Міліцыя і невядомыя ў цывільным ломяцца ў кватэру вайскоўца Аляксандра Пануцы (відэа)

by ZB

Гомелец, якога пазбавілі звання афіцэра за ўдзел у пратэстах і антываенныя звароты, даслаў у рэдакцыю “Штодня” некалькі відэа, з якіх вынікае, як супрацоўнікі ўладаахоўных органаў імкнуцца трапіць у жылое памяшканне сям’і Пануца. Саміх гаспадароў на месцы няма, паколькі яны ў 2021 годзе выехалі за мяжу пасля пераследу.

Аляксандр Пануца на акцыі салідарнасці з Украінай

Былы вайсковец гаворыць, што абставіны візіту былі дзіўныя, бо людзі ў цывільным прадстаўляліся супрацоўнікамі “ваенкамату”, якія нібыта шукалі ягонага прыёмнага сына. Хлопец у дадзены момант знаходзіцца за межамі Беларусі. І пра гэта не могуць не ведаць у адпаведных ведамствах. Аляксандр Пануца звяртае ўвагу на тое, што супрацоўнікі ваенкамату, калі робяць абходы прызыўнікоў, прыходзяць заўжды ў форме, што прадугледжана статутам.  “Такога ніколі не было, каб хадзілі ў цывільным”, – падсумоўвае назіранні гомелец. Таму, робіць выснову Аляксандр, гэта былі з вялікай верагоднасцю супрацоўнікі КДБ, якія збіралі нейкія звесткі ад суседзяў.

 

Навошта гэта робіцца? Цяжка сказаць. У нашай кватэры на дадзены момант ніхто не жыве. Зазначу, што некалькі дзён таму, калі камера не працавала, паводле маіх дадзеных, дзверы кватэры адчыняліся і адтуль нехта выходзіў. Другі камплект ключоў ёсць толькі ў Дэпартамента аховы МУС, з якім мы разарвалі дамову на ахову памяшкання яшчэ перад ад’ездам. Яны маглі адчыняць дзверы з невядомай мне мэтай. Я не ведаю, што і думаць. Спачатку нехта заходзіў раней, а цяпер прыйшлі ўтрох з участковым…”, – распавядае Аляксандр.

Афіцэр непакоіцца, што ў дачыненні да яго можа быць здзейсненая правакацыя: “Баюся, каб не падкінулі чагосьці забароненага. Пасля майго звароту да беларускіх ваенных у пачатку поўнамаштабнай расейскай агрэсіі супраць Украіны я, відаць, стаў цэллю №1. Мяне трэба любым шляхам зацягнуць на тэрыторыю Беларусі і паказальна пакараць, каб запалохаць астатніх…”

Аляксандр Пануца — афіцэр запасу з Гомеля, які ў лютым 2022 звярнуўся з рэзанансным выступам да беларускіх вайскоўцаў. Ягонае відэа паглядзелі тысячы чалавек. У верасні 2022 года яго пазбавілі звання разам з дзясяткамі іншых вайскоўцаў, якія не падтрымліваюць рэжым Аляксандра Лукашэнкі. За гэты час на былога вайскоўца, які быў вымушаны пакінуць краіну, аказваўся ціск праз сваякоў.

Штодзень 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png