Цмок, які не змог: прыгоды гомельскага “Валатазаўрыка”

by ZB

У пачатку жніўня на адным з Валатаўскіх азёраў Гомеля ўсталявалі незвычайную скульптуру. Аднак доўга тая не пратрымалася і хутка сышла пад ваду, пакінуўшы пра сябе хвалю прышпілаў і мемаў у сацыяльных сетках. Пасля вяртання “падводнага” цмока на месца гомельскі аналаг пачвары з шатландскага возера Лох-Нэс нават займеў адметную назву “Валатазаўрык”. Але меркаванні гомельцаў адносна яе падзяліліся – ад цалкам станоўчых да катэгарычна адмоўных. “Штодзень” разабраўся ў прыгодах новай гомельскай скульптуры, хвалі хейта і любові да яе ды ігнараванні ўладамі гісторыі і традыцый горада.

 

Той самы цмок, які не змог

 

 

Адкуль плаўнікі растуць

Паводле звестак у дзяржаўных СМІ, ідэя стварэння кампазіцыі належыць маленькай дзяўчынцы па імені Аліна. Нібыта яна самастойна патэлефанавала на прамую лінію кіраўніку адміністрацыі Цэнтральнага раёна і распавяла пра тое, што нядаўна паглядзела фільм “Мой хатні дыназаўр” пра прыгоды хлопчыка Ангуса, які жыў на беразе возера Лох-Нэс. Уладам ідэя спадабалася і яны аддалі яе ўвасабленне ў рукі.. прыватнай фірмы, якая і ўзяла на сябе фінансавыя выдаткі.

Калі ў праўдападобнасці такой мілай гісторыі ўзнікнення “Валатазаўрыка” застаецца сумнявацца, то практыка перадачы прадпрыемствам і бізнесмэнам задачы па набыцці ці вырабу разнастайных аб’ектаў у горадзе (вядома ж, на добраахвотна-прымусовых пачатках) за апошнія гады стала рэгулярнай з’явай. Можна прыгадаць, што менавіта прадпрыемствы горада ў сваёй большасці аплочваюць шматлікія пасадкі новых дрэваў вясною ці выпадак са славутым “інтэрактыўным прыпынкам” каля фабрыкі “8 сакавіка”. Так, прыватная фірма прафінансавала яго ўсталяванне ў 2016 годзе, але праз адсутнасць догляду і рамонту з боку гарадскіх уладаў, праз шматлікія паломкі, сёлета прыпыначны павільён было вырашана дэмантаваць.

Скульптура “Валатазаўрыка”, як сцвярджаецца, уяўляе з сябе металічны каркас, на які пластамі наносіўся адмысловы пластык. Зроблена гэта з мэтай прадухілення з’яўлення іржы ды акіслення ў вадзе, а самая цяжкая частка, галава, была створана з элементамі бетону. Абапал ад істоты размешчаныя вялізныя бакі, што выконваюць ролю паплаўкоў, якія не дазваляюць аб’екту перакуліцца. А каб канструкцыя нікуды не сплыла, да дна возера яна надзейна прымацаваная ланцугамі. Прынамсі, так лічылі пры распрацоўцы, бо на справе “Валатазаўрык” пайшоў на дно амаль адразу пасля ўсталявання, умомант стаўшы мемам. Шмат хто адзначаў і невысокі ўзровень тэхнічнага выканання скульптуры, якая лунае над воднай паверхняй.

“Валатазаўр” са здзіўленнем глядзіць на гомельскія панэлькі

 

На шыі няшчаснага Валатазаўра — раны і шнары, як пасля перанесенага хірургічнага умяшальніцтва

 

Цела Валатазаўра скляпалі з таго, што было (з г..на ды палак)

 

Ці вытрымае яна выпрабаванне надвор’ем? Ці хопіць ва ўладаў сродкаў на ўтрыманне яе ў належным візуальным і тэхнічным? На думку некаторых жыхароў раёна, гомельскую “Нэсі” можа чакаць лёс зялёных скульпур з пакрыццём са штучнай травы, што былі ўсталяваныя на вазёрах па суседстве, аднак праз невысокую якасць выканання і адсутнасць належнага догляду і рамонта хутка пераўтварыліся ў заапарк змрочных вырадкаў.

Пры гэтым, ва ўмовах адсутнасці адметных аб’ектаў на раёне, частцы жыхароў скульптура нават падабаецца.

Рэальныя насельнікі валатаўскіх азёраў у шоку ад суседства з Валатазаўрам Пятровічам

 

Перш як скульптуры размяшчаць, само возера не замінала б пачысціць ад смецця

 

Некаторыя гомельцы параўноўваюць “Валатазаўрыка” з тым жа Лепельскім цмокам, які быў усталяваны ў 2013 годзе на беразе аднайменнага возера. Аднак калі ў выпадку Лепеля ўлады здолелі творча перапрацаваць рэальную мясцовую легенду, то гомельскія ўлады ўласную гісторыю і спадчыну цалкам праігнаравалі. А цмокі для Гомеля – зусім не чужыя, як аказваецца.

 

Лепельскі цмок. Фота: Планета Беларусь

 

“Аксамітны жах” і гомельскія цмокі

Пачынаючы з 1994 года, у Гомелі выходзіла адметная самвыдатаўская газета “Аксамітны жах”, якую выдавала мясцовая культурніцкая суполка вольных мастакоў. Адной з “фішак” выдання стала ўключэнне ў нумары матэрыялаў на тэматыку цмокаў. На думку аўтараў, менавіта цмок мог стаць брэндам горада і нават усяго рэгіёна.

Гомельскі цмок. Выява Андрэя Скідана з нумара Аксамітнага жаху

 

Пры распрацоўцы гэтай тэмы аўтары звярталіся да мастацкай культуры Пасожжа, вывучалі фальклорныя зборнікі і працы, у якіх узгадваліся таямнічыя істоты ды шукалі іх у аб’ектах архітэктурнай спадчыны горада ды рэгіёна. І знаходзілі!

У камні і дрэве

Напачатку вуліцы Савецкай месціцца каменны дом гомельскага купца Якава Лаў’янава, збудаваны ў стылі мадэрн на мяжы XIX і ХХ. Кватэры, якія здаваліся ў арэнду, месціліся на другім і трэцім паверхах, а першы змяшчаў разнастайныя ўстановы: канторы футравага гандлю А.Р. Альшанскага і маслабойнага завода братоў Элькіных, гандлёва-прамысловае таварыства ўзаемнага крэдыту, фартэпіянныя і скрыпічныя класы Б.С. Розэнблюма. Акрамя таго, тут месціліся майстэрні спецыяліста хранометраў і складаных гадзіннікавых механізмаў І. Мінёвіча, маляўнічая і малярная ўстанова Рахліна і адно з самых знакамітых гомельскіх фотаатэлье, якое належала Н.Б. Левітэ. Будынак захаваўся і сёння і багата аздоблены дэкорам. А над яго першым паверхам месцяцца адмысловыя барэльефы з выявай цмока. На жаль, ведаюць пра гэтую адметнасць пакуль што адзінкі, хоць для таго, каб яе заўважыць, трэба ўсяго толькі падняць галаву.

Цмокі на доме гомельскага купца Лаў’янава на пачатку вул. Савецкай

 

Гомельскі рэгіён здаўна вылучаецца і сваёй багатай традыцыяй драўлянага дойлідства. Мясцовыя майстры спалучылі разам шматлікія каноны і ў сваёй працы адлюстравалі разнастайныя матывы ды сэнсы, якія падаваліся ім прыгожымі ды важнымі. Так, сярод розных зааморфных выяў на ліштвах гомельскіх драўляных дамоў дагэтуль можна сустрэць не толькі кветкі, дрэвы, коняў ці птушак, але і самых сапраўдных цмокаў.

 

Цмок на ліштвах дома на вул. Джураева, 103 у Гомелі

 

Пляж, земляная пачвара ды таямнічы амулет

У 2006 годзе ў ходзе адмысловага пленэра пляжнай скульптуры “Легенда з пяску”, які быў арганізаваны гісторыкам Яўгенам Малікавым ды мінскім скульптарам Генадзем Лойка на цэнтральным пляжы паўстала пяшчаная скульптура цмока.

Цмок на пляжы Гомеля ў 2006 г.

 

Над стварэннем дваццацімятровага аб’екта на працягу трох дзён працавала каманда з чатырох дзясяткаў чалавек: студэнты, школьнікі і проста неабыякавыя гараджане, што прыйшлі пазагараць на пляжы ў выхадны дзень. Далікатны цмок з пяску праіснаваў нядоўга, але пакінуў пра сябе добрую памяць сярод здзіўленых такім відовішчам гараджан.

Пэўны працяг традыцыя ўзнікнення ў абласным цэнтры “земляных” цмокаў атрымала ў двухтысячных, калі на перакрыжаванні вул. Бочкіна і Уладзімірава сканструявалі з глебы вялізную скульптуру. Пратрымаўся гэты аб’ект даўжэй за свайго пясчанага “брата”, але быў зруйнаваны ў 2015 годзе пры рамонце падземных камунікацый.

Земляны цмок у Заходнім раёне

 

Вядомая гомельцам і скульптура “Лодачнік”, што месціцца напрыканцы Кіеўскага спуска на набярэжнай Сажа і адсылае сваім знешнім відам да часоў першых трывалых пасяленцаў на тэрыторыі нашага горада. Акрамя рысі – сімвала горада, што мірна ляжыць у нагах старадаўняга продка, губляецца адна адметная дэталь – амулет ягоных грудзях. Так на ім можна ўбачыць выяву сапраўднага цмока! З’явіўся гэты аб’ект зусім невыпадкова, а быў знойдзены мясцовымі археолагамі падчас раскопак. Пры гэтым дагэтуль застаецца загадкай, хто і па якіх прычынах насіў ва ўжо пераважна хрысціянізаваным краі амулет з такой міфічнай істотай.

 

Амулет Лодачніка

 

На вялікі жаль, большасць гэтых фактаў з мінулага Гомеля і рэгіёна ўлады праігнаравалі і ніяк не ўлічылі, не перапрацавалі пры стварэнні “Валатазаўра”, аддаўшы перавагу копіі шатландскага псеўдаплезіязаўра.

Выява гомельскага цмока, створаная сябрамі Гомельскай “Талакі”

 

Новая скульптура, старыя праблемы

Гісторыя ўзнікнення ў Гомелі Валатазаўра ў чарговы раз дэманструе шэраг істотных праблем з боку гарадскіх уладаў у працы з малымі архітэктурнымі формамі.

1) Недахоп сродкаў у гарадскім бюджэце ўсё часцей адбіваецца на “танным” выглядзе і нетрывалым стане падобных канструкцый. Можна прыгадаць актуальны стан і выгляд легендарных Машы ды Мядзведзя ў цэнтральным скверы. Перакладванне падобных задач на плечы прыватнага бізнэса ці гарадскіх прадпрыемстваў не вырашае сітуацыю. Застаецца толькі назіраць, як доўга захавае свой знешні выгляд у падобных умовах Валатазаўр і ці не пераўтворыцца ён праз пару год у чарговую аблезлую скульптуру.

2) Адсутнасць публічнага конкурса прыводзіць да меншай колькасці сапраўды ўнікальных і адметных ідэй ды прапаноў. Ва ўмовах жорсткай вертыкалі любыя конкурсы на роўных для разнастайных незалежных удзельнікаў умовах ствараюць лішнюю нагрузку на не самыя кампетэнтныя гарадскія ўлады. Значна прасцей усё рабіць дырэктыўна-загадавым метадам.

3) Гомель губляе патэнцыйныя брэнды і сувязь з лакальнай гісторыяй ды культурай. Праз элементарнае няведанне мясцовага кантэксту з боку гарадскіх уладаў у чарговы раз капіююцца замежныя прататыпы. Замест творчай інтэрпрэтацыі і сувязі з гомельскім Цмокам, каторы мае свае карані ў мясцовай фальклорнай, архітэктурнай ды нават андэграўндна-мастацкай традыцыі, аўтары скапіявалі ва ўсіх дэталях стэрэтыповы вобраз “Нэсі”. Чарговы адметны брэнд згублены, а ўвага да сваёй унікальнай спадчыны страчаная.

4) Канфлікт ідэалагічных пасылаў. Ва ўмовах жорсткай крытыкі заходнееўрапейскіх краін, у тым ліку і Вялікабрытаніі, усталяванне вядомай усім з масавай культуры шатландскай істоты выглядае, мякка кажучы, дзіўна. У падобнай сітуацыі гэта толькі ў чарговы раз стымулюе ў гараджанах комплекс непаўнавартасці з уяўленнямі аб тым, што “у нас нічога свайго няма, таму трэба ўсё браць з Захада”. Таксама назіраецца рост ігнаравання таго, што кажуць дзяржаўныя СМІ ды прадстаўнікі ўлады. Бо паўстае тады рэзоннае пытанне, вядомае з жарта: вы або крыжык апраніце, або майткі падыміце. Варта вызначацца з тым, з кім мы сябруем (тут варта нагадаць, што шатландскі горад Абердын, які дзесяцігоддзямі быў горадам-пабрацімам Гомеля, разарваў пабрацімскія сувязі пасля пачатку вайны ва Украіне, у якой Беларусь выступіла ў ролі суагрэсара, дазволіўшы расійскім войскам наступ з поўдня краіны ў бок Чарнігава і Кіева. Гомельскія ўлады ніяк не адрэагавалі на гэтыя перамены) і што шануем – сваё ці толькі замежнае.

5) Мастацкія і культурніцкія густы гараджан працягваюць дэградаваць. У гэтай сітуацыі шкада гомельцаў, якім ва ўмовах адсутнасці якаснай інфраструктуры і сапраўды годных малых архітэктурных формаў ці скульптураў застаецца радавацца ўсяму, што вырашаць паставіць у скверах, парках ці нават на вазёрах мясцовыя ўлады. У чарговы раз не спытаўшы іх меркавання ці жаданняў.

Змаганне са сталічным цмокам і пошукі гомельскага

На вялікі жаль, адзін з самых знакамітых “цмачыных” брэндаў Беларусі нядаўна знік. Так, сталічны клуб “Цмокі-Мінск” быў перайменаваны гэтым летам у “Мінск”. Спартовыя эксперты кажуць, што гэта можа быць часткай рэпрэсіяў супраць патрыятычнай і прадэмакратычна настроенай часткі гульцоў і колішняга мэнэджмента каманды. Новае кіраўніцтва тлумачыць такі крок жаданнем павысіць пазнавальнасць клуба і стварыць “актуальны і прэзентабельны брэнд”…

Лагатыпы баскетбольнай каманды “Цмокі-Мінск”

 

У Гомелі ж прыклад удалай працы з тэмай мясцовых цмокаў дэманструе сёлета хіба што Цэнтр інклюзіўнай культуры. Сумесна з іншымі ўстановамі ў жніўні-верасні праходзіць цэлы шэраг майстар-класаў і квэстаў па пошуку сапраўднага гомельскага цмока. А пераможца нават атрымае яго драўляную копію ад філіяла Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава.

Застаецца спадзявацца, што гомельскі цмок дачакаецца лепшага часу ды зойме сваё месца пад сонейкам сярод адметных лакальных брэндаў у будучыні.

Штодзень  https://t.me/shtodzien

Аўтар: Юліян Доўгабародаў

 

 

 

 

 

 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png