Ілля Міронаў: «За апошнія сем месяцаў адседзеў ужо пяць разоў, але ад сваіх прынцыпаў адступаць не збіраюся»

by ZB

«З усімі гэтымі адседкамі, скаргамі, хаджэннямі па судах амаль два гады не быў на лецішчы. Вось толькі сёння бульбу дабраўся пасадзіць», – стараецца бадзёрыцца і заставацца аптымістам гомелец Ілля Міронаў. Пасля апошняй яго адседкі прайшло некалькі дзён. За ўвесь гэты час мужчына так і не змог заснуць. Па здароўі ўсё гэта, вядома ж, б’е, але адступаць ад сваіх прынцыпаў ён не збіраецца. Кажа: «Сам заўсёды імкнуся прытрымлівацца закону, і ад іншых хачу таго ж. Перад законам усе роўныя, незалежна ад пасады і становішча».

Гэтым разам, як зрэшты і ў большасці папярэдніх разоў, Іллю Міронава затрымалі пасля прафгутаркі, на якую актывіста выклікалі ў Савецкі АУС Гомеля.

«У канцы мінулага года, гэта было 24 кастрычніка, я выйшаў на волю з СІЗА-3, і пасля гэтага амаль кожны месяц мяне выклікаюць на такія гутаркі, – пачынае аповед пра абставіны свайго затрымання мужчына. – Так было і гэтым разам. 10 траўня пасля абеду мне патэлефанавалі з міліцыі і запрасілі ў АУС».

Апошнім часам мужчына напісаў шмат скаргаў на прапагандыстаў і супрацоўнікаў міліцыі, таму прыкладна разумеў, што гэты візіт у АУС, хутчэй за ўсё, скончыцца затрыманнем. Пятым, дарэчы, за апошнія сем месяцаў. У аддзяленне АУС Ілля прыйшоў адразу з рэчамі, якія клапатліва сабрала яго маці.

«Страшна не было. Да таго ж я і сам хацеў з імі пагаварыць аб пагроме маёй кватэры, які яны зладзілі ў сакавіку гэтага года без усялякіх санкцый і пратаколаў. Бегчы і хавацца нікуды не збіраўся, бо нічога супрацьпраўнага не здзяйсняю нават у думках. Хоць сотні маіх сяброў напярэдадні і раніцай у дзень затрымання настойвалі на тым, каб я з’ехаў, – успамінае Ілля. – Я ведаю, што ўсе яны за мяне вельмі хвалююцца. І вельмі ўдзячны за гэтую падтрымку. Асабліва ўдзячны сваёй маці. Яна ў мяне лепшая ў свеце, я б нават сказаў святы чалавек. Столькі вытрываць за апошнія некалькі гадоў, як яна, не кожны зможа».

«Я для іх – як костка ў горле»

Калі актывіст з’явіўся ў міліцыю на тую самую прафгутарку, яму паказалі паперу з галоўнай управы ГУБАЗа, дзе было напісана, што падчас маніторынгу яго сацыяльнай сеткі ў Facebook, была знойдзеная спасылка на экстрэмісцкую супольнасць. Са слоў Іллі Міронава, гэтая супольнасць сапраўды была прызнаная экстрэмісцкай яшчэ ў жніўні 2021-га.

«Але ў мяне не было ні падпісак, ні рэпостаў, нічога. Я ўжо даўно ад усяго адпісаўся. Але вось лайк дзесьці паставіў. Магчыма, нават выпадкова, і яшчэ да таго, як гэтая суполка ў Facebook была прызнаная экстрэмісцкай. Але, вось знайшлі. І гэта не дзіўна, бо я пакідаў скаргі на супрацоўнікаў аддзялення, якія, на мой погляд, незаконна правялі ператрус маёй кватэры; на праўладных прапагандыстаў – Андрэя Мукавозчыка, Рыгора Азаронка; на дзяржСМІ – «СБ», «СТБ» і праўладны ТГ-канал «Жоўтыя слівы». Дарэчы, гэта ўжо не першы выпадак, калі ў дачыненні да мяне ладзіцца інфармацыйнае цкаванне з паклёпам і абразамі. І ўсё гэта праз маю грамадскую дзейнасць, якая ім, мабыць, як костка ў горле», – дзеліцца сваімі думкамі Ілля.

Са слоў гомельца, адзін з тых людзей, якія ў той дзень быў у АУС, быў і на іншых яго затрыманнях.

«Нічога, культурна пагутарылі. Я заўсёды, дарэчы, размаўляю з імі спакойна, – усміхаецца. – Паказалі мне гэтую паперу з ГУБАЗа, склалі пратакол, але на рукі мне яго так і не выдалі. Пры гэтым у пастанове суда значыцца, што я яго атрымаў. Гэта грубае парушэнне заканадаўства. Ну што ж, прыйдзецца зноў атрымліваць копію пратаколу праз суд і самому ж за гэта заплаціць грошы».

У тым жа пратаколе ў дзень затрымання Ілля Міронаў уласнаручна напісаў, што з тэкстам пратаколу ён не згодны, і што сваёй віны ў поўным аб’ёме ён не прызнае. Таму што той самы лайк, за які яго нібыта затрымалі, актывіст не лічыць адміністрацыйным правапарушэннем. Больш за тое, яму той лайк не паказалі, а са слоў так званых праваахоўнікаў, паставіў яго Міронаў яшчэ да таго, як інтэрнэт-супольнасць была прызнаная экстрэмісцкай.

«На маім тэлефоне ніякіх дадаткаў на момант майго затрымання не было. Таму супрацоўнік міліцыі зайшоў у той тэлеграм-канал са сваёй прылады, але лайк не паказаў. Сказаў, што шукаць яго – гэта мая задача і праблема. Я не прызнаў факт правапарушэння, таму што лічыў, што яго няма», – удакладніў Міронаў.

«Суд доўжыўся хвілін пяць, не болей»

Пасля затрымання Іллю Міронава адвезлі ў Гомельскі ІЧУ. Са слоў актывіста, у камеры былі «матраснікі» – гэта тыя, каго затрымалі не па палітычных артыкулах, і, значыцца, матрацы ім выдаюць. Гэтак жа, як і пасцельную бялізну, ежу, магчымасць паліць у камеры. У адрозненне ад такіх, як сам Ілля (палітычных – Рэд.). Яму ні матраца, ні іншых магчымасцяў прадугледжана не было.

«Запомнілася, што ў адрозненне ад папярэдніх адседак, у камеры было шмат камароў», – акцэнтуе актывіст. Да абеду яго даставілі ў суд Савецкага раёна Гомеля. Туды ж, каб падтрымаць сына, прыехала і маці Іллі Міронава. Але яе ўвялі ў зман. Сказалі, што суд будзе пасля абеду, і, дачакаўшыся, калі яна сыдзе, адвялі Іллю на суд.

«Маю справу, а таксама справы двух іншых затрыманых за распіццё спіртных напояў мужчын, разглядаў суддзя Каўбеня. Раней ён мяне ўжо судзіў, таму я рыхтаваўся да вышкі – то бок да 15 сутак. Суд доўжыўся хвілін пяць. Падчас яго я таксама падкрэсліў, што не згодны з пратаколам, віну не прызнаю, а тэлефон не можа быць сродкам здзяйснення правапарушэння, таму што я набыў яго толькі месяц таму, а той лайк быў пастаўлены нібыта два гады таму. У выніку далі 10 сутак арышту. Апеляцыйную скаргу з нагоды гэтага рашэння падаў амаль адразу ж. Напісаў, пакуль чакаў пастановы суда, і падаў у канцылярыю», – распавёў гомелец.

«Сядзеў з добрымі людзьмі»

Ілля Міронаў распавёў пра ўмовы ўтрымання ў ІЧУ:

«Людзей стала больш. Замест 4-х чалавек у камеры было 5, але гэта было толькі пасля суда. Неўзабаве пасля гэтага мяне адвезлі ў Гомельскі ІЧУ. Там, дарэчы, з моманту маёй апошняй адседкі (у сакавіку гэтага года Ілля правёў там 28 сутак) амаль нічога не змянілася. Змясцілі ў двухмесную камеру, дзе на той момант ужо трымалі траіх чалавек. Я быў чацвёртым. Але артыкул ва ўсіх быў адзін і той жа – ч. 2 арт 19.11 КаАП РБ («Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць»)».

Як распавёў, мужчына, сіл і энергіі яму ў тыя дні надала добрая навіна. Тады Ілля Міронаў даведаўся, што на чатыры месяцы раней на волю выйшаў Рамуальд Улан, які адбываў свой тэрмін побач на «хіміі» ў ПУОТ-17.

Фота: ФБ-старонка Рамуальда Улана

Даведка «Штодзень»

Рамуальд Улан – палітвязень, былы ўладальнік і галоўны рэдактар «Новай газеты Смаргоні». У пачатку 2021 года мужчыну прысудзілі 2,5 года «хіміі» па справе аб паклёпе ў дачыненні да міліцыянтаў (арт.188 КК). Улана затрымалі 26 верасня 2020 года. Да гэтага ў Смаргоні былі расклееныя ўлёткі са звесткамі міліцыянтаў, якія, на думку аўтараў улётак, ілжэсведчылі на судах.

Па словах Іллі Міронава, людзі з ім у камеры сядзелі добрыя.

«Іншага і не магло быць, – запэўнівае. – У турмах і на сутках цяпер сядзяць самыя прыстойныя людзі краіны. Умовы ўтрымання былі стандартныя для палітычных: у душ за ўсе 10 дзён так і не зводзілі, хоць павінны раз на 7 дзён; перадачу ад мамы прынялі толькі адзін раз. Трошкі сала і печыва, і тыя аддалі з умовай, што з’есці я іх павінен за 25-30 хвілін пасля атрымання, інакш ўтылізуюць. Нават маленькі ручнік узяць не дазволілі.

У камеры было шмат камароў. Блашчыц штук па 10 за суткі ціснулі. За час адседкі памяняў некалькі камер. У адной хаця б неяк можна было рухацца. У другой – усё ўпрытык. Ужо пад канец, на пад’ёме і адбоі супрацоўнікі ўрубалі гімн Беларусі (раней такога не было), але радыё на працягу сутак было адключана. Харчаванне было стандартна дрэнным. Але калі ў сваю мінулую адседку я трымаў галадоўку 12 дзён і спакойна яе перанёс толькі на вадзе з-пад крана, то гэтым разам усё ж еў, але выключна праз тое, што прымаю лекі, якія прапісаў доктар, і якія нельга прапускаць». 

Дарэчы, 10 сутак знаходжання на Гомельскім ІЧУ абышліся актывісту ў 148 рублёў. Квітанцыю аб аплаце яму выдалі адразу пасля адседкі.

«Прадузятага стаўлення з боку персаналу гэтым разам пры праверцы не было. Ужо там у ІЧУ прыязджаў нейкі супрацоўнік, запаўняў стандартную анкету і чамусьці пытаўся, як да ўсяго, што са мной адбываецца, ставяцца мае родныя. Адказаў, як ёсць – з боку родных у мяне поўная падтрымка, у нас агульныя погляды і грамадзянская пазіцыя». 

На думку Іллі Міронава, мэтай яго арышту было напалохаць іншых людзей. Тых, хто, магчыма, задумваецца займацца грамадскай дзейнасцю. Каб людзі сядзелі дома і баяліся. Адступаць ад сваіх поглядаў гомельскі актывіст намеру не мае. Наадварот. Гэты арышт толькі надаў яму сіл, энергіі і жадання працаваць яшчэ больш эфектыўна.

«Адстойванне сваіх канстытуцыйных правоў і нашай грамадзянскай супольнасци! Барацьба з хамствам і невуцтвам! За дабро і пазітыў! Без крывадушнасці і хлусні! – апісвае свае каштоўнасці і мэты Ілля Міронаў. – Мяне так мама выхавала ў дзяцінстве, кніжкі і людзі, з якімі мяне звёў лёс, якія сфармавалі мяне як асобу і знаёмствам з якімі я ганаруся. Веру, што ўсе палітвязні, якія цяпер знаходзяцца на «хіміях», у лагерах і ізалятарах як мага хутчэй апынуцца ў коле сваіх родных і блізкіх. Усё будзе добра, я гэта ведаю».

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png