Гомель – горад, у якім амаль няма балконаў

by homieldays

“Як гэта? – можа здзівіцца чытач. – Іх мае кожны дом”. Сапраўды, згодна з планам, кожны жылы будынак мае гэтыя кавалачкі вонкавай прасторы. Але ўладальнікі кватэр іх ашклілі, зашылі пластыкам, завесілі фіранкамі, а там, дзе магчыма, яшчэ і аб’ядналі з пакоем. У выніку балконы пераўтварыліся ў дадатковыя памяшканні з неакрэсленай назвай без доступу вольнага паветра.

Стракатая разнастайнасць гомельскіх балконаў
Стракатая разнастайнасць гомельскіх балконаў
Стракатая разнастайнасць гомельскіх балконаў
Стракатая разнастайнасць гомельскіх балконаў
Стракатая разнастайнасць гомельскіх балконаў

І гаворка не толькі пра старую забудову. Улічваючы густы насельніцтва, усе новыя дамы будуюцца з ужо ашклёнымі лоджыямі.

Гомель. Забудова апошняга дзесяцігоддзя

 

Такое стаўленне да балконаў уласціва, канешне ж, не толькі гомельцам. Падобным чынам сябе падводзіць насельніцтва Украіны, Расеі, хапае падобных прыкладаў, як ні дзіўна, і ў Вільні. Але ўжо ў суседняй (не кажучы пра больш далёкія заходнія еўрапейскія краіны) і вельмі блізкай беларусам па менталітэту Польшчы зусім іншы падыход.

Незашклёныя тэрасы ў новых дамах у Познані

 

Сучасная забудова ў Варшаве

 

Ашклёныя балконы і лоджыі сустракаюцца і тут, але ў мінімальнай колькасці. А адкрытая сонцу і свежаму паветру прастора выкарыстоўваецца для кветак і мэблі, якая дазваляе адпачыць з кубачкам кавы ці свежай прэсай у руцэ. Гэта не дадатковае месца для захоўвання безлічы рэчаў ці плантацыя таго, што пазней будзе пасаджана на лецішчы.

Незашклёныя балконы старога дома ў польскай сталіцы

 

Ці можна назваць тэндэнцыю ашклення балконаў шкоднай звычкай? Хутчэй так. Патлумачым чаму.

  • Ашклёны балкон губляе сваю асноўную функцыю – даць магчымасць падыхаць свежым паветрам без выхаду на двор.
  • Ужываюцца пераважна штучныя недаўгавечныя  матэрыялы, што спрыяе забруджванню навакольнага асяроддзя, ды й здароўя ўласнікам жылля не дадае.
  • Ашкленне балконаў там, дзе гэта не было прадугледжана праектам, парушае інсаляцыю памяшкання. У пакой патрапіць менш сонечных прамянёў, чым неабходна па санітарных нормах.
  • Стракатасць пераробленых балконаў псуе знешні выгляд дамоў і парушае гармонію праекта. І гэта не толькі справа густу. Калі штодня бачыш дысгармонію вакол сябе, пачынаеш адчуваць унутраную дысгармонію, і гэта стварае падмурак для розных праблем у арганізме.

Гарманічны выгляд дома з незашклёнымі балконамі па пр. Леніна

 

Калі аналізуеш усё гэта, непазбежна ўзнікае пытанне: адкуль узялася на постсавецкай прасторы такая звычка? Нельга тлумачыць гэта колькасцю квадратных метраў – у Еўропе незашклёныя балконы маюцца і ў невялікіх па плошчы кватэрах, часам нават больш падобных на нашыя “маласямейкі”, чым на нармальнае, паводле беларускіх крытэраў, жыллё. І клімат тут не мае значэння: у Польшчы надвор’е амаль такое ж самае. Магчыма, карані гэтай традыцыі, як і шматлікіх іншых нашых завядзёнак, варта шукаць у нашай гісторыі.

Імклівая ўрбанізацыя і невыносныя ўмовы жыцця на вёсцы, створаныя калектывізацыяй і іншымі памылковымі рашэннямі савецкай улады, прывялі да масавага пераезду сельскіх жыхароў у горад у другой палове ХХ ст. Пакуль змена месца жыхарства насіла адзінкавы характар, той, хто пераехаў у горад самастойна, быў вымушаны змяняць свой унутраны сусвет і станавіцца сапраўдным гараджанінам, каб не адрознівацца ад іншых.

З пабудовай вялікіх спальных мікрараёнаў, куды пачалі перасяляцца амаль цэлыя вёскі, неабходнасць ва ўнутранай трансфармацыі знікла – побач жывуць такія ж, як ты, асобы з вясковым менталітэтам. Перасяленец не адчуваў сябе чужынцам. Таму ніякай унутранай трансфармацыі не адбывалася. А значыцца, тысячы асоб сталі гараджанамі толькі па прапісцы, але не па светапоглядах. Яны не разумелі гарадскі лад жыцця, хай у падсвядомасці, але горад палохаў іх як незразумелая з’ява, ад якой, хаця б ва ўласнай кватэры, хацелася адгарадзіцца. І не псіхалагічнай, а сапраўднай фізічнай заслонай – шклом і фіранкамі. Каб максімальна аддзяліць сваю прастору ад гарадской, незразумелай і таямнічай.

Тыповы прыклад ашклёнага гомельскага балкона

 

Пры гэтым не пераўтварылася ў сапраўдных гараджан не толькі пакаленне дарослых, тое ж самае часткова адбылося іх дзецьмі і ўнукамі. Моцны маральна-этычны кодэкс, што бытаваў на вёсках, у горадзе не функцыянаваў. А да гарадской культуры перасяленцы так і не далучыліся. Значная частка насельніцтва апынулася нібыта ў нейкім пазакультурніцкім маргінальным гета і ў нейкім сэнсе знаходзіцца ў ім дагэтуль (лепшае сведчанне гэтаму – колькасць нецэнзурнай лексікі на вуліцах, хоць на традыцыйнай вёсцы гэтага не было). Таму і сёння дэ-юрэ гараджане ў трэцім ці чацвёртым пакаленні не з’яўляюцца гараджанамі дэ-факта і добраахвотна адгароджваюцца ад навакольнага асяроддзя.

На стабільнасць трэнду ашклення ўплываюць, канешне ж, і іншыя фактары. Напрыклад, актыўнае выкарыстанне ідэолагамі сентэнцыі “Вакол нас ворагі, што зайздросцяць нашай стабільнасці” не спрыяе фармаванню асоб, адкрытых сусвету.

Сваю ролю адыгрывае і адсутнасць у Гомелі прыкладаў добрай сучаснай архітэктуры. Частка насельніцтва робіць з балконаў пластыкавыя маўзалеі, бо наўпрост не ведае, што можа быць па іншаму.

Трэба адзначыць, што ў апошні час густы гомельцаў, хай і патроху, пачынаюць змяняцца. Калі год 10 таму незашклёныя балконы ў нашым горадзе можна было сустрэць у асноўным на цэнтральных вуліцах, дзе пасля капрамонту жыльцам забаранілі ўзводзіць “кібіткі”, то цяпер там-сям сустракаюцца ўтульныя балкончыкі з кветкамі, пакінутыя незашклёнымі па ініцыятыве ўласнікаў.

Утульны балкончык па вул. Пушкіна

 

Але самастойна працэс трансфармацыі густаў можа доўжыцца доўга. І адзіны спосаб яго паскорыць – узводзіць сучаснае якаснае жыллё, што дазволіла б гомельцам пабачыць на ўласныя вочы, зразумець і пераняць сучасныя ўрбаністычныя стандарты.

Штодзень

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png