Пятро Цалка прыйшоў працаваць у Веткаўскі яшчэ студэнтам – у верасні 2011 года. Ужо праз некалькі год ён узначаліў гомельскі філіял музея. А з пачатку студзеня гэтага года з’яўляецца дырэктарам Веткаўскага музея. Пятро Міхайлавіч – той дырэктар, які сам з задавальненнем праводзіць экскурсіі і па музеі, і па Ветцы, ездзіць у экспедыцыі, прыдумляе новыя праекты.
Як напісалі ў адным каментарыі: “Веткаўскі музей часоў Пятра Цалкі ўжо ўвайшоў у гісторыю беларускай музейнай справы яскравай і прыгожай часткай. І мы з гэтым згодныя на мільён адсоткаў. І ведаем, што багата хто з вас любіць Веткаўскі якраз праз асобу Пятра Цалкі. Пятро любіць музей, і не хоча мяняць працу ў Веткаўскім ні на што іншае. Але 1 студзеня сканчваецца працоўны кантракт з Пятром Міхайлавічам”.
“І тыя, хто павінны кантракт працягнуць, працягваць яго адмаўляюцца… Але мы яшчэ верым у цуд, тым больш надыходзіць святочны, калядны час”, – пішуць у сацсетках наведнікі музея.
Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый сёння – сапраўдны культурны цэнтр рэгіёна. Тут сабраныя ўнікальныя стараабрадніцкія іконы, рукапісныя і друкаваныя кнігі, самая вялікая калекцыя рэгіянальнага тэкстылю (ручнікі, посцілкі, элементы традыцыйнага касцюма і інш.). Дзейнічаюць пастаянныя і часовыя экспазіцыі.
“Менавіта ў Гомельскім філіяле Веткаўскага музея, калі яго загадчыкам быў Пётр Цалка, з’явілася “Школка бытавога танца”. Усе выдатна памятаюць “Гуканне вясны”, “Ноч музеяў” “Летнікі па ткацтве” і велізарную колькасць вечарын, якія праходзяць у музеі”, – пішуць у сацсетках.