Унутраная эміграцыя, расчараванне ў некаторых паплечніках па роварным руху і захапленне беларускай мовай. “Штодзень” паразмаўляў з вядомай гамяльчанкай, настаўніцай і заснавальніцай ВелаГомель Святланай Кароль.
Святлана, апішыце Ваш эмацыйны стан цяпер? Як увогуле справы?
Лета правяла ў вёсцы, у сваім месцы сілы — доме маіх бабулі і дзядулі. Але свой стан апісала б як унутраную эміграцыю. Я актыўная раварыстка, прызвычаілася “адчуваць” горад: гукі, пахі, вочы людзей, але зараз ён стаў нейкі чужы. Я жыву ў Гомелі 61 год, заўсёды ставілася да яго з павагай, а зараз у мяне няма адчування, што гэта мой горад. Але стараюся трымаць сябе ў руках і трымаць сваю годнасць.
Таксама хачу дадаць, што вельмі баліць удзел Беларусі і асабліва выкарыстанне тэрыторыі Гомельскай вобласці ў агрэсіі супраць Украіны. У мяне ёсць украінскія карані, шмат сяброў і знаёмых зараз трываюць гэтую бяду. Выбачаюся перад імі усім сэрцам. 4 сакавіка я напісала афіцыйны зварот Пятру Кірычэнку, прасіла арганізаваць гуманітарную дапамогу Чарнігаўскай вобласці. Атрымала адказ, што “Чырвоны крыж” дапамагае толькі бежанцам. Ну дзякуй хаця б на гэтым. Але жыхары Гомеля самі аб’ядналіся і змаглі хоць крыху дапамагчы прадметамі першай неабходнасці жыхарам прымежжа.
Распавядзіце пра ровар у сваім жыцці.
У дзяцінстве ў мяне быў ровар, але гэта не асабліва запомнілася. А вось калі я пасля складанай аперацыі ў 50 год стала пенсіянеркай — ровар пачаў для мяне многа значыць. У мяне была вялікая вага, я нядобра пачувалася, і шукала, як сябе падбадзёрыць. І вось сын прывёз мне ў вёску свой ровар. Я вельмі хутка навучылася ездзіць, мне так гэта спадабалася: шуршанне, паветра, аблокі… Скінула вагу, стала велаактывісткай, езжу ўжо, атрымліваецца, 6 год.
Ці праўда што вы заснавалі афіцыйны роварны рух у Гомелі?
Я — адна з заснавальніц афіцыйнай роварнай арганізацыі ВелаГомель. Калі я ўлілася ў роварны рух і пабывала на вялікіх з’ездах, пабачыла, што добра развіваецца інфраструтура ў тых гарадах, дзе ёсць роварная арганізацыя. Вырашыла: “Чаму б нам у Гомелі такую не зрабіць?” Так мы зарэгістравалі ВелаГомель, і на першым жа пасяджэнні мяне выбралі старшынькай.
А зараз у вас якія адносіны з арганізацыяй?
У лютым 2020-га года выбралі новую старшыньку, я засталася ў арганізацыі ў якасці радцы — у мяне добра ладзілася камунікацыя з чыноўнікамі. У жніўні 2020-га года беларускія грамадскія арганізацыі, у тым ліку звязаныя з роварным рухам, падпісвалі ліст з асуджэннем гвалту. Тады я ўбачыла, што сярод падпісантаў няма ВелаГомеля. Я звярнулася да чальцоў праўлення — мне адказалі, што не будуць гэтага рабіць, каб захаваць арганізацыю. Мяне гэта вельмі моцна абразіла. І я выйшла. Усё ж для мяне прынцып больш важны за юрыдычны статус. Пасля было шмат допытаў, вобшукаў — я спецыяльна дыстанцыявалася ад усіх, каб у сваю варонку нікога не зацягнуць. Так і развіталася з арганізацыяй і людзьмі.
Насамрэч з гомельскім веларухам мне было цяжкавата: ён усе ж такі патрыярхальны. Усе лідары — хлопцы, некаторыя рэчы цяжка было прымаць. Але і было шмат цікавых мерапрыемстваў. Напрыклад, ладзілі пакатушкі “Лэдзі на веласіпедзе”, каб папулярызаваць гарадскі стыль язды на ровары. Некалькі модных крамаў далі нам адзенне і мы дэфілявалі па Гомелі. Вельмі спадзяюся аднавіць гэты фармат. Дарэчы, дзяуўчат-раварыстак у Гомелі вельмі шмат. Багата хто пытаецца: “Калі ж адбудуцца нашыя маднявыя веладэфiле?” А самае каштоўнае для мяне асабіста — калі жанчына кажа: “Дзякуючы вам я стала ездзіць на ровары”. Гэта мой самы рэальны унёсак у развіццё роварнага руху.
Вы гаворыце як прафесійная арганізатарка…
Так. Паводле адукацыі я настаўніца музыкі і спеваў, у сваёй 37 школе я адпрацавала амаль усё жыццё. Але мне было мала класнай аўдыторыі: я ладзіла КВЗ, школьныя вечары, “Што? Дзе? Калі?”, вельмі любіла працаваць з падлеткамі, з малодшымі школьнікамі. Пасля ўсе мае навыкі мне вельмі прыдаліся ў роварнай дзейнасці.
Ці кантактуюць з вамі ў гэтыя няпростыя часы вашы вучні?
Так! Два гады таму я выйшла з ІЧУ пасля некалькіх сутак, мне прысудзілі штраф — 20 базавых. І першыя, хто мне дапамаглі разабрацца са штрафам, — мае вучні. Так склалася, што кампанія маіх былых вучняў з 37-й школы — мае самыя правераныя па жыцці сябры. Ім зараз па 40 гадоў, я ў іх выкладала спевы ў 7-м класе, пасля мы былі камандай КВЗ, з таго часу і сябруем. Я прыйшла працаваць у школу ў 1990-я, тады яшчэ не было “піянерыі” і “камсамолу”. Мы прыдумалі сваю арганізацыю — “Школьная Рэспубліка Дабрыня” і дэвіз “Спяшайцеся рабіць дабро”. І калі ўжо з’явіўся БРСМ, я ўсё адно казала дзецям, што любіць дзяржаву і Радзіму — розныя рэчы. Перадусім — дабрыня і чалавечнасць. І гэтыя якасці да мяне ад іх вярнуліся.
Што увогуле для вас асабістая свабода?
Свабода ў сэрцы. Вернасць сваім поглядам, упэўненасць, што ўсё зрабіла правільна. Лічу, што чалавек у прынцыпе нараджаецца свабодным, і яго маральныя якасці, жыццё — важнейшыя за ідэю.
Вы сказалі, што вывучаеце беларускую мову. Распавядзіце падрабязней.
Так. Я чытаю, слухаю беларускі кантэнт на ютубе, чытаю вершы. Я не заўсёды размаўляла па-беларуску, але пэўны час выкладала па-беларуску музыку і спевы. Літаральна праз пару тыдняў я клалася спаць — і мае думкі шлі на беларускай мове. Упэўнена — яшчэ б крыху намаганняў, і ў нас была б беларускамоўная краіна. Беларусь павінна размаўляць па-беларуску, ставіць беларускую культуру перадусім, бо мы — беларусы.
Вы прайшлі праз адміністрацыйныя працэсы і сутыкаецеся з падвышанай увагай з боку органаў. Як вы падтрымліваеце сябе ў гэты цяжкі час?
Рэпрэсіі, канешне, моцна задавілі і мяне, і іншых людзей. Але я вырашыла, што калі магу дапамагаць — дапамагаю, што ёсць добрага — паляпшаю. Стараюся сябе зберагчы такім чынам да той Беларусі, якая павінна настаць. Пішу лісты палітвязням, пералічваю грошы ў прытулак для бадзяжных жывёл, працягваю папулярызаваць роварны рух. Такім чынам атрымліваецца захаваць сваю цэласнасць. Цяжкі вельм час, але што рабіць — без вялікіх крызісаў скачкоў не адбываецца. Калі кожны будзе сябе так зберагаць, то мы апынемся ў лепшай Беларусі.
А якую ролю ў вашым жыцці адыгрывае вёска?
Гэта маё места сілы, мая Беларусь за плотам. У хаце шмат бабуліных вышываных посцілак, ручнікоў — я іх падаставала, паразвешвала на сцену, бо яна прасіла, каб мы пасля яе смерці імі карысталіся. Усё гэта проста падмацоўвае. Мая бабуля ўвогуле для мяне прыклад: падчас вайны ў вёсцы стаяў фашысцкі гарнізон, у яе двары жылі салдаты. Яны з дзядулем неяк справіліся з гэтым — і мы справімся.
Як увогуле вы ацэньваеце беларускае грамадства, улічваючы ваш вопыт працы з дзецьмі і актывізм?
Беларускае грамадства вельмі таленавітае. Гарызантальныя сувязі ў Беларусі — узорна-паказальныя. Урбаністы, эколагі, абаронцы птушак і беларускай мовы, праваабаронцы, раварысты — НДА вырашалі вялікую колькасць пытанняў. Стасункі паміж арганізацыямі былі проста ідэальнымі. Мы — таленавітая нацыя, якая можа аб’ядноўвацца, дабівацца, паляпшаць. Калі беларусам развяжуць рукі — будзе шмат ініцыятыў, якія з гэтай краіны зробяць ляльку, я ўпэўнена ў гэтым на 250 адсоткаў.
Пачаўся верасень — месяц, напоўнены размовамі пра школу, заняткі, веды. Чаго б вы пажадалі сённяшняй беларускай моладзі?
Я па-ранейшаму застаюся на той пазіцыі, што дабрыня, эмпатыя, салідарнасць — па-над усім. Самае галоўнае — быць чалавекам. Мы — дзеці савецкай ідэалогіі, але сярод нас выраслі людзі, якія маюць свае прынцыпы, ідэалы свабоды, слова, чалавечага жыцця. І мне вельмі хочацца, каб школьнікі мелі крытычнае мысленне, бо веды цяпер можна атрымліваць падчас усяго жыцця. Я ўпэўнена — яны ўсё разумеюць. Дзеці вельмі разумныя зараз, і адгарадзіць іх — там белае, тут чорнае — немагчыма. Жадаю дзецям знаходзіць радасць у кожным дні, знаходзіць у сабе добрае, вырошчваць сябе для новай Беларусі.
Штодзень https://t.me/shtodzien
Фота: з асабістага архіву гераіні публікацыі