Шматпакутнага Валатазаўрыка зноў вярнулі ў Валатаўское возера

by ZB

Падзея ўжо абрасла жартамі і прышпіламі – гомельцы спадзяюцца, што сёлета плаcтыкава-металічны шасціметровы плезіязаўр не сплыве і не патоне.

Той самы Валатазаўрык на гомельскім возеры «пасяліўся» яшчэ ў жніўні мінулага года. “Штодзень” тады падрыхтаваў грунтоўны тэкст пра тое, што не так з валатаўскім цмокам.

Паводле звестак у дзяржаўных СМІ, ідэя стварэння кампазіцыі належала маленькай дзяўчынцы па Аліне. Нібыта яна сама патэлефанавала на прамую лінію кіраўніку адміністрацыі Цэнтральнага раёна і распавяла пра тое, што нядаўна паглядзела фільм “Мой хатні дыназаўр” пра прыгоды хлопчыка Ангуса, які жыў на беразе возера Лох-Нэс. Уладам ідэя спадабалася і яны аддалі яе ўвасабленне ў рукі прыватнай фірмы, якая і ўзяла на сябе фінансавыя выдаткі.

У выніку скульптуру зрабілі з металічнага каркаса, на які пластамі нанеслі адмысловы пластык. Зрабілі гэта з мэтай прадухілення з’яўлення іржы ды акіслення ў вадзе, а самая цяжкая частка, галава, была створана з элементамі бетону. Абапал ад істоты размясцілі вялізныя бакі, якія павінны былі выконваць ролю паплаўкоў, якія б не дазвалялі аб’екту перакуліцца. А каб канструкцыя нікуды не сплыла, да дна возера яе “надзейна” прымацавалі ланцугамі, але на справе “Валатазаўрык” пайшоў на дно амаль адразу пасля ўсталявання, умомант стаўшы мемам.

На зіму Валатазаўрыка з возера прыбралі. І вось днямі ён зноў з’явіўся на Валатаўскім возеры. Цяпер жыхары раёна ды і ўсяго горада робяць ледзьве не стаўкі з нагоды таго, якія яшчэ прыгоды чакаюць нашумелага ў горадзе плезіазаўра гэтым летам.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png