Шматдзетнай маці наўпрост адмовяць у працы

by homieldays

Працоўны кодэкс РБ прадугледжвае для шматдзетнай маці (бацькі ці іншага родзіча) адзін вольны ад працы дзень з захаваннем заробку. Што не так з гэтай заканадаўчай нормай — у блогу “Штодня”.

Ілюстацыйнае фота

 

Звычайны чалавек мала што разумее ва ўнутранай арганізацыі дзейнасці прадпрыемстваў, але добра ведае, як цяжка гадаваць нават адно дзіця. Выконваць жа ўсю працу па хатняй гаспадарцы і вырашаць арганізацыйныя пытанні, калі дзетак трое і больш, – вельмі складана. Таму дзяржава, якая дорыць такім сем’ям вольны ад працы дзень, павысіць у вачах электарату ўласны рэйтынг.

Але сацыяльна арыентаванай можна назваць дзяржаву, якая ўласнаручна выдаткоўвае бюджэтныя сродкі на падтрымку пэўных катэгорый насельніцтва. Беларуская ж улада ў дадзеным выпадку пераклала адказнасць на працадаўцаў: сродкі на аплату непрацоўнага дня прадпрыемствы павінны шукаць самастойна.

Фонд заработнай платы ў кожнай арганізацыі абмежаваны. Значыцца, каб выплаціць нешта таму, хто не працаваў, трэба недаплаціць камусьці іншаму. І вось што можа атрымацца: супрацоўнік, які, акрамя сваіх абавязкаў, раз на тыдзень выконвае працу і шматдзетнага калегі, будзе пазбаўлены часткі прэміі. У выніку той, хто працуе 5 дзён (з іх адзінь – з падвойнай нагрузкай), і той, каму давядзецца працаваць толькі 4 дні, атрымаюць аднолькавую заработную плату. Дык дзе ж сацыяльная роўнасць і справядлівасць?

Каб сродкі на аплату непрацоўнага дня для шматдзетных браліся з Фонду сацыяльнай абароны, а зэканомленая частка фонду заработнай платы прадпрыемства ішла на прэміраванне таго, хто замяняе адсутнага, была б зусім іншая справа.

Ёсць з вольным ад працы днём яшчэ адна праблема: як замяніць адсутнага супрацоўніка. А калі гэта адзіны на прадпрыемстве спецыяліст і ніхто іншы яго працу не выканае? Ці, напрыклад, гэта касірка ў гіпермаркеце, якая працуе пазменна. Астатнія касіркі ўжо працуюць з поўнай загрузкай і выйсці на яшчэ адну дадатковую змену не могуць, бо браць дадатковага супрацоўніка на адзін дзень у тыдзень ніхто не будзе. У выніку ў краме будзе працаваць на адну касу менш і пакупнікі будуць стаяць у велізарных чэргах. Далёка не кожная праца дазваляе даць прадугледжаны заканадаўствам вольны дзень. Нашыя заканатворцы дагэтуль мысляць катэгорыямі вялізарных савецкіх прадпрыемстваў з раздутымі штатамі і не заўважаюць, што неабходнасць рабіць тавары канкурэнтаздольнымі стымулюе абыходзіцца мінімальным штатам супрацоўнікаў.

Ілюстацыйнае фота: https://manzanagroup.ru/upload/resize_cache/iblock/dbe/450_450_0/kak-umenshit-ochered.jpg

 

Якія рэальныя наступствы мае гэтая спроба падтрымкі шматдзетных сямей? Працадаўцы і без таго баяцца браць у штат тых, хто можа шмат адсутнічаць на працы праз хваробы дзяцей, неабходнасці наведваць ранішнікі ў садках і школах і г.д. З вялікай доляй верагоднасці шматдзетнай маці наўпрост адмовяць у працы, каб не мець дадатковых клопатаў. Вось вам і сацыяльная абарона.

Клапаціцца пра розныя катэгорыі насельніцтва варта, але трэба шукаць такі баланс, каб правы іншых пры гэтым не закраналіся. Якія б рэальныя формы падтрымкі магла прапанаваць дзяржава? Замест вольнага дня можна было б, напрыклад, раз на тыдзень даваць шматдзетным сем’ям бясплатных няню ці памочніцу па хатняй гаспадарцы.

Можна знайсці розныя варыянты дапамогі, але дзеля гэтага трэба думаць пра насельніцтва і клапаціцца пра яго больш, чым пра ўласны рэйтынг.

Штодзень

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png