Расейская вайна ва Украіне правакуе глабальны экалагічны крызіс

by ZB

Вайна — дэструктыўная сіла, якая б’е па розных сферах чалавечага жыцця. Навакольнае асяроддзе — адна з самых незаўважаных такіх сфераў. Сваімі ваеннымі агрэсіўнымі дзеяннямі Расея, а ў сваю абарону і Украіна, разбураюць экасістэмы, што трымаюць прыродны баланс усяго Еўрапейскага кантынента. Гэта каталізуе кліматычны крызіс, які становіцца ўсё большай і большай пагрозай для ўсяго чалавецтва.

Instagram: @yurii_horskyi

Кліматычны крызіс — гэта цяперашнія змены ў доўгатэрміновых тэмпературах і надвор’ях. І хаця сам факт дынамікі гэтых фактараў нармальны для нашай планеты, тыя маштаб і хуткасць, што мы назіраем сёння, — не.

Чаму гэта важна? Таму што кліматычны крызіс ставіць пад пагрозу ўсё чалавецтва. Болей экстрэмальных надвор’яў: ураганаў, навадненняў, землятрусаў, забіраюць жыцці людзей наўпрост. Болей нязвыкла высокіх ці нізкіх тэмператур (нават у 1°C) вынішчае асяроддзі пражывання арганізмаў з самага дна харчовых ланцугоў. Напрыклад, каралавыя рыфы генеруюць кісларод, забяспечваюць домам многіх марскіх абітальнікаў, а таксама абараняюць берагавыя лініі тым, што замаруджваюць хвалі. Не будзе рыфаў — не будзе марскіх абітальнікаў — не будзе людзей.

Instagram: @libkos

Згодна з даследаваннем медыярэсурсу Vox, хаця Украіна пакрывае толькі 6% еўрапейскіх земляў, яна ёсць домам для болей чым траціны біяразнастайнасці ўсяго кантыненту. Гэтая ўнікальнасць цяпер пад пагрозай: каля 35% ахоўных прыродных тэрыторый былі разбомбленыя, забруджаныя, спаленыя або іншым чынам пашкоджаныя ваеннымі манеўрамі. За апошні год Дзяржаўнае агенцтва лясных рэсурсаў Украіны задакументавала ў 78 раз болей пажарных інцыдэнтаў, чым летась. Як мінімум 14 Рамсарскіх аб’ектаў (водна-балотных угоддзяў міжнароднага значэння) знаходзяцца пад пагрозай знішчэння. Болей за 900 запаведнікаў знаходзяцца ў небяспецы.

У дадатак, вынішчаюцца і дасягненні Украіны ва ўстойлівым развіцці. Найбалючы прыклад: Запарожская атамная станцыя. Да вайны яна генеравала каля 20% усёй энергіі ў краіне. Разам з яе захопам з’явілася дзве пагрозы: пераход на іншыя, няўстойлівыя крыніцы энергіі (які часцей стаў выяўляецца ў сувязі з сістэмнымі расейскімі атакамі на УкрЭнерга) і пагроза ядзернага выбуху. Варта адзначыць, што апошняя пагроза залежыць не толькі ад расейскай прысутнасці каля аб’екту, але і ад іншых атак на навакольнае асяроддзе. Так, менавіта воды нядаўна разбуранага Кахоўскага вадасховішча выкарыстоўваліся для ахалоджання рэактараў станцыі.

Па падліках Украінскага Ураду, цана усёй шкоды навакольнаму асяроддзю ўжо складае 51 мільярд долараў.

З пункту гледжання палітычнае стратэгіі такі прыём расейскіх атак называецца трансгрэсіўным узбраеннем: калі пэўныя мірныя рэчы (напрыклад, навакольнае асяроддзе) выкарыстоўваюцца на карысць атрымання перавагі ў ваенным канфлікце. Свядома ці не, расейская агрэсія выбудоўвае структурны гвалт. Сістэмна атакуючы ўкраінскія ахоўныя зоны і энергетычныя аб’екты, Расея стварае ланцуговую рэакцыю пашкоджанняў: як для людзей тут і цяпер, так і для навакольнага асяроддзя на доўгія гады ўперад. Пашкоджанні экалогіі маюць настолькі вялікі, доўгатэрміновы і мульцікомплексны характар, што некаторыя эксперты прапаноўваюць тэрмін “экацыд”.

Спецыфіка шкоды навакольнаму асяроддзю заключаецца ў тым, што вырашэнне экалагічных праблем для Украіны не займае прыярытэтныя пазіцыі. Правядзенне ваенных аперацый і абарона цывільных забірае асноўныя рэсурсы. Як заявіла эка-экспертка ўкраінскай грамадскай арганізацыі “Екодія” Оксана Омельчук рэсурсу Politico: “Вельмі цяжка гаварыць пра ратаванне іншых відаў, калі людзі, якія мусяць гэта рабіць, самі знаходзяцца ў небяспецы”.

Жыхары Херсону спрабуюць ратаваць сваіх хатніх гадаванцаў. Фота: Яўген Малалетка / Instagram

Нягледзячы на цяжкасць сітуацыі, Украіна і іншыя дзяржавы-хаўрусніцы спрабуюць рабіць захады на выпраўленне сітуацыі. Напрыклад, Украіна стала першай дзяржавай, што не з’яўляецца часткай ЕЗ, якая ўступіла ў праграму фінансавае падтрымкі навакольнага асяроддзя LIFE. Таксама Еўракамісія анансавала €7 мільёнаў падтрымкі для Украіны ў ахове навакольнага асяроддзя ў межах “Феніксавай ініцыятывы”. Вядуць працу шматлікія назіральныя групы: ад лакальных дзяржаўных да ААН.

Разам з тым грубая сіла вайны непрапарцыйна пераважвае гэтыя высілкі. Паводле інфармацыі Deutsche Welle, выкіды вуглякіслага газу ў атмасферу ў першыя дванаццаць месяцаў вайны ва Украіне параўнальныя з гадавымі выкідамі Бельгіі (у 2019 годзе гэтая краіна была на сёмым месцы па велічыні выкідаў у ЕС). Пашкоджанні водных крыніц і сельскагаспадарчых зямель правакуюць сусветны крызіс харчовай бяспекі.

У дадатак да матэрыяльнай шкоды, развязваннем вайны і пагрозай ужывання атамнай зброі Расея набыла сабе статус дзяржавы-ізгоя і выключыла сябе з глабальнай супольнасці. Нават такая ўмоўная і палітычная падзея таксама становіцца каталізатарам кліматычнага крызісу. Расея займае чацвёртае месца ў спісе дзяржаў з найвялікшымі выкідамі парніковых газаў, а таму яе энергетычныя рашэнні граюць ключавую ролю ў запавольванні глабальнага пацяплення. Пагоршаныя дыпламатычныя стасункі Расеі з большасцю дзяржаў моцна стрымлівае глабальнае супрацоўніцтва ў вырашэнні глабальнай праблемы.

Дакладна прадказаць кліматычныя наступствы ад пашкоджанай вайной экалогіі складана. Аднак, нават маючы дасяжную інфармацыю, можна сказаць, што вайна ва Украіне моцна ўплывае на глабальны кліматычны крызіс. Выкіды газу, якія дзейнічаюць як ланцуговая рэакцыя, далучаюцца да глабальных выкідаў і ўзмацняюць дысбаланс глабальных тэмператур, а парушаныя экасістэмы на ўкраінскіх землях чапляюць суседнія сістэмы ва ўсім кантыненце. Такім чынам, у межах вайны гэта працуе як штучная зброя: Расея выкарыстоўвае паўзучую экалагічную шкоду ў сваіх ваенных мэтах.

Штодзень
Аўтар: выпускніца Каледжу Аб’яднанага Свету Паўднёва-Ўсходняй Азіі Ангеліна Себік

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png