“Мінскі завод безалкагольных напояў не схлусіў у сваім абяцанні дадаць беларускую мову на этыкетку Бела-Колы. А вось Кока-Кола сваё абяцанне 2021 года ўсё яшчэ не выканала – беларускай мовы на іх этыкетцы ўсё яшчэ няма. А таму калі смак у гэтых двух колаў амаль аднолькавы, то купляйце беларускае. Тым больш, што рэкламная кампанія Бела-колы таксама беларускамоўная. Падтрымаць нашу дзейнасць па беларусізацыі Беларусі можна праз Патрыён”, – распавядае Ігар Случак.
Ігар атрымаў адказ ад намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце Мінскага завода безалкагольных напояў А.Я. Кляпіцкага. У адказе таксама гаворыцца пра сайт завода, які мае толькі рускамоўную версію. “Наш афіцыйны сайт, на жаль, не мае беларускамоўную версію. Мы плануем стварэнне новай версіі сайта, якая ў тым ліку будзе складацца з роднай мовы. Тэрміны з’яўлення новага сайта будуць залежаць ад фінансавых магчымасцей нашага прадпрыемства”.
Ігар Случак шмат гадоў змагаецца за беларускую мову ў розных сферах жыцця. Ён няспынна накіроўвае звароты ў розныя ўстановы і арганізацыі, што з часам прыносіць свае вынікі. Так нядаўна, дзякуючы гэтым зваротам, беларуская мова з’явілася на дзіцячым харчаванні Bambolina. Таксама нядаўна сам Ігар разам з сям’ёй выехалі з Беларусі.
Фота: Ihar Sluchak