Аднойчы, нечакана для самога сябе, я зразумеў, што адным з самых моцных маіх уражанняў ад Польшчы сталася знаёмства з мясцовай добраахвотнай пажарнай службай, піша гісторык Яўген Малікаў у блогу Мова Гомель.
Калі едзеш па Польшчы аўтобусам ці аўтамабілем, часта бачыш на будынках надпіс “OSP”. Звычайна гэта будынкі, падобныя на пажарныя часткі – чырвонага колеру, некалькі вялізных дзвярэй. Пасля мне падказалі, што гэта сапраўды пажарная служба, а літары “OSP” гэта “Ochotnicza straż pożarna” – “Охотніча страж пажарна”, альбо ў перакладзе “Добраахвотная пажарная служба”.
У Польшчы дзве службы займаюцца супрацьпажарнымі работамі: “Państwowa straż pożarna” (PSP, “Дзяржаўная пажарная служба”) і “Ochotnicza straż pożarna” (OSP, “Добраахвотная пажарная служба”).
Добраахвотныя пажарныя службы ўзніклі яшчэ ў другой палове 1860-х гг. у розных частках Польшчы (якая на той час была падзелена паміж Расейскай, Аўстрыйскай і Германскай імперыямі). Гэта былі грамадскія аб’яднанні валанцёраў, якія ў вольны ад сваёй асноўнай работы час неслі пажарную службу. Такая форма валанцёрскай работы ў Польшчы праіснавала непарыўна на працягу ўсяго ХХ стагоддзя і паспяхова перайшла ў стагоддзе ХХІ.
Лагічна ўзнікае пытанне: калі ёсць дзяржаўная пажарная служба, дык навошта канкурыруючая недзяржаўная? Сучасныя прычыны для існавання такой добраахвотнай пажарнай службы тыя самыя, што і 150 год таму – пажары заўжды былі праблемай для ўсіх населеных пунктаў. І калі ў вялікіх гарадах дзяржава магла ўтрымліваць пажарныя службы, дык на ўтрыманне такой службы ў невялікіх гарадках і мястэчках грошай не было. Таму жыхары гэтых гарадкоў адказнасць за ўратаванне сваёй маёмасці ўзялі на сябе і самі ўтварылі такую службу, але добраахвотную – валанцёрскую.
Сучасная “Добраахвотная пажарная служба” ў Польшчы гэта высокаарганізаваная, матываваная і матэрыяльна забяспечаная грамадская арганізацыя, якая налічвае дзясяткі тысяч удзельнікаў па ўсёй краіне. Матэрыяльнае забеспячэнне ў татальнай большасці грунтуецца за кошт ахвяраванняў саміх жыхароў альбо мясцовых бюджэтаў, пры гэтым тэхнічная забяспечанасць у іх часам нават лепшая, чым у дзяржаўнай пажарнай службы. І, канешне ж, яны маюць не толькі свае пажарныя аўтамабілі, але і абсалютна сучасныя будынкі пажарнай часткі, якія часта з’яўляюцца і дадатковымі рэгіянальнымі цэнтрамі грамадскай актыўнасці, своеасаблівымі клубамі. Акрамя тушэння непасрэдна пажараў, “OSP” займаецца таксама і ліквідацыяй іншых надзвычайных здарэнняў – наступстваў урагану, паводкі, аўтамабільных аварый і іншых, уключна з ратаваннем каровы, што ўвалілася ў яму, ці ката, што не можа сам злезці з дрэва.
Па аповедах саміх пажарных-добраахвотнікаў, зараз іх служба арганізавана наступным чынам. У мястэчку, дзе ёсць аддзел “OSP”, у будынку пажарнай часткі ўвесь час на тэлефоне знаходзіцца дзяжурны, які прымае выклік. У выпадку паступлення сігналу ён аўтаматычна дасылае сігнал трывогі і кароткае апісанне здарэння на мабільны тэлефон усім удзельнікам добраахвотнай дружыны, якія ў гэты час спакойна займаліся сваімі асабістымі справамі дома ці на працы ў фірме. Тыя з пажарных, якія ў гэты час могуць пакінуць свае хатнія ці працоўныя справы праз 3-7 хвілін збіраюцца ў будынку пажарнай часткі і выязджаюць на выклік. Улічваючы, што сетка “OSP” значна больш шырокая, чым у дзяржаўнай службы, адпаведна і з’яўляюцца на месцы здарэння добраахвотнікі значна хутчэй, чым дзяржаўныя пажарныя.
За 100-150 гадоў існавання ў Польшчы добраахвотнай пажарнай службы ў яе выпрацаваліся наймацнейшыя традыцыі, фактычна нават культ пажарнага-добраахвотніка – служба ў “OSP” з’яўляецца вельмі шанаванай у грамадстве, своеасаблівай школай мужнасці для юнакоў і дзяўчат, прадметам мар маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак. Кожнае гарадское свята, урачыстасць і іншае мерапрыемства абавязкова суправаджаецца ўдзелам “OSP” – яны прысутныя і як ахоўнікі-выратавальнікі на масавым мерапрыемстве, так і актыўныя іх удзельнікі. Добраахвотныя пажарныя праводзяць курсы аказання першай дапамогі пацярпелым, паказваюць працу сваёй пажарнай тэхнікі і шмат чаго іншага. У шмат якіх людзей быць актыўным удзельнікам “OSP” – сямейная традыцыя.
Фактычна, пасля афіцыйных мясцовых уладаў (якія абіраюцца мясцовымі жыхарамі на прамых выбарах), добраахвотныя пажарныя з’яўляюцца другой па значнасці службай у сваім гарадку, гміне ці павеце. Разам з мясцовымі ўладамі яны з’яўляюцца арганізатарамі шматлікіх мясцовых святаў, конкурсаў і іншых мерапрыемстваў. Як сказала адна мая польская прыяцелька, “Калі мне трэба нешта арганізаваць у нейкай гміне, дзе я ніколі не была і нікога не ведаю, я знаходжу тэлефон “OSP”, прадстаўляюся і кажу, якая дапамога і навошта мне трэба. І не было ніводнага разу, каб “OSP” мне адмовіла. Яны вырашаюць усе пытанні. Вось таму дзеці нават ужо ў дзіцячым садку хочуць на іх быць падобнымі!”.
У сапраўднасці “OSP” з’яўляецца такой мінімальнай адзінкай грамадскай салідарнасці і актыўнасці на мясцовасці – нават калі ў якім забытым Богам мястэчку ці гміне няма ніводнай грамадскай арганізацыі, але там усё роўна абавязкова будзе “OSP”, у будынку якой будуць збірацца дзеці і іх бацькі, гэта такі абавязковы грамадскі клуб у паселішчы. Зразумела, што ў іх цудоўна наладжана асветніцкая праца са школамі.
Відавочна, што наяўнасць такой разгалінаванай сістэмы грамадскай (гэта значыцца не аплатнай з дзяржаўнага бюджэту) пажарнай службы дазваляе эканоміць краіне велізарныя сродкі – як на яе ўтрыманні, так і па выніках уратаваных ёю матэрыяльных каштоўнасцяў і вырашаных праблем. “OSP” у Польшчы — гэта цудоўны прыклад спеласці грамадства, яго здольнасці браць на сябе вырашэнне важных праблем, а таксама і даверу да грамадства з боку дзяржавы, якая не баіцца сваіх грамадзян, верыць ім і стымулюе іх да вырашэння розных пытанняў.
У канцы ХІХ стагоддзя падобныя добраахвотныя пажарныя дружыны ўзнікалі па ўсёй тэрыторыі Расейскай імперыі. Першая вольная пажарная дружына ў Беларусі ўзнікла ў 1872 г. у Віцебску, у 1876 г. у Мінску, у 1896 г. у Магілёве.
У 1896 г. падобная дабраахвотная пажарная дружына была заснавана і ў Гомелі. Яе кіраўніком доўгі час быў Іван Пятровіч Максімаў – дзейны стацкі саветнік, ганаровы міравы суддзя, гласны гарадской думы і павятовага земскага сходу, сакратар гомельскага педагагічнага савету. Як і іншыя пажарныя дружыны таго часу вольнае пажарнае таварыства і яго кіраўнік адыгрывалі значную ролю ў грамадскім жыцці Гомеля. У кнізе першага гомельскага гісторыка Льва Вінаградава (1900 г.) адзначана, што гомельскае вольнае пажарнае таварыства ў горадзе “… пользующееся симпатиями за свою разностороннюю деятельность”. Значную частку фінансавання таварыства атрымлівала за кошт разнастайных грамадскіх мерапрыемстваў, якія праводзіліся ў горадзе – вечары, гулянні, спартыўныя мерапрыемствы, але асноўная частка – з сяброўскіх складак саміх добраахвотных пажарных.
Сярод заўважных гарадскіх праектаў Гомельскага вольнапажарнага таварыства варта прыгадаць стварэнне імі ў 1902 годзе першага ў горадзе стадыёна – “Трэк вольнапажарнага таварыства” і грамадскага парка пры ім – “Максімаўскі сад” з летнім тэатрам з адкрытай сцэнай, якія былі аднымі з найпапулярнейшых месцаў адпачынку жыхароў дарэвалюцыйнага Гомеля. Гэта паказвае, што агульны накірунак развіцця грамадскага жыцця ў цэлым у Беларусі, і ў Гомелі ў прыватнасці, з некаторым спазненнем, але быў такі ж, як, напрыклад, у Польшчы таго ж часу. Аднак далейшыя гістарычныя падзеі пачатку ХХ стагоддзя абумовілі розны ход развіцця добраахвотных дружын Польшчы і Беларусі.
У міжваеннай Польшчы, якая аднавіла і адстаяла сваю незалежнасць, і пайшла па шляху буржуазна-дэмакратычнага развіцця, добраахвотныя пажарныя дружыны захаваліся і сталі важнай часткай развіцця традыцый самакіравання на мясцовым узроўні. Яны перайшлі ў ХХІ стагоддзе як важная і неад’емная частка мясцовых супольнасцяў для ўсіх рэгіёнаў краіны.
У савецкай Беларусі (і ў СССР у цэлым) пасля рэвалюцыі і грамадзянскай вайны адбывалася паступовае, але няўхільнае татальнае падпарадкаванне любых форм грамадскай актыўнасці дзяржаўным і партыйны структурам, што ў канечным выніку прывяло да поўнага адмірання добраахвотных пажарных дружын у 1930-х гг. І нават выданне ў 1945 годзе загаду Народнага Камісарыяту БССР аб арганізацыі на падпарадкаваных аб’ектах народнай гаспадаркі добраахвотных пажарных фарміраванняў не змагло ўдыхнуць жыццё ў памерлую справу. Добраахвотныя пажарныя дружыны ў Беларусі ў цэлым, і ў Гомелі ў прыватнасці, ужо не мелі таго грамадскага значэння, якое яны мелі на пачатку ХХ стагоддзя. Цяпер гэта былі выключна фармальныя дзяржаўныя грамадскія ўтварэнні, якія нават рэальна ўдзельнічаючы ў змаганні з агнём, усё роўна заставаліся пятым колам у возе дзяржаўнай пажарнай службы.
Дадзены выпадак развіцця добраахвотных пажарных каманд у розных краінах, якія на старце мелі аднолькавыя ўмовы, цудоўна ілюструе, як падзеі стагадовай даўніны і зроблены на іх аснове грамадскі выбар, і сёння аказваюць уплыў на якасць жыцця людзей нават праз векавы адрэзак часу.
Яўген Малікаў, гісторык, кандыдат мастацтвазнаўства