шмат тых, што едуць у ЗША настала, часта мяняюць свае імя і прозвішча, каб пазбегнуць прадузятага стаўлення да іншаземцаў, напрыклад, калі шукаюць працу. Амерыканцам вымаўляць маё імя даволі цяжка, але я ніколі не хацеў яго змяніць. Для мяне важна, каб ведалі, што я не проста амерыканец, а беларускі амерыканец.
Цікава, што цяжкасцяў з атрыманнем працы з прычыны экзатычнага для амерыканцаў імені ў мяне не было. У свой час я быў самым першым экзаменатарам вуснай беларускай мовы ў ЗША для мэтаў дзяржслужбы і службы ў войску (мяркую, што цяпер нас трое), ствараў тэсты беларускай мовы, працуючы ў камандзе Універсітэта Мэрыленда. Падчас перапісу насельніцтва ў 2010-х і 2020-х гадах арганізаваў кампанію “Запішыся беларусам!”
Калі я толькі пераехаў у ЗША, беларусы гуртаваліся навокал старэйшай (заснаванай у 1949 годзе) і найбуйнейшай на той час арганізацыі – БАЗА. Але за апошняе дзесяцігоддзе паўстала столькі новых груповак па ўсёй краіне. Пачыналіся яны з віртуальнай камунікацыі ў сацыяльных сетках і з цягам часу пераўтварыліся ў даволі эфектыўныя НДА.
Што параіш тым, хто шукае свой шлях да беларускасці, і як захаваць яе тым, хто ўжо знайшоў?
Лічу, што пачынаць трэба з сябе. Першая крыніца інфармацыі ў сучасным свеце, вядома, – Інтэрнэт. Друкаваныя кнігі, часопісы, тэатр, кіно таксама ніхто не адмяняў. Калі гэтага недастаткова, трэба шукаць аднадумцаў у тых жа самых сацсетках.
У ЗША гэта даволі проста – амаль у кожным вялікім горадзе цяпер ёсць беларуская суполка. А калі няма, дык трэба стварыць.
Магчымасці распавесці суседзям ці супрацоўнікам пра сваю культуру заўсёды ёсць. Амаль у кожнай мясцовасці ладзяцца этнічныя фестывалі, школы ды ўніверсітэты арганізуюць дні розных культур.
Калі я вучыўся ў магістратуры, наша суполка не аднойчы ладзіла беларускі інфармацыйны стол, нават адна сяброўка брала ўдзел у модных паказах беларускай вопраткі.
Сумеснае святкаванне святаў, а таксама беларуская ежа таксама гуртуюць беларусаў. Наша суполка не аднойчы запрашала вашынгтонцаў пакаштаваць дранікі.
Сёння я ганаруся быць беларускім амерыканцам. Сустракаючыся з прадстаўнікамі самай новай плыні беларускай эміграцыі, прыемна ўяўляць, што ўсё больш маладых людзей размаўляе па-беларуску. Я веру, што наша мова і культура будзе жыць.