Гэтым разам нагодай для “добрай” з пункту гледжання “Рускага дома ў Гомелі” навіны стаў ад’езд беларускіх настаўнікаў на стажыроўку ў Расею.
І, нібыта, падача навіны не мае пад сабой нічога дрэннага, маўляў, настаўнікі рускай мовы і літаратуры паехалі ў Расею, каб даведацца больш пра культуру і мову, якую яны нясуць дзецям, бо руская мова – другая афіцыйная мова ў Беларусі.
Але “Штодзень” уважліва пачытаў пра тое, што яшчэ прадугледжваюць гэтыя самыя курсы павышення кваліфікацыі.
І вось што знайшоў. Аказваецца, настаўнікаў збіраюцца вучыць не толькі методыкам выкладання рускай мовы, але і “тэхніцы культурнай дыпламатыі, ідэалагічнаму выхаванню, інавацыйным педагагічным тэхналогіям”.
У якасці культурнай праграмы для педагогаў пазначаны, напрыклад, экскурсіі і паходы па музеях. Але калі пачынаеш чытаць яшчэ больш падрабязна, разумееш, на што менавіта накіравана гэтая культурная праграма. Да прыкладу, у ёй значыцца наведванне епархіі Рускай Праваслаўнай Царквы ў Гарадцы. Дастаткова крыху пагугліць, каб зразумець, што гэтая епархія актыўна падтрымлівае расейскіх вайскоўцаў, якія цяпер ваююць ва Украіне, збірае для іх гуманітарку і актыўна выказваецца з гэтай нагоды…
Але і гэта шчэ не ўсё. “Штодзень” паспрабаваў вывучыць гэтае пытанне яшчэ больш падрабязна, і высветліў, што падобнае “акультурванне і курсы павышэння кваліфікацыі” – выпадак далёка не першы.
Аказваецца, Віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі (а менавіта ён праводзіць курсы павышэння кваліфікацыі для педагогаў Віцебскай вобласці) заключыў дамову з “Акадэміяй Мінасветы Расеі”. І прадстаўнікі гэтай акадэміі ўжо прыязджалі ў наш педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, дзе таксама падпісалі дамову аб супрацоўніцтве. І не толькі з педуніверсітэтам імя М. Танка, а яшчэ і з Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі. І гэта значыць, што свой уплыў рускія маюць намер распаўсюдзіць не толькі на будучых настаўнікаў, але і на тых, хто вучыць беларускіх дзяцей цяпер.
Дарэчы, на сайце той самай “Акадэміі Мінасветы Расеі” чорным па белым прапісана, што пад метадычнай дапамогай педагогам маецца на ўвазе не толькі дапамога ў атрыманні навыкаў максімальна эфектыўнага выкладання прадметаў, але і аспектаў патрыятычнага выхавання — “засваення культурнай спадчыны народаў ва ўмовах сучасных выклікаў і лічбавай трансфармацыі, а таксама фарміравання грамадзянскай ідэнтычнасці”.
Словам, ад таго, якія “апрацаваныя і акультураныя” педагогі ў верасні прыйдуць вучыць беларускіх дзяцей, становіцца вельмі сумна.