Адзін з галоўных хітоў 1940-х быў напісаны не савецкімі кампазітарамі, а амаль невядомым для сённяшніх беларусаў польскім дырыжорам і кампазітарам ЕЖЫ ПЕЦЯРСБУРСКІМ (Jerzy Petersburski).
Ежы Пецярсбурскі паходзіў з сям’і прафесійных музыкаў. Атрымаў кансерваторскую адукацыю. На пачатку 1920-х ягоны талент заўважыў Імрэ Кальман, ён і параіў Пецярсбурскаму пісаць эстрадныя кампазіцыі. Разам са стрыечнымі баратамі Генрыхам і Артурам Голдамі малады кампазітар стварае джазавы калектыў, які хутка набывае папулярнасць. У міжвенны час пад танга Ежы “Ostatnia niedziela” (у савецкім варыянце “Утомлённое солнце”) і “Tango milonga” (на захадзе больш вядомае як “Oh, Donna Clara”) танчыла ўся Еўропа.
У 1939 г. Пецярсбурскі апынуўся тэрыторыі, што адышла да СССР, дзе ўзначаліў створаны з былых польскіх грамадзян Дзяржаўны джаз-аркестр Беларускай ССР (пазней статус Дзяржаўнага джаз-аркестра БССР быў перададзены калектыву Эдзі Рознера, пра якога “Штодзень” пісаў раней: “Белы Армстранг”. Эдзі Рознэр: жыццё ад Берліна – да Гомеля).
Падчас гастроляў 1940 года ў Беластоку ўночы музыкі бавіліся гульнёй у покер. Тады і нарадзілася мелодыя, вядомая зараз кожнаму. А вось наконт таго, як быў створаны тэкст, звесткі супярэчлівыя.
Польская версія базіруецца на ўспамінах Станіслава Ляўдана (Stanisław Laudan), першага выканаўцы “Блакітнай хустачкі”. Па словах Ляўдана, той самай ноччу ён сам стварыў першапачатковы тэкст (па-польску), у якім апісаў расставанне мужчыны і кабеты з вачыма, блакітнымі, як хустачка, што ахінала яе плечы. Затым адразу ж учатырох (Ляўдан, Пецерсбурскі і яго стрыечны брат Генрых Голд, а таксама Кватр, шэф таварыства музыкаў Беластока, у чыім доме і адбывалася імпрэза) пераклалі тэкст на рускую мову.
У тых жа ўспамінах (былі выданыя ў 1957 г.) Ляўдан пісаў: “Дагэтуль пад нашую песню маршыруюць жаўнеры Чырвонай арміі, але падобна, што яны нават не ўяўляюць, што кампазіцыя была створана палякамі”.
Згодна з савецкай версіяй, паэт Якаў Галіцкі пачуў мелодыю ў выкананні аркестра Пецярсбурскага на канцэрце ў Маскве, хутка накідаў тэкст, знайшоў кампазітара ў гасцініцы. Музыка тэкст прыняў, але параіў крыху дапрацаваць. Праз пару дзён тэкст быў гатовы, і на чарговым канцэрце песню выканаў Станіслаў Ляўдан.
Так ці інакш, песня хутка стала хітом, яе гралі на канцэртах, пад яе кружылі вальсы на танцпляцоўках па ўсім саюзе. Таму нічога дзіўнага, што адразу пасля 22 чэрвеня 1941 года з’яўляецца некалькі варыянтаў тэкстаў да папулярнай мелодыі. Самы вядомы – аўтарства Барыса Кавалёва “Двадцать второго июня ровно в четыре часа…”
Песню “Блакітная хустачка” можна пачуць на розных мовах. Напрыклад, па-французску (Le chale bleu) і па-гішпанску (El pannelo azul). Пры гэтым найбольш вядомы польскі варыянт напісанай палякамі песні паўстаў толькі ў 1968 г. На відэа — песня “Blękitna chusteczka” ў выкананні Ежы Паломскага (Jerzy Połomski).
Чаму кожны ведае мелодыі “Блакітная хустачка” і “Стомленыя сонцам”, але амаль ніхто не чуў пра Ежы Пецярсбурскага? Адразу, як стала магчыма, кампазітар уступіў у польскую армію Андэрса і ў 1942 годзе пакінуў СССР. Жыў у Лацінскай Амерыцы да 1967 г. і толькі потым вярнуўся на радзіму, у Польшчу. Падобна, што такое жыццё лічылася занадта буржуазным, таму імя музыкі было “забыта” ў савецкія часы.